Новости Слуцка и Слуцкого района

Ехалі ў рэйд, а трапілі на пажар

11.04.2019
З надыходам цёплых вясновых дзянькоў праблема палу травы становіцца асабліва актуальнай.

У мэтах папярэджання пажараў па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём пры спальванні сухой расліннасці работнікі Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях рэгулярна праводзяць рэйдавыя мерапрыемствы. У чарговы раз са старшым інспектарам аддзела грамадзянскай прапаганды і навучання Слуцкага РАНС Дзмітрыем Шчарбачэнем адправілася карэспандэнт «Слуцкага краю».




Першае вогнішча мы заўважылі ў вёсцы Івань. Мясцовы жыхар спальваў нешта на ўчастку паблізу поля з сухой травой. Побач, праўда, стаялі граблі і рыдлёўка. З аднаго боку трава ўжо пачынала гарэць, але пільны мужчына прыбіў агонь рыдлёўкай.

– А што такое? – не разумеў гаспадар. – Усе паляць, у вёсцы так усё жыццё ад смецця пазбаўляліся! Вы не турбуйцеся, я ж побач стаю, кантралюю.

Уручыўшы мужчыну памятку з правіламі пажарнай бяспекі, Дзмітрый Шчарбачэня нагадаў аб  захаванні патрэбных мінімальных адлегласцяў ад вогнішча да будынкаў (10 м), лясных масіваў (20 м) і скірд сена і саломы (30 м). Расказаў і аб адказнасці за выпальванне сухой расліннасці і развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах, прыводзіў трагічныя прыклады.

Далей мы рухаліся ўбок Танежыц. Звярнуўшы на дарогу ў Машчыцы, мы ўбачылі слуп агню. На шчасце, гарэў не дом, як мне здалося спачатку, а агарод. З-за ветру полымя распаўсюджвалася прама на вачах, уздоўж краю агню мітусіліся мужчына і жанчына ў гадах, гора-гаспадары ўчастка.

Дзмітрый Шчарбачэня  набраў 101 і кінуўся на барацьбу са стыхіяй.

Агонь усё бліжэй падбіраўся да гаспадарчай пабудовы, а літаральна праз дом на ганку сядзелі людзі і раўнадушна назіралі за «шоу».

Прыбыў разлік РАНС, агонь патушылі.

Як патлумачылі гаспадары гарэўшага ўчастка, яны вырашылі пасмажыць шашлык у спецыяльна адведзеным для гэтага месцы. Недалёка ад яго мазоліла вочы куча смецця…

– Не ўяўляем, як так атрымалася, – уздыхае мужчына. – Ніколі такога не было. Тушыць пачалі адразу ж, але з-за ветру не змаглі справіцца.

На пытанне, чаму не выклікалі ратавальнікаў, мужчына і жанчына толькі паціскаюць плячыма. Разгубіліся.

Цяпер «падпальшчыкам» пагражае штраф ад 40 да 50 базавых велічынь. Пасмажылі шашлык…

Паважаныя случчане, будзьце асцярожныя з агнём, не дапусціце трагедыі,  беражыце сябе і сваіх блізкіх!

Ірына МАЛЯЎКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения