Новости Слуцка и Слуцкого района

Нельга забываць...

14.06.2018
 Усё далей і далей падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Але нельга забываць нікому ніколі тых людзей, якія заваявалі Перамогу.

Чытаю кнігу Яўгена Аронавіча Далматоўскага «Зялёная брама». Дакументальная аповесць аб адной з першых бітваў у Вялікай Айчыннай вайне. Аўтар, сам удзельнік тых падзей, запалонены пад Уманню, распавёў аб усім на старонках кнігі. У ліку тых, хто аказаўся ў гэтым пекле, быў і случчанін Барыс Герасімавіч Рабцаў. 

У першыя дні вайны цяжка было ўсюды: і на Украіне, і на Поўначы, і пад Ленінградам, вораг набліжаўся да Масквы, і Прыбалтыка, і Беларусь былі акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія тапталі ўсё і ўсіх, хто трапляўся на іх шляху. 

Яшчэ ў 1939 годзе пасля заканчэння педагагічнага інстытута і некалькіх месяцаў працы ў школе Барыс Герасімавіч Рабцаў быў прызваны ў Савецкую Армію, служыў у Адэсе ў 203-м артпалку камандзірам гарматы. 

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны застаў яго ў Ціраспалі. У жорсткія баі-выпрабаванні полк уступіў 23 чэрвеня 1941 года. Фашысцкія войскі, узброеныя да зубоў, атакавалі, не даючы азірнуцца. Давялося адступаць з баямі да Умані. Потым палон... 

Ужо ў 1990-я гады са слязьмі на вачах успамінаў ветэран, якія былі ўмовы ў гэтым пекле пад адкрытым небам: калючы дрот, гразь, жывыя і мёртвыя, гнілая баланда, страшныя клыкастыя аўчаркі, жорсткія эсэсаўцы-канвойныя. Палонныя пухлі ад голаду, параненых  не было каму лячыць, ды ніхто і не збіраўся. У палоне прабыў два месяцы, першая спроба пабегу не ўдалася, толькі другая… 

Знясілены, ён шукаў дарогу да роднай Беларусі, да Гулевічаў, што на Капыльшчыне. Амаль месяц і больш прайшло, пакуль Барыс Герасімавіч дабраўся, дапоўз да малой радзімы, згаладалы, з запаленнем лёгкіх, замучаны педыкулёзам… Як абдымаў і цалаваў родную зямельку… 

Загаіўшы раны, Барыс Герасімавіч пайшоў у партызанскі атрад імя Чапаева, які дыслацыраваўся ў Капыльскім раёне, і да 1944 года змагаўся з ворагам і за сябе, і за тых, хто загінуў на полі бою, у палоне. 

Барыс Герасімавіч Рабцаў – удзельнік парада ў Мінску 3 ліпеня 1944 года. Ён дайшоў з баямі да Ной-Шчэціна, дзе і сустрэў Дзень Перамогі.

Пасля дэмабілізацыі ў 1945 годзе Барыс Герасімавіч працаваў настаўнікам, гадаваў дзяцей. Дарэчы, яго жонка Ганна з малой дачкой усе 6 гадоў чакала мужа на Магілёўшчыне, у Азарычах. 

Узгадваю сваю размову з Барысам  Герасімавічам, ён гаварыў: «Шкадую, што не стаў мастаком-прафесіяналам. Хачу, каб шчасліва і мірна жылі людзі, каб захоўвалася памяць аб тых, хто не вярнуўся з вайны, каб умацоўвалася і прыгажэла наша Беларусь». 

Барыса Герасімавіча ўжо няма з намі. Уласнаручна на доўгі ўспамін ён пасадзіў дубок, які зараз стаў веліканам дубам-прыгажуном, які абдымаў і да якога туліўся ветэран. 

Раю і моладзі прачытаць з павагай і глыбокім роздумам кнігу Я. Далматоўскага, каб заўсёды памятаць, якой цаной заваяваў наш народ мір і спакой на зямлі. 

Таісія НОВІК, 
жыхарка г. Слуцка.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения