Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика

«Работу сваю люблю» – галоўны эканаміст ААТ «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў» Галіна Мікалаеўна Ганчар

29.06.2020
30 чэрвеня – Дзень эканаміста
 
Чалавек, які заняты ў такой сур’ёзнай сферы як эканоміка, апеліруе лічбамі і аналітыкай, на маю думку, павінен валодаць не толькі масай ведаў, неабходнымі тэхналогіямі, але і адпаведнымі здольнасцямі, складам розуму…

Мая субяседніца галоўны эканаміст адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў» Галіна Мікалаеўна Ганчар адзначае:

Да справы, якой займаешся, канечне, трэба мець схільнасць, гэта значна павялічвае выніковасць работы і задаволенасць ёю.  Мне  ў школе падабаліся дакладныя навукі, пасля яе заканчэння накіравалася на эканамічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Трынаццаць гадоў адпрацавала эканамістам на Магілёўскім аўтамабільным заводзе. У 2001 годзе вярнулася на малую радзіму – на Случчыну, родам жа я з Вясеі. З таго часу працую на Слуцкім камбінаце хлебапрадуктаў. Работу сваю люблю.

Галіна Мікалаеўна расказвае, што галоўная яе задача – правільна ацаніць эканамічную сітуацыю і з яе ўлікам прадставіць кіраўніцтву прадпрыемства варыянты аптымальных рашэнняў вытворчых задач. Сусветная пандэмія, канечне, уносіць свае карэктывы ў работу прадпрыемства, напрыклад, ёсць пэўныя цяжкасці з пастаўкамі з замежжа некаторых інгрэдыентаў для вырабу камбікармоў, аднак у цэлым камбінат працуе стабільна і эфектыўна. Аб’ём вытворчасці прадукцыі Слуцкага камбіната хлебапрадуктаў (асноўная прадукцыя па-ранейшаму камбікармы і мука) за пяць месяцаў гэтага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага склаў 110%.  У мінулым годзе камбінат упершыню пераадолеў планку вытворчасці камбікармоў у 200 тысяч тон. Як і летась, прадпрыемства працуе з чыстым прыбыткам. У гэтым выніку ёсць, канечне, уклад і галоўнага эканаміста прадпрыемства.

Усёй нашай каманды, – удакладняе Галіна Мікалаеўна. – У нашым планава-эканамічным аддзеле, які я ўзначальваю, працуюць эканамісты Маргарыта Уладзіміраўна Хартановіч, Вераніка Міхайлаўна Лобан, Ірына Сяргееўна Быліна (цяпер у водпуску па доглядзе за дзіцем), Ірына Уладзіміраўна Мезенцава. Кожны з эканамістаў «вядзе» сваю сферу – вытворчасць, цэнаўтварэнне, заработная плата. У аддзеле людзі розных узростаў, аднак знаходзім узаемаразуменне, адна адной дапамагаем. Наш камбінат вялікае прадпрыемства, адно з бюджэтаўтваральных прадпрыемстваў Слуцка. Так што работы хапае, адказнасць вялікая. Канечне, прыемна, што камбінат, яго сельскагаспадарчыя і гандлёвае падраздяленні працуюць стабільна. Для работнікаў прадпрыемства створаны добрыя ўмовы працы, на камбінаце годная заработная плата і сацыяльны пакет. Забяспечаны належныя меры па недапушчэнні распаўсюджання каронавіруснай інфекцыі: прапускны рэжым, дэзінфекцыя памяшканняў і іншае.

Галіна Мікалаеўна падзялілася, каб быць у курсе заканадаўчых, эканамічных змен, каб адпавядаць часу, яна і калегі наведваюць курсы, семінары павышэння прафесійнай кваліфікацыі, удзельнічаюць у вебінарах. Адзначыла, што працаваць цікава, маладое кіраўніцтва камбіната, з новымі планамі і задумкамі. Увогуле, інтарэсы маёй суразмоўцы не абмежаваны толькі работай, яна – рознабаковая асоба, любіць чытаць, прыхільніца здаровага ладу жыцця, наведвае басейн. А яшчэ, як адзначаюць яе калегі, чулы, адкрыты, добры чалавек.

Мая прафесія і работа не з ліку тых, што на віду. Але работа эканамістаў важная і пачэсная, – адзначае Галіна Мікалаеўна, – бо эканоміка – падмурак стабільнага жыцця, дзейнасці любога прадпрыемства і дзяржавы. Напярэдадні прафесійнага свята са словамі падзякі хачу звярнуцца да былых калег, да нашых ветэранаў, якія цяпер на заслужаным адпачынку, –  Ніны Андрэееўны Долбік і Алены Аляксандраўны Філіпавец. Яны ўнеслі немалы ўклад у развіццё, умацаванне пазіцый Слуцкага КХП.

  • За сваю адданую работу, кампетэнтнае рашэнне вызначаных задач Галіна Мікалаеўна Ганчар была ўзнагароджана Ганаровай граматай Слуцкага райвыканкама, мае іншыя заахвочванні.

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.
К списку записей раздела