Новости Слуцка и Слуцкого района

Яны сваю службу за подзвіг не лічаць

19.01.2023
Прафесіяналізм, адвага, гонар. Гэтымі словамі можна ахарактарызаваць звычайныя працоўныя будні пажарных.

Як мага хутчэй аказаць дапамогу людзям, якія трапілі ў надзвычайную сітуацыю, – гэту задачу даводзіцца вырашаць ратавальнікам.

Начальнік змены пажарнай аварыйна-ратавальнай часці №2 Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях капітан унутранай службы Аляксандр Федаровіч адразу пасля школы працаўладкаваўся ў раённае аддзяленне па надзвычайных сітуацыях на Гомельшчыне: параіў бацька сябра. Праз год паступіў у камандна-інжынерны інстытут ведамства. За 22 гады прайшоў шлях ад радавога да начальніка змены.

– Многія лічаць, што да працы вогнеборцаў як нельга лепш падыходзіць старая прыказка: «салдат спіць, а служба ідзе». Аднак гэта – вялікая памылка, – адзначае Аляксандр Валянцінавіч. – У ратавальнікаў усё распісана па хвілінах.

Змена пачынаецца ў 8.00, але на самой справе байцы прыходзяць у часць крыху раней – трэба пажарную апаратуру ў калег прыняць, а камандзірам прыём і здачу дзяжурства аформіць. 

Калі тэхніка і спецабсталяванне правераны, аддзяленні размеркаваны па пажарных машынах, дзяжурныя па нарадах,  байцы садзяцца за парты. Узнавіць правілы аказання першай медыцынскай дапамогі пацярпелым ніколі лішнім не будзе. Вялікая ўвага надаецца і фізічнай падрыхтоўцы. Для гэтага ў кожнай ратавальнай часці абсталявана міні-трэнажорная зала.

Акрамя гэтага, вогнеборцы рэгулярна праводзяць тэхабслугоўванне машын і выратавальнага абсталявання, адпрацоўваюць дзеянні разлікаў па тушэнні пажараў. Да прыкладу, працу ў газадымаахоўным лабірынце, калі з залепленым шчытком трэба прайсці па ім. Праходзяць і пажарна-тактычныя вучэнні, на якіх задзейнічаны ўвесь асабовы састаў часці.

– Кожны ратавальнік атрада мае мноства навыкаў і валодае некалькімі спецыяльнасцямі, – расказвае Аляксандр Валянцінавіч. – Ёсць і альпіністы, і тыя, хто працуе з гідраўлічным інструментам, хто праводзіць газавыратавальныя работы.

На пытанне які выпадак запомніўся больш за ўсё, вогнеборац адказвае, з выратаваннем людзей.

– Толькі ў мінулым годзе нашай змене ўдалося вывесці з агню траіх чалавек на двух пажарах і яшчэ аднаго дэблакіраваць з аўтамабіля пасля ДТЗ, – адзначае ратавальнік. – Ну і, вядома, у памяці застаюцца многія здарэнні.

Кажуць, самая забабонная прафесія – медыкі. Аднак і ў пажарных ратавальнікаў нямала прыкмет, напрыклад, яны ніколі не развітваюцца, не жадаюць добрай ночы.

– Асабіста для мяне змена на 4 чысло прыносіць нейкія непрыемнасці, – дзеліцца Аляксандр. –Як прыклад, 4 студзеня змена выязджала на тушэнне пажару, дзе намі быў знойдзены загінулы гаспадар кватэры.
Аляксандр Валянцінавіч разважае: 

– Калі бачыш, як людзі пакутуюць і перажываюць, усё астатняе сыходзіць на другі план. Пасля змены прыходзіш дадому, бачыш, што ўсе твае блізкія жывыя і здаровыя, і гэта – самая галоўная каштоўнасць.

За 2022 год на тэрыторыі Слуцкага раёна адбыўся71 пажар (у 2021 – 79). У агні загінула 8 чалавек (10), на пажарах выратавана 3 чалавекі, у ДТЗ – 5.

Асноўныя прычыны пажараў: парушэнне правілаў мантажу і эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання (25); парушэнне правілаў пажарнай бяспекі, звязаных з пячным ацяпленнем (21); неасцярожнае абыходжанне з агнём (18).

Ірына ШАБАШАВА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения