Новости Слуцка и Слуцкого района

Погляд у мінулае

19.10.2018
У верасні ў рэдакцыю газеты «Слуцкі край» завітаў ураджэнец горада, сын былога рэдактара нашага выдання Алег Уладзіміравіч Перасятнік. Яго дзейнасць на Случчыне была цесна звязана з камсамолам. Напярэдадні знамянальнай даты – 100-годдзя камсамола – Алег Уладзіміравіч падзяліўся ўспамінамі. 

Палкоўнік у адстаўцы Алег Уладзіміравіч Перасятнік вучыўся ў  сярэдняй школе №4 у Слуцку, потым паспяхова закончыў політэхнічны інстытут. Працоўную дзейнасць пачынаў на Слуцкім торфабрыкетным заводзе. Працаваў на розных пасадах.  Праз пэўны час актыўнага камсамольца заўважылі ў Слуцкім райкаме камсамола.

 – Працаваў сакратаром камсамольскай арганізацыі ў Слуцкім сельскім будаўнічым камбінаце. Потым забралі ў райкам, гаркам камсамола. У гаркаме камсамола быў загадчыкам аддзела, сакратаром, – расказвае Алег Уладзіміравіч.

У Слуцкім раёне самааддана служылі камсамолу. Кіпела дзейнасць падчас работы першага сакратара гаркама Анатолія Антонавіча Лашко. Было многа ініцыятыў, падзей.  Ён быў добрым прыкладам для іншых. У 70-х гадах мінулага стагоддзя распачалі акцыю  «Клопат». Для так званых цяжкіх падлеткаў арганізоўвалі спецыяльныя піянерскія лагеры, праводзілі з імі сустрэчы, гутаркі, патрыятычныя гульні. Рабяты праходзілі ваенную падрыхтоўку, ім падабалася. Было весела, цікава і карысна. 

Заўсёды незабыўна праходзілі турыстычныя злёты. Гэта не толькі спаборніцтвы, але і цікавыя сустрэчы, новыя знаёмствы, сябры.

На вуліцах горада і на танцах дзяжурылі аператыўныя камсамольскія атрады – сачылі за парадкам. Туды бралі моцных рабят. Хуліганы баяліся іх. У кінатэатры «Цэнтральны» быў «Камсамольскі пражэктар». Па выніках рэйдаў па магазінах, інтэрнатах вывешвалі для агульнага агляду фотаздымкі, інфармацыю.  Заўважалі негатыў – фатаграфавалі, неаднаразова «вызначыўся» чалавек  – таксама інфармавалі насельніцтва. І гэта было вынікова. 

А колькі было шматлікіх мерапрыемстваў, святаў, конкурсаў, было цікава... 

Разам працаваў з Уладзімірам Уладзіміравічам Дубовікам, Раісай Іванаўнай Штэфан, Марыяй Іванаўнай Пятроўскай, Уладзімірам Андрэевічам Кірыенка, Мікалаем Васільевічам Тоўкачам, Уладзімірам Іванавічам Дамарадам, Марыяй Іванаўнай Хомчык і іншымі. У нас былі добрыя адносіны са старэйшымі таварышамі, з Галінай Васільеўнай Капарыха, Мікалаем Мікалаевічам Гладкім. Мікалай Мікалаевіч даваў парады падчас работы ў камсамоле. Захоўваю кніжку, якую ён мне падарыў. Мяркую, яму будзе прыемна, калі прачытае пра гэта.

– А памятаеце, як вас прымалі ў камсамол?

– А як жа, добра памятаю. Брыцікаў прымаў.  Было хвалююча. Гутарылі з намі, пытанні задавалі. А потым, калі сам прымаў у камсамол, заўсёды гэта ўспамінаў.

Падчас работы ў камсамоле Алегу Уладзіміравічу прапанавалі службу ў органах Камітэта дзяржаўнай бяспекі. У Маскве закончыў акадэмію контрразведкі і па размеркаванні вярнуўся ў Беларусь. Працаваў у Мінскім упраўленні КДБ, а затым – у цэнтральным апараце КДБ. Прайшоў курсы ўдасканалення афіцэрскага саставу. Гэта была звышсакрэтная дыверсiйна-разведвальная школа, якую прайшлi ў свой час Зоя Касмадзямьянская, Мiкалай Кузняцоў i iншыя героi Другой сусветнай вайны. У ёй выкладалi нашы землякi-разведчыкi Мукасей, Бацян (маёр «Вiхр», якi ўратаваў ад падрыву немцамi Кракаў), Эйцiнгон i iншыя знакамiтыя разведчыкi-нелегалы.

У Алега Уладзіміравіча былі стажыроўкі за мяжой. У складзе дыверсійна-разведвальнага атрада спецыяльнага прызначэння «Каскад» прымаў удзел у баявых дзеяннях у Афганістане. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі, шматлікімі граматамі. Закончыў службу намеснікам начальніка знешняй разведкі Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Атрымаўшы адпаведную падрыхтоўку, працаваў у сiстэме маркетынгу, продажу.

Зараз Алег Уладзіміравіч працуе ў Мінскай гарадской арганізацыі таварыства ратавання на вадзе. Праводзіць сустрэчы ў калектывах па пытаннях бяспекі жыццядзейнасці. Яшчэ са школы пачаў друкавацца ў раённай газеце «Шлях Iльiча», далей працягваў ужо ў час работы ў камсамоле.  Выдаў кнiгу «Я быў каскадзёрам». Мае шматлікія публікацыі на адпаведную тэматыку.
Не забывае Алег Уладзіміравіч пра сваю малую радзіму – Случчыну.

– Калі ёсць магчымасць, прыязджаю ў Слуцк. Тут  мае аднакласнікі, сябры, з кім вучыўся, працаваў. Сачу за навінамі, падзеямі,  якія адбываюцца ў раёне. Падтрымліваю футбольную каманду «Слуцк». Прыемна, што горад з кожным годам прыгажэе, пашыраецца. Заўсёды з задавальненнем хаджу ў парк, люблю там адпачываць.

Ірына КАВАЛЕНКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения