Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика

"Продэкспо-2018": поспехі слуцкіх вытворцаў

01.11.2018
   З узнагародамі за прадукцыю  вярнуліся слуцкія вытворцы з адной з самых прэстыжных выставак-кірмашоў перапрацоўчай і харчовай галін –  24-й Міжнароднай спецыялізаванай аптовай выставы-кірмашу “Продэкспо-2018”.

 


Прадукцыя адкрытага акцыянернага таварыства “Слуцкі сыраробны камбінат”, яго філіялаў адзначана двума залатымі, двума сярэбранымі і трыма бронзавымі медалямі міжнароднага конкурсу “Лепшы прадукт-2018”. Удастоена ўзнагароды  прадукцыя адкрытага акцыянернага таварыства “Слуцкі мясакамбінат” у народным конкурсе-дэгустацыі “Чемпион вкуса”. Ёсць і асабістае золата: кандытар чацвёртага  разраду адкрытага акцыянернага таварыства “Слуцкі хлебазавод” Ірына Анатольеўна Баскакава па выніках міжнароднага чэмпіянату  кандытарскага майстэрства, які праводзіўся ў рамках “Продэкспо-2018”, у намінацыі “Цукровыя кветкі (англійская тэхніка)” адзначана залатым медалём.

Работа Ірыны, прадстаўленая на чэмпіянаце, называецца “Мой родны кут”. Гэта сапраўдны мастацкі твор, выкананы філігранна, з густам, эстэтыкай. Ніколі не здагадацца, што яркая прыгожая паляна з макамі, лубінам, незабудкамі, апетытнымі суніцамі і лісічкамі  выканана  з харчовых рэчываў, кандытарскіх інгрэдыентаў, сярод якіх пераважае цукровая мастыка. Здаецца, вось-вось затрапечуць тоненькія пялёсткі кветак, а да сунічкі так і цягнецца рука. Адрозніць ад свежай сапраўднай ягады фактычна немагчыма. Як аказалася, мох на паляне зроблены з малекулярнага бісквіту.

- Канечне, гэта карпатлівая працаёмкая работа, - усміхаецца Ірына. – Патрэбна было зрабіць вельмі дробныя дэталі кампазіцыі, напрыклад, драпінкі на ягады або тычынкі лубіну. Атрымалася. Кандытарскую кампазіцыю  прыдумала сама, тэма навеяна Годам малой радзімы. Дапамагала мне парадамі, ідэямі старшы майстар кандытарскага цэха нашага прадпрыемства Іна Міхайлаўна Махлай. Мне падабаецца мая работа, пэўна, таму і атрымліваецца.

Ірына Анатольеўна Баскакава працуе на Слуцкім хлебазаводзе з 2012 года. Адказная і таленавітая, гавораць пра яе на прадпрыемстве. Кампазіцыі Ірыны  з цеста, іншых кандытарскіх матэрыялаў неаднаразова былі прадстаўлены на конкурсах і  выставах рознага ўзроўню. Спыняцца на дасягнутым Ірына не збіраецца, гаворыць, кандыдарскі чэмпіянат “Продэкспо-2018” натхніў на новыя работы.

Наталля Селязнёва.

К списку записей раздела