Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика

Слуцкі цукроварафінадны камбінат рыхтуецца да новага перапрацоўчага сезона

18.07.2019
Ёмістасць для захоўвання бурачнага сіропу

Адкрытае акцыянернае таварыства «Слуцкі цукроварафінадны камбінат» зноў прызнана лепшым прадпрыемствам сярод цукровых заводаў на Еўразійскай прасторы (па выніках мінулага года). Адны з галоўных крытэрыяў ацэнкі дзейнасці прадпрыемства – высокі ўзровень прадукцыйнасці працы, тэхналагічнасці, мадэрнізаванасць камбіната. 

Удасканаленне гэтага працэсу працягваецца, ужо са студзеня на прадпрыемстве вядуць падрыхтоўку да новага перапрацоўчага сезона. Пра гэта расказаў старшыня наглядальнага савета ААТ «Слуцкі цукроварафінадны камбінат» Осіп Іосіфавіч Дапіра:


– Штогод на камбінаце праводзім мадэрнізацыю, гэта неабходная ўмова далейшага развіцця тэхналагічнага працэсу, вытворчасці, зніжэння затрат. Зімой, пасля заканчэння перапрацоўкі цукровых буракоў, на прадпрыемстве прыступілі да ўстаноўкі новага вібраканвеера, які прызначаны для падачы цукру на сушыльную ўстаноўку.  Гэта магутнае сучаснае абсталяванне нямецкіх і польскіх вытворцаў, якое забяспечвае больш высокую прадукцыйнасць, выніковасць  работы. Толькі на фундамент пад яго выкарыстана каля 250 тон бетону. На набыццё  і мантаж вібраканвеера затрачана каля паўтара мільёна рублёў сродкаў камбіната. Работнікі прадпрыемства імкнуліся запусціць вібра-канвеер да пачатку перапрацоўкі цукровага сіропу, і гэта атрымалася, абсталяванне працуе бездакорна.

У ліку мадэрнізацыйных мерапрыемстваў – і будаўніцтва трэцяй ёмістасці для захоўвання бурачнага сіропу. Работы праводзіць Салігорскае мантажнае ўпраўленне ААТ «Прамтэхмантаж», яны выкананы болей чым на 70 працэнтаў. Відавочна, да пачатку перапрацоўкі цукровых буракоў новага ўраджаю ёмістасць будзе гатова. Гэта дазволіць павялічыць аб’ёмы захоўвання бурачнага сіропу да 125 тысяч тон.

Будаўніцтва ёмістасці для захоўвання бурачнага сіропу выконвае Салігорскае мантажнае ўпраўленне ААТ «Прамтэхмантаж»
 

Праводзіцца рэканструкцыя газаразмеркавальнай станцыі, якая ўжо аснашчана новым абсталяваннем і прыборамі больш высокага класу дакладнасці. Таксама актыўна працуем над  удасканаленнем працэсу ачысткі глеевай пляцоўкі, утылізацыі сцёкавых вытворчых вод. Работа ў гэтым кірунку праводзілася і ў папярэднія гады, што дазволіла палепшыць сітуацыю на глеевай пляцоўцы каля тэрыторыі камбіната (яна разлічана на ранейшую магутнасць прадпрыемства – перапрацоўку 3 тысяч тон цукровых буракоў за суткі пры наяўнай магутнасці да 12 тысяч тон). Будзе выканана рэканструкцыя адстойнікаў на нашым 112-гектарным палігоне ў раёне вёскі Маглышы, іншыя работы.

Працуем, як гаворыцца, і на перспектыву, у тым ліку распрацоўваецца тэхналагічная дакументацыя на новую сушылку для жамерын, у якой ёсць неабходнасць. Распрацоўкай праекта займаецца адна з польскіх кампаній. Гэта энергазберагальны праект: сушылка будзе працаваць на другаснай цеплаэнергіі ад вакуумапаратаў і сатуратараў. Вядзём таксама праектныя работы па пашырэнні магчымасцяў чыгуначных пад’язных шляхоў для ўдасканалення манеўравання цягнікоў. Плануецца, што ў гэтым годзе на мадэрнізацыю вытворчасці прадпрыемствам будзе ўкладзена каля 15 мільёнаў рублёў. Дарэчы, камбінат нямала выдаткоўвае і на абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы перададзенай нам у кіраванне сельгасгаспадаркі на Капыльшчыне – ААТ «Праснакі». У тым ліку за сродкі камбіната ў папярэднія гады пабудаваны дзве малочнатаварныя фермы, зараз  вядзём там будаўніцтва жывёлагадоўчага комплексу.

Штогадовае прыняцце мадэрнізацыйных мер, укараненне энергазберагальных тэхналогій у тым ліку спрыяюць забеспячэнню цэнавай канкурэнтаздольнасці нашай прадукцыі на айчынным, расійскім, іншых замежных рынках. Дарэчы, каля 64 працэнтаў слуцкага цукру экспартуецца.

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.
К списку записей раздела