Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика

У камбікормавым цэху… Слуцкага камбіната хлебапрадуктаў

05.02.2020
  • У мінулым годзе ў ААТ «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў» дасягнулі рэкорднага паказчыка: вытворчасць камбікармоў упершыню  пераўзышла 200 тысяч тон.

Як падкрэсліў дырэктар прадпрыемства Андрэй Анатольевіч Лясун, відавочна, гэта заслуга ўсяго калектыву, у тым ліку ў немалой ступені – працаўнікоў камбікормавага цэха. 

Начальнік вытворчасці камбіната Аляксей Мікалаевіч Цішкевіч расказаў, што ў сярэднім за суткі на прадпрыемстве вырабляюць больш за 800 тон камбінаваных кармоў. Усяго выпускаюць звыш 25 відаў камбікармоў для буйной рагатай жывёлы, свіней, хатняй птушкі, трусоў, рыбы – па адпаведных тэхналогіях, з дабаўкамі, вітамінамі. Гэту прадукцыю робяць па заяўках арганізацый, прадпрыемстваў, рэалізуюць на тэрыторыі Беларусі, немалыя аб’ёмы адгружаюць у сельгасарганізацыі Случчыны. 

Аляксей Мікалаевіч падкрэсліў, што камбікармы Слуцкага КХП высокай якасці, адпавядаюць патрабаванням дзяржстандартаў, запатрабаваны тавар. Гэта пацвярджаюць пастаянныя дзелавыя партнёры Слуцкага камбіната хлебапрадуктаў, у тым ліку спецыялісты Салігорскай птушкафабрыкі, 1-й Мінскай птушкафабрыкі, прадпрыемства «Агракомплекс «Белая Русь», ТАА «Свінакомплекс «Забалаць» і іншых прадпрыемстваў. Дарэчы, вытворчасць камбікармоў дамінуючая на камбінаце: у прадукцыі прадпрыемства яны складаюць звыш 70%.

Начальнік вытворчасці нагадаў, што на камбінаце дзве лініі па вытворчасці камбікармоў, у тым ліку ў 2015 годзе ўвялі новую аўтаматызаваную лінію па вырабе прадстартарных камбікармоў магутнасцю 180 тон прадукцыі за суткі. 

Усяго ў камбікормавым цэху прадпрыемства працуюць 75 чалавек. На думку Аляксея Мікалаевіча, іх зладжаная работа, выніковае ўзаемадзеянне падраздзяленняў камбіната, аўтаматызацыя вытворчасці і вызначаюць поспех. 

– На лініі працую з моманту яе ўвядзення, разам з прадстаўнікамі дацкай кампаніі (лінія дацкай вытворчасці) займаўся яе мантажом, – гаворыць майстар змены лініі па вытворчасці прадстартарных камбікармоў Васілій Пятровіч Кіш. – У маіх абавязках кантроль за вытворчым працэсам, выпускам прадукцыі, за выкананнем патрабаванняў па ахове працы. Лінія працуе стабільна, можна сказаць, без паломак. Ды работнікі ў нас высокай кваліфікацыі, адказныя, дысцыплінаваныя людзі.



Васілій Кіш.

У нашай змене працуюць гранулятаршчык Іван Генадзьевіч Дробыш, драбільшчык Наталля Уладзіміраўна Дубовік, транспарцёршчыкі Інга Вітальеўна Сярко і Уладзіслаў Юр’евіч Кірычок, электрык Віталій Мікалаевіч Станкевіч, грузчык Андрэй Анатольевіч Гурын. Добрая каманда.

На Слуцкім КХП Васілій Пятровіч з 2001 года, працаваў па розных рабочых спецыяльнасцях, ведае камбікормавую вытворчасць дасканала. За сваю старанную работу В.П. Кіш некалькі гадоў таму быў адзначаны Падзякай старшыні Слуцкага райвыканкама.




Сяргей Шышко.

У кагорце работнікаў камбікормавага цэха і Сяргей  Шышко, аператар пульта кіравання лініі вытворчасці прадстартарных камбікармоў. З дапамогай камп’ютараў ён сочыць за тэхналагічным  працэсам вырабу прадукцыі: правільнасцю дазіроўкі і папаўнення сыравіны, дабавак, змешвання інгрэдыентаў, температурнымі параметрамі і іншымі паказчыкамі. Пацікавілася ў Сяргея, ці не падаецца яму гэта работа некалькі аднатыпнай, і атрымала ў адказ рашучае «не»:

Наадварот, работа цікавая, патрабуе ўважлівасці, пэўных навыкаў і ведаў, – адказаў малады чалавек. Сяргей працуе на КХП пяць гадоў, гаворыць, выдатны калектыў, добразычлівая атмасфера. Завочна ён вучыцца ў Беларускім нацыянальным тэхналагічным універсітэце па спецыяльнасці тэхнолаг машынавытворчасці. Плануе працаваць на прадпрыемстве і пасля заканчэння навучальнай установы.


Андрэй Гурын і Вячаслаў Камароў

А яшчэ я сустрэлася з Андрэем Анатольевічам Гурыным і Вячаславам Анатольевічам Камаровым, грузчыкамі камбікормавага цэха, у кожнага стаж работы на прадпрыемстве больш за 20 гадоў.

– Без нашай сілы камбінату не абысціся, – усміхаюцца мужчыны. – Займаемся пагрузкай сыравіны для вытворчасці камбікармоў, іншых грузаў, з дапамогай пагрузчыка, канечне. Работа спорыцца, калі ёсць жаданне і настрой…

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.
К списку записей раздела