Новости Слуцка и Слуцкого района

З гісторыі Вялікай Айчыннай вайны: трагедыя вёскі Ельна

14.03.2021
Былая жыхарка вёскі Ельна Ганна Міхайлаўна Таболіч.


У 1943 годзе ў час блакады і карных аперацый нямецкіх акупантаў была знішчана большая частка жыхароў вёскі Ельна былога Ленінскага раёна Палескай вобласці. Суд народаў над нямецкім фашызмам не скончыўся на працэсе ў Нюрнбергу, ён працягваецца ў народнай памяці, ён патрэбен жывым, дзеля жыцця. Той, хто не памятае сваёй гісторыі, свайго мінулага, асуджаны зноў яго перажыць.

Аб тым, што ў Жыткавіцкім раёне ў вёсцы Палосцевічы пражывае апошняя сведка знішчэння карнікамі вёскі Ельна, я даведаўся ад случчаніна Фёдара Аляксандравіча Гатчэні. Фёдар Аляксандравіч не толькі многа ведае пра Палессе, але і настолькі любіць свой край, што пераехаў жыць у вёску Ельна.

У вёсцы Палосцевічы я сустрэўся з былой жыхаркай Ельна Ганнай Міхайлаўнай Таболіч і даведаўся пра падзеі студзеня 1943 года. На сённяшні дзень Ганне Міхайлаўне 92 гады. Яна нарадзілася і жыла пры панскай Польшчы, вучылася ў польскай школе, з радасцю ўспамінае прыход у верасні 1939 года Чырвонай Арміі.  

Ганна Міхайлаўна ўспамінае: «Многа хлопцаў і маладых мужчын з нашай вёскі падаліся ў партызанскія атрады. Партызаны Камарова, падпольная мянушка Васіля Захаравіча Каржа, былі частымі гасцямі ў жыхароў Ельна. Яны хадзілі на чыгунку Лунінец – Жыткавічы – Гомель праз нашу вёску, мабыць пра гэта ведалі камендант і жандармы ў Леніна. Над жыхарамі палескай вёскі хмары навісалі ўсё больш.

Асабліва засталіся ў маёй памяці жудасныя падзеі зімы 1943 года. Разам з немцамі ў Ельна прыязджалі і Старобінскія паліцэйскія. Жыхары выстаўлялі варту каля вёскі. Фашысцкія акупанты спалілі вёску з трэцяга разу. Першы раз жыхары ўцяклі ў лес. Другі раз фашысты прыйшлі з хутара Моршчына, які яны спалілі, а жыхароў забралі з сабой. Пачуўшы стрэлы, мы схаваліся ў лесе. Яшчэ да гэтых падзей значная частка жыхароў перабралася на хутар Вялікая Ніва, а прыходзілі толькі для падтрымання сваёй гаспадаркі. 

Падчас размовы са старастай Ельна Міхаілам Касцюкевічам камендант сказаў, каб людзі заставаліся ў вёсцы. Быццам нямецкія ўлады толькі збіраюць прадналогі, а жыхарам нічога не пагражае. 

Праз дзень у нашай вёсцы з’явілася група з сямі партызан, узброеных вінтоўкамі, аўтаматамі і кулямётам. Яны пражылі ў нас тыдзень. Аднойчы зімовым студзеньскім ранкам карнікі (старобінская паліцыя і нямецкія салдаты) мінулі варту, якая знаходзілася на Тарасавым хутары і ўвайшлі ў вёску. 

Памятаю, у хату забягае бацька і крычыць, каб я хутчэй адзявалася і абувалася. Мы ўцякалі ад немцаў праз свой агарод да лесу. Снегу было шмат, я спатыкалася, падала, згубіла абутак, паўзла, зноў падымалася. А па нас з бацькам стралялі паліцаі, кулі ўздымалі фантанчыкі снегу. Мы паспелі схавацца ў лесе. Бацька абарваў рукавы свайго кажуха, адзеў на мае ногі замест згубленых лапцяў і падвязаў аборкамі. 

У той дзень выратаваліся дзевяць чалавек. Астатніх жыхароў Ельна – старых, моладзь і дзяцей – больш за сто чалавек, загналі ў вялікую хату Антона Бахановіча і спалілі жывымі. Хто ўцякаў, расстрэльвалі.

Мы з бацькам дабраліся да хутара Вялікая Ніва (было да вайны 4 хаты), дзе нас сустрэла маці з маёй сястрой Кацярынай і братам Іванам. Падчас блакады «Горнунг» і другіх карных экспедыцый загінула яшчэ некалькі маіх аднавяскоўцаў. 

Вёска аднавілася пасля вайны, бацька працаваў у Ленінскім лясгасе майстрам, пабудаваў невялікую хатку, дзе мы жылі. Выйшла замуж я ў 1947 годзе, нарадзіла трох сыноў: Васіля, Мікалая і Вячаслава, ёсць тры ўнукі і адзін праўнук. Тут і жыву».

З успамінаў Аляксея Іванавіча Драгуна, жыхара вёскі Ельна, былога партызана атрада імя Панамарэнкі: «Студзеньскім марозным і сонечным днём я папрасіў дазволу ў камандзіра схадзіць у Ельна праведаць бацькоў. Таксама – у Вялікую Ніву – жонку і дзяцей. Трэба было завесці жыта і правіянт. Недалёка ад вёскі Ельна раптам пачуўся стрэл. Я падаўся назад у лес і ўбачыў, што немцы акружаюць Ельна. Яны прыехалі з боку дарогі, якая вяла ў Мікашэвічы, разам з імі былі возчыкі-сяляне. Нехта з партызан-разведчыкаў стрэліў у бок карнікаў. Карнікі пачалі зганяць людзей у хату непадалёку ад нашай. Хата была новая, вялікая. Каля дзвярэй паставілі кулямёт, і ўсіх, хто імкнуўся ўцячы, расстрэльвалі на месцы. Тых, хто выскокваў праз акно, забівалі прыкладамі ці стралялі з вінтовак. Потым хату падпалілі, чорны злавесны дым пацягнуўся ў бок лесу… Хутка ў агні запылала ўся вёска. Карнікі забралі жывёлу, пагрузілі на падводы нарабаванае дабро і пакінулі вёску. Раззлаваныя тым стрэлам, гітлераўцы не пакінулі жывым ні аднаго чалавека, загінулі ўсе – і старыя, і дзеці… 

Потым я даведаўся пра лёс бацькі, маці і браціка з сястрой. Калі пачалася расправа, бацька з Адамам, малодшым сынам, схаваліся ў свіране. Усё было ахутана дымам – гарэла вёска, і пад прыкрыццём дыма яны змаглі дабегчы да лесу. А маці з сястрычкай Надзеяй загінулі… Маці, старая і хворая, не захацела хавацца, а Надзя пабегла на другі канец вёскі да сяброўкі, па дарозе яе схапілі і кінулі ў пылаючы дом… 

Бліжэй да вечара ў загінуўшую вёску Ельна пачалі вяртацца тыя, каму пашанцавала застацца жывымі. Іх было нямнога. Да хаты, дзе згарэлі людзі, доўга было не падступіцца. Там яшчэ гарэла, дыміла, і ў поўнай бязгучнасці, здавалася, павіслі жудасныя крыкі пякельнікаў…».

Да вайны ў вёсцы Ельна была 41 хата, пражываў 151 жыхар, за час карнай аперацыі 1943 года было забіта 112 чалавек.

Па дадзеных Ленінскага сельвыканкама Жыткавіцкага раёна на 1 студзеня 2021 года ў вёсцы Ельна – 11 дамоў, у якіх пражываюць пятнаццаць жыхароў.

«Горнунг» – кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх акупантаў супраць партызан Слуцкага і Пінскага злучэння і мірнага насельніцтва Ганцавіцкага, Жыткавіцкага, Краснаслабодскага, Ленінскага, Лунінецкага, Ляхавіцкага, Слуцкага, Старобінскага раёнаў у лютым 1943 года.

Васіль ЦІШКЕВІЧ,
навуковы супрацоўнік ДУ «Слуцкі краязнаўчы музей».
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения