Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Авторская колонка

Злашчасны градус

01.06.2021
Нядаўна давялося прысутнічаць на пасяджэнні савета грамадскага пункта аховы правапарадку ў Падлессі. Працаўнікоў ААТ «Падлессе-2003», якіх выклікалі на пасяджэнне, нельга прылічыць да хворых на алкагалізм: сімпатычныя людзі – светлыя твары, лагічныя думкі і ніякага «бадуна». Аднак усе яны з-за п’янства ўжо не аднойчы дапусцілі прагулы на рабоце, былі завадатарамі сямейных скандалаў.

Вось 33-гадовы Раман, працуе жывёлаводам, бацька пяці дачушак і сыночка! Любячая жонка, дзеткі, ёсць жыллё, здаецца, жыві і радуйся. Дык не, перыядычна прачынаецца ў Рамане раўнівы Атэла, і распаляе гэта негатыўнае пачуццё «чароўная» чарка з алкаголем.  Па гэтай прычыне не так даўно мнагадзетны бацька ўчыніў у доме скандал. Аб шкале агрэсіі чалавека сведчыць той факт, што ён павыбіваў у дзвярах шкло.

Яшчэ адзін «герой» – 41-гадовы Дзяніс, працуе слесарам. Любіць зазірнуць у кілішак, так сказаць, расслабіцца, устроіць свята. У выніку за апошні час пяць нявыхадаў на работу. У Дзяніса доб­рая сям’я, двое сыноў, у тым ліку адзін непаўналетні.

Прыкладна такога ладу жыцця, як і Дзяніс, прытрымліваюцца і 53-гадовы Анатоль, і 43-гадовы Сяргей (у яго трое дзяцей, у тым ліку двое непаўналетніх), таксама працаўнікі гаспадаркі. Давялося сустрэцца і з каларытным жыхаром Падлесся Васілём. Мужчыну, можна сказаць, за каўнер прыцягла на пасяджэнне яго каханая Наталля. 42-гадовы дзяцюк афіцыйна нідзе не працуе, жыве за грошы Наталлі, работніцы жывёлагадоўчай фермы. Вася ўвесь час знаходзіцца ў стане лёгкай нірваны, бо любіць парадаваць сябе моцнымі напіткамі, ён і на пасяджэнне з’явіўся «пад шафэ». Удзельнікі пася­джэння расказвалі, што наведвалі гэту сямейную пару на даму, Васіль нават не палічыў неабходным узняцца з ложка, ляжаў у вопратцы пад коўдрай у хмельным паўзабыцці. Між іншым, Наталлі гаспадарка выдзеліла аднапакаёвую кватэру. Пацікавіліся ў жанчыны, і навошта такая завала, альфонс у доме, яна адказала, што сэрцу не загадаеш…

Канструктыўная размова на пася­джэнні вялася з усімі гэтымі людзьмі: што хвалюе, якія праблемы, чым дапамагчы. Па выніках дыялогу дырэктар ААТ «Падлессе-2003» Іван Іванавіч Барысавец па канкрэтных сітуацыях тут жа прымаў арганізацыйныя ра­шэнні, напрыклад, прапануючы ра­ботніку новае месцы працы. Шчырая зацікаўленасць, нераўнадушша да лёсу працаўнікоў, сем’яў адчувалася і з боку Знаменскага сельвыканкама, мясцовых устаноў адукацыі, РАУС. Можна сказаць, абмяркоўвалі праблему, як на вялікім сямейным савеце.

І гэта не выключэнне, не паказальнае пасяджэнне. На такіх мерапрыемствах у раёне давялося бываць не аднойчы, з упэўненасцю магу сказаць, што з п’янствам і алкагалізмам мэтанакіравана змагаюцца на месцах: вядуць растлумачальную работу з выпівохамі, наведваюць на даму, дапамагаюць з працаўладкаваннем, пры неабходнасці накіроўваюць на лячэнне, многія сельгасарганізацыі і прадпрыемствы гэта робяць за свой кошт. У мінулым годзе ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі былі накіраваны 34 жыхары раёна.

Шмат увагі надаецца рашэнні праблемы на дзяржаўным узроўні, у тым ліку павінен садзейнічаць паляпшэнні сітуцыі Закон №70-3 «Аб змяненнях Закона Рэспублікі Беларусь «Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх», які ўступіў у сілу 30 снежня мінулага года. Сярод новаўвядзенняў, вызначаных законам: грамадзяне, якіх накіроўваюць у ЛПП у трэці і болей раз, могуць быць накіраваны ў гэтыя прафілакторыі на 24 месяцы. «Традыцыйны» тэрмін знахо­джання ў ЛПП – да аднаго года.

Як пацверджана на практыцы, і не толькі ў нашай краіне, забараняльнымі мерамі
на продаж алкаголю праблему не рашыць. Комплексная пра­філактыка, адказнасць, сістэмная растлумачальная, выхаваўчая работа з насельніцтвам прыносяць свае вынікі.


У параўнанні з ліхімі 90-мі ў барацьбе з п’янствам у нашай краіне, канечне, адчувальны прарыў. Аднак праблема па-ранейшаму сярод злабадзённых. Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, жыхары Беларусі, на жаль, адны з самых пітушчых у свеце. У 2020 годзе толькі на дыспансэрным наркалагічным уліку ў рэспубліцы было больш за 153 тысячы чалавек, сярод якіх каля 32 тысяч жанчын, 4 непаўналетнія. На наркалагічным уліку на Случчыне 3 185 чалавек (2 504 мужчыны, 681 жанчына). Празмернае ўжыванне алкаголю з’яўляецца адным з асноўных фактараў заўчаснай смерці і інваліднасці.

Аб прычынах п’янства можна шмат разважаць, маўляў, ужываць спіртное – спрадвечная славян­ская традыцыя, плюс генетыка, менталітэт, жыццёвыя праблемы і гэтак далей. Мусіць, пералічанае мае месца, праўда, усё залежыць ад саміх людзей. Давялося чуць даволі распаўсюджанае апраў­данне ад  злоўжываючых алкаголем: у мяне складанасці, таму я п’ю. Ім, быццам шчытом, як правіла, прыкрываюць гультайства, інфантыльнасць, безадказнасць, нізкую культуру, эгаізм. Самы лёгкі шлях – «заліць вочы» і скардзіцца, плысці па цячэнні, замест таго, каб  браць на сябе адказнасць, рашаць задачы, самому мяняць сітуацыю. І самае галоўнае, які адмоўны прыклад для падрастаючага пакалення, пашкадуйце яго…

Такім жыхарам хочацца сказаць: пара станавіцца дарослымі адказнымі людзьмі і грамадзянамі, якія клапоцяцца пра дзяцей, свой дом і будучае роднай зямлі. Жыццё імклівае, і не варта яго караціць, марна траціць на зла­шчасны градус. Пакуль не позна, зірніце на жыццё цвярозымі вачыма, у ім столькі цудоў­нага. Выбар за вамі…

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.



К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения