Новости Слуцка и Слуцкого района

25 ліпеня – Дзень пажарнай службы

24.07.2018
25 ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень пажарнай службы, супрацоўнікі якой штогод ратуюць тысячы  людзей. Чым сёння жыве пажарная служба Случчыны,  даведалася карэспандэнт «Слуцкага краю».

Пра гэта расказаў начальнік Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Леанідавіч Ліхадзіеўскі:
– У першым паўгоддзі 2018 года ў раёне было зарэгістравана 38 пажараў. У агні загінулі 5 чалавек, выратаваны 4. Варта адзначыць, што трое з загінулых знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення.

Найбольшая колькасць пажараў адбылася па прычыне парушэння правілаў эксплуатацыі печаў, цеплагенерыруючых агрэгатаў і прылад – 13 выпадкаў; неасцярожнага абыходжання з агнём – 12 выпадкаў; парушэння правілаў правядзення і эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання – 6 выпадкаў; падпалы – 2.

Вялікая ўвага надаецца прафілактыцы пажараў. У гэтым плане хацелася б адзначыць цеснае ўзаемадзеянне са Слуцкім райвыканкамам, сельвыканкамамі, міліцыяй і іншымі службамі. Выязджаем у сумесныя рэйды, цяпер, у перыяд нарыхтоўкі кармоў, уборачнай кампаніі, часта бываем у сельскагаспадарчых арганізацыях. Праводзім маніторынгі, нагадваем правілы пажарнай бяспекі. Вялікая ўвага надаецца выкананню супрацьпажарнага рэжыму.

Немалы акцэнт робіцца на дзіцячую бяспеку, асабліва ў летні перыяд. Кожную змену нашы спецыялісты наведваюць дзіцячыя аздараўленчыя лагеры. Праводзім гутаркі і паказ спецтэхнікі ў дзіцячых садах. У вучэбны перыяд у міні-цэнтры бяспекі пры Слуцкім РАНС кожны тыдзень праходзяць заняткі з навучэнцамі ўстаноў адукацыі раёна.

Многа мерапрыемстваў праводзім са школьнікамі. Па выніках раённага этапу агляду-конкурсу «Выратавальнікі вачыма дзяцей» некаторыя работы былі накіраваны на абласны этап, дзве (СШ №12 і Сяражскай СШ) занялі прызавыя месцы. Каманда СШ №10 імя С.Ф. Рубанава заняла першае месца ў раённым фестывалі КВЗ «Таленавітая моладзь таленавітая ва ўсім» і прадстаўляла наш раён на занальным этапе ў Капылі. У адкрытым першынстве Мінскай вобласці па ратаванні на водах і плаванні брасам каманда Слуцкага раёна заняла першае месца ў плаванні брасам, трэцяе – у ратаванні на водах.

У бліжэйшых планах забяспечыць раённы клуб юных ратавальнікаў-пажарных памяшканнем для правядзення навучальных мерапрыемстваў; працягнуць работу па абсталяванні ў гандлёвых цэнтрах, банках, іншых арганізацыях пакояў вольнага часу для дзяцей, куткоў пажарнай бяспекі.

Немалая ўвага надаецца фізічнай падрыхтоўцы нашых супрацоўнікаў, мы заўсёды павінны быць, як кажуць, у выдатнай форме. Двое работнікаў – кандыдаты ў майстры спорту.
Добрыя вынікі нашы супрацоўнікі паказваюць у конкурсах прафесійнага майстэрства розных узроўняў: Я.І. Бабеня, А.А. Нячай, А.М. Бельчанка, М.С. Бурак.
Напярэдадні прафесійнага свята выказваю глыбокую ўдзячнасць работнікам і ветэранам Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Жадаю здароўя, сілы духу, невычэрпнай жыццёвай энергіі, поспехаў у нашай вельмі важнай працы, каб у большасці трывогі былі толькі навучальнымі, а баявыя выезды здараліся як мага радзей!


Дыспетчар пажарнай аховы – гэта адказна

Калі мы гаворым пра пажарную ахову, то адразу ўяўляем мужных, валявых мужчын, але ёсць у гэтай структуры і жанчыны – дыспетчары цэнтра аператыўнага кіравання. Яны прымаюць паведамленні аб пажарах, аварыях, іншых надзвычайных сітуацыях і накіроўваюць да месца здарэння сілы і сродкі падраздзяленняў, кантралююць сітуацыю падчас радыёабмену. Ад іх прафесіяналізму залежыць эфектыўнасць працы і іншых спецыялістаў службы.



Алена Іванаўна Ліхадзіеўская працуе дыспетчарам цэнтра аператыўнага кіравання Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях больш за 18 гадоў. Ёй не даводзілася ўваходзіць у палаючыя дамы, тушыць пажары, ратаваць людзей, але яе работа не менш важная і адказная.

Вось што расказвае аб сваёй службе Алена Іванаўна:

– У пажарную часць я трапіла, напэўна, выпадкова, выйшла замуж за курсанта. З таго часу і пачалася мая «пажарная гісторыя».

Работа ў нас няпростая, даводзіцца трымаць у памяці вялікую колькасць інфармацыі, трэба ўмець арыентавацца ў абстаноўцы і прытрымлівацца вызначанага алгарытму дзеянняў.
Калі да нас паступае званок, мы ўдакладняем інфармацыю, выяўляем ступень пагрозы для людзей, прымаем рашэнне аб колькасці неабходнай тэхнікі. Таксама пры неабходнасці робім пераадрасацыю ў службы ўзаемадзеяння (хуткая дапамога, міліцыя, газавая і  электрасетак). Экіпажу заўсёды нагадваем пра тэхніку бяспекі. Мы за іх перажываем.
Выязджаюць нашы работнікі і на дарожна-транспартныя здарэнні, калі патрэбна непасрэдна наша дапамога. У экстрэмальнай сітуацыі людзі ўспамінаюць адзін тэлефон – 101. У іншых выпадках пераадрасоўваем званок або выкарыстоўваем канферэнцсувязь са службамі ўзаемадзеяння.

Большасці людзей, якія не маюць уяўлення аб працы дыспетчара МНС, яна можа здацца простай, хоць гэта далёка не так. Чалавек, які мае патрэбу ў дапамозе, і тэлефануе ў службу выратавання, размаўляе з дыспетчарам. Ад якасці нашай, дыспетчарскай, работы можа залежыць жыццё чалавека.

На жаль, не заўсёды людзі разумеюць, што так званыя несапраўдныя выклікі дзеля забавы могуць каштаваць камусьці жыцця. Часцей за ўсё тэлефануюць дзеці, бывае, зусім маленькія, выпадкова, з мабільнікаў бацькоў. Тады лінія занята, а той, каму сапраўды неабходна дапамога, не можа ў гэты час дазваніцца.

Не так даўно патэлефанаваў хлопчык з вёскі і паведаміў, што яны з бацькам бачылі пажар. Хлопчык падрабязна растлумачыў, дзе і што гарыць. І вёска такая ёсць, і вуліца. Каманда выехала, а пажару няма. Мы вызначылі, адкуль быў зроблены званок, знайшлі хулігана і правялі з ім растлумачальную гутарку.

Пільнымі, вядома, трэба быць, звяртаць увагу нават на дым. Чым раней мы даведаемся пра здарэнне, тым больш шанцаў выратаваць людзей і іх маёмасць. Залішняя пільнасць не пашкодзіць!


Смелыя, адказныя, мужныя

Аляксей Аляксандравіч Казлоў (на здымку другі злева), начальнік варты пажарна-аварыйнай выратавальнай часці №1 Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, служыць ужо  19 гадоў. Выратаванне людзей – справа яго жыцця.


– Колькі людзей за час маёй работы мы выратавалі, сказаць цяжка, – прызнаецца Аляксей Аляксандравіч. – У гэтым годзе нашаму каравулу ўдалося выратаваць з агню трох чалавек. Па выкліку раніцай прыбылі на месца, дом гарэў адкрытым полымем. Першыя дзеянні былі накіраваны на тушэнне агню і адключэнне электраэнергіі. Ці жылы гэта дом, ці ёсць у памяшканні людзі, нам было невядома. Але праверыць трэба ў любым выпадку. Праз дзверы трапіць у дом не змаглі, там ужо ва ўсю бушаваў агонь, таму я вырашыў пранікнуць праз акно. Разбіў яго, убачыў, што там ёсць людзі. Двое выбраліся самастойна, а трэцяга (мужчына не мог рухацца) мы перадалі работнікам хуткай дапамогі. Усё адбывалася хутка, на працягу некалькіх хвілін.

І з агню, з заціснутага ў аўтамабілі чалавека ратаваць складана, усюды свае нюансы. Нам трэба хутка прыняць адзіна правільнае рашэнне, дзейнічаць, каб яшчэ больш не нашкодзіць чалавеку. У любым выпадку трэба абстрагавацца ад знешніх фактараў, проста ўпэўнена выконваць сваю працу.

Калектыў у нас зладжаны. Па-іншаму і быць не можа. Ратуючы людзей, мы самі часам рызыкуем, таму павінны давяраць адзін аднаму на 100% і ведаць, што побач моцнае плячо саслужыўца, які падстрахуе ў любой сітуацыі.

Прафесіяналам пажарны становіцца толькі праз некалькі гадоў працы. Спецыфіка працы ў розных сітуацыях свая, аднолькавых не бывае. Толькі напрацаваўшы пэўны вопыт, можна самастойна дзейнічаць. Людзі нашай прафесіі пастаянна знаходзяцца ў стане павышанай гатоўнасці, мы можам у любы момант мабілізавацца і дзейнічаць у нестандартных умовах.

Праца наша даволі складаная як маральна, так і фізічна. Цяжка пераносіць гібель людзей, асабліва дзяцей. Да гэтага, паверце, немагчыма прывыкнуць. Напружаныя выезды на тушэнне лясоў і тарфянікаў. Праца манатонная, доўгая.

Калі ўдалося выратаваць чалавека або маёмасць – значыць не дарма мы нясём службу.


Уважаемые работники и ветераны Слуцкого
районного отдела по чрезвычайным ситуациям!

От имени Слуцкого районного исполнительного комитета поздравляю вас с профессиональным праздником – Днем пожарной службы.
Профессия пожарного одна из самых опасных, требующая личного мужества, отваги и готовности к риску. Работа в экстремальных условиях предъявляет к вам особое требование – умение быстро принимать решения, от которых зависят жизнь, здоровье и безопасность людей. 

Выражаю благодарность за ваш каждодневный напряженный труд, готовность к незамедлительному реагированию на любую нештатную ситуацию. Уверен, что ваш высокий профессионализм, стойкость и верность долгу будут способствовать эффективному решению поставленных задач, и станут надежной защитой в чрезвычайных ситуациях.
Желаю вам и вашим семьям крепкого здоровья, счастья и благополучия!

Председатель Слуцкого районного исполнительного комитета        А.В.ЯНЧЕВСКИЙ.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения