Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика

Пра жыллёвае будаўніцтва ў Слуцку і яго перспектывы

11.06.2020
Зялёная зона паміж шматпавярхоўкамі, бяспечныя дзіцячыя пляцоўкі, веладарожкі і спартыўныя пляцоўкі, а стаянкі для аўтамабіляў па-за межамі жылой зоны – мець кватэру ў экалагічным мікрараёне мараць многія.

Якое жыллё будуюць у Слуцку цяпер і што плануюць, як будуць выглядаць новыя мікрараёны ў горадзе, расказаў начальнік упраў-лення капітальнага будаўніцтва Слуцкага раёна Ігар Уладзіміравіч Радзіонаў.



Адзначым, што арганізацыя за апошнія гады ажыццявіла самыя буйныя  будаўнічыя праекты ў Слуцку: рэканструяваны будынак старога Дома культуры, дзе цяпер размяшчаюцца кабінеты і вельмі прыгожыя залы для ўрачыстасцей аддзела ЗАГС райвыканкама; матабольны стадыён, на якім могуць займацца і іншымі тэхнічнымі відамі спорту, з’явіўся ў нашым горадзе ў мінулым годзе; адноўлены і такім чынам захаваны адзін з найстарэйшых будынкаў Слуцка – краязначага музея, новы будынак атрымаў занальны архіў. Ну і, вядома, узвядзенне шматпавярховак у Слуцку без упраўлення капітальнага будаўніцтва не абыходзіцца.



Імкліва развіваецца, пашыраецца жылфонд у мікрараёне «Чэхава». Ігар Уладзіміравіч адзначае, што праз 2 – 3 гады ён будзе забудаваны поўнасцю.

– Сёлета плануецца ўвесці 6 шматкватэрных дамоў, якія заселяць у асноўным мнагадзетныя сем’і, у мінулым годзе адзін здалі, №17 па генплане, – расказвае Ігар Уладзіміравіч. – Чакаем заключэння Дзяржбуднагляду па гатовым на 100% доме №16 па генплане, у двухпад’ездным дзесяціпавярховым доме, які ўжо здалі сёлета зімой, людзі абсталёўваюць  кватэры. На дваровых тэрыторыях уладкаваны бяспечныя дзіцячыя пляцоўкі. Такім чынам, будаўніцтва гэтых сямі шматпавярховак дазволіць выканаць даручэнне Прэзідэнта Беларусі па забеспячэнні мнагадзетных сем’яў жыллём, закрыць амаль поўнасцю чаргу.



Першачарговая ўвага цяпер надаецца будаўніцтву жылля для мнагадзетных сем’яў. У Слуцку і Слуцкім раёне з пачатку года палепшылі жыллёвыя ўмовы 104 сям'і гэтай катэгорыі, а да канца 2020-га, плануецца, наваселле справяць яшчэ больш за дзвесце пяцьдзясят.

Амаль усе мнагадзетныя сем'і, якія стаяць на ўліку  маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў (414 на 1.06.20, з іх 312 ужо накіраваны на паляпшэнне жыллёвых умоў), маюць права на дзяржаўную падтрымку па ўказе Прэзідэнта Беларусі №240 «Аб дзяржаўнай падтрымцы пры будаўніцтве жылых памяшканняў»: гэта магчымасць скарыстацца сямейным капіталам і атрымаць субсідыю. Калі ў мнагадзетнай сям'і ва ўласнасці няма нерухомасці, то дзякуючы такой дзяржпадтрымцы можна атрымаць жыллё практычна бясплатна: сям'і з трыма дзецьмі субсідзіруюць 95% кошту жылля, тым, хто выхоўвае чацвёра і больш непаўналетніх – 100%. Для жадаючых пабудаваць не кватэру, а дом бясплатна выдзяляецца зямельны ўчастак, і будаўніцтва ажыццяўляецца на тых жа ўмовах. Пра гэта расказала начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Слуцкага райвыканкама Людміла Міхайлаў-на Папчэня.

У гэтым жа мікрараёне, «Чэхава», паведаміў І.У. Радзіонаў, закладзены фундамент для сацыяльнага пяціпавярховага 60-кватэрнага дома, у ім атрымаюць кватэры дзеці-сіроты і сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Плануецца пабудаваць 10-павярховы аднапад’ездны дом для адсялення грамадзян са старога жылля. Ужо ўзводзяць дом для Міністэрства абароны.

І вядома ж, у вялікім мікрараёне, дзе столькі дамоў для мнагадзетных сем’яў, адзначае Ігар Уладзіміравіч, абавязкова патрэбна дашкольная ўстанова. У архітэктурным праекце запланаваны дзіцячы сад (на 120 чалавек) і пачатковая школа (на 160 вучняў) у адзіным комплексе. Ну і транспартнае забеспячэнне мікрараёна – аўтобусны маршрут па вуліцы Зялёнай – таксама прадугледжана.



Паколькі ў мікрараёне «Чэхава» расце колькасць дамоў, упраўленне капітальнага будаўніцтва займаецца пераабсталяваннем цепласетак: павялічылі дыяметр трубаправода, устанавілі новыя гарэлкі і да ацяпляльнага сезона плануюць замяніць помпы.

Распрацаваны архітэктурны праект яшчэ аднаго жылога мікрараёна ў межах вуліц Магістральнай і Іваноўскага, першага ў Слуцку з новай планіроўкай. Ігар Уладзіміравіч тлумачыць:

–  Тут пабудуюць сем шматкватэрных дамоў, 6-, 7-, 8-, 9-павярховых. Прыгожы, экалагічны раён, дзе прадугледжаны  дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі для заняткаў валейболам і баскетболам, веладарожкі, зялёныя зоны, пляцоўка для выгулу сабак. А стаянкі для аўтамабіляў вынесены за межы жылой зоны, яны размесцяцца ўздоўж вуліц Магістральнай, Барысаўца, Іваноўскага. Толькі месцы для паркоўкі інвалідаў дазволены паміж дамоў. Калі ўсё пойдзе, як спланавана, закончыць гэты мікрараён думаем у 2023 годзе. У інстытуце «Мінскграмадзянпраект», з якім цесна супрацоўнічаем, мы заказалі праект магістральных сетак (ліўневая каналізацыя і іншае), у 2021 годзе пачнем праектаванне, каб у 2022-ім пачаць будаўніцтва.

Новы мікрараён Жукаў Луг, расказаў таксама Ігар Уладзіміравіч, з’явіцца з часам насупраць матабольнага стадыёна (вул. Леніна, у накірунку Бабруйска, за магазінам «Дамашні»). Выдзелена 23 гектары зямлі. Спачатку пабудуюць 3-, 4- і 5-павярховыя дамы, а за імі плошчу зоймуць дамы сядзібнага тыпу, да былой вёскі Малая Падзер. Цяпер па гэтым мікрараёне ідзе грамадскае абмеркаванне, па яго выніках распрацуюць план дэталёвай планіроўкі, а потым праект для будаўніцтва. Мікрараён плануецца поўнасцю паставіць на электразабеспячэнне: ацяпленне, бытавыя патрэбы, куханныя пліты, цяпер запатрабаваны новыя тэхналогіі, адзначае І.У. Радзіонаў. Ну і рух аўтобуса прадугледжваецца таксама.

І яшчэ ў адным раёне Слуцка з’явяцца новабудоўлі. У наступным годзе на тэрыторыі за мостам па вуліцы М. Багдановіча (у бок Навадворцаў) пачнуць будаўніцтва аднакватэрных дамоў, іх будзе 121. Ужо распрацаваны план дэталёвай планіроўкі. Пасля будаўніцтва дамоў, у другую чаргу, будзе абсталявана зона адпачынку ў раёне ракі, з пляжам, веладарожкамі, спартыўным ядром (пляцоўкі для валейбола, баскетбола, тэніса), будзе прагулачная зона, на тэрыторыі размесцяць малыя архітэктурныя формы. У наступным годзе, ці нават раней, ужо плануюць пачаць пракладваць камунікацыйныя сеткі.

Дарэчы, многія ўчасткі ў гэтым раёне выбралі для будаўніцтва дамоў мнагадзетныя сем’і.

Акрамя гэтага на вуліцы Гагарына побач са шматпавярхоўкай сыраробнага камбіната з’явяцца яшчэ два, 60- і 80-кватэрны, дамы для случчан, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў (па ўказе №240), з аўтаномным ацяпленнем кватэр. Будаўніцтва іх плануецца ў 2021 годзе.

Па інфармацыі аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, на 1 чэрвеня ў Слуцку і Слуцкім раёне на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў 3 956 сем'яў (4 071 на пачатак года). З 2015 года 759 сем'яў палепшылі свае жыллёвыя мовы, у тым ліку 169 мнагадзетных, 464 маладыя сям’і, 89 атрымалі сацыяльнае жыллё.

Ірына ВЕЧАР.


К списку записей раздела