Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика

Па высокіх стандартах

05.04.2018
Укладчык-упакоўшчык Святлана Званковіч задаволена, што працуе ў СТАА «Інтэрферм»: добрыя ўмовы, добразычлівыя калегі. 

Летам мінулага года ў Слуцку пачало працаваць новае прадпрыемства – СТАА «Інтэрферм», сумесны праект Слуцкага цукроварафінаднага камбіната і нямецкай кампаніі «Інтэрферм ГмбХ».

Акуратная чыстая тэрыторыя, светлыя сучасныя памяшканні, прыветлівыя работнікі. Новыя тэхналогіі, наладжаны вытворчы працэс, добрасумленныя адносіны спецыялістаў да справы і, як вынік, высакаякасная прадукцыя, якая ўжо карыстаецца попытам не толькі на ўнутраным рынку.

За вытворчым працэсам на ўчастку «Вадкія дрожджы» сочаць майстар Яўгеній Бухал, апаратчыкі вырошчвання дражджэй Уладзімір Грыцкевіч і Аляксандр Азёрны.

На прылаўках магазінаў ужо з’явіліся слуцкія дрожджы. Праўда, кілаграмовая ўпакоўка не вельмі зручная для тых, хто выпякае не так часта.  І добрая навіна для гаспадынь – да Вялікадня на прадпрыемстве плануюць пачаць адгрузку стограмовых упаковак дражджэй. Лічыцца, што прасаваныя дрожджы лепш уплываюць на смакавыя якасці выпечкі і хлеба.

– За час работы прадпрыемства асвоена 30% вытворчых магутнасцей, і кожны месяц гэты працэнт прырастае. Да канца наступнага года  плануем выхад на праектную магутнасць, павялічыцца і колькасць рабочых месцаў: сёння ў нас працуюць 64 чалавекі, разлічваем на 85 – 90, – расказаў дырэктар СТАА «Інтэрферм» Павел Анатольевіч Шкатула. – За апошні месяц на дражджавым заводзе выпушчана 520 тон прадукцыі, 50%  ідзе на ўнутраны рынак, асноўныя спажыўцы – хлебазаводы. Доля ў гандлі павялічыцца з увядзеннем стограмовай фасоўкі. Пры выхадзе на праектную магутнасць плануем 60 – 65% прадукцыі пастаўляць на экспарт. І тады наша прадпрыемства, спадзяюся, значна дапаможа развіццю эканомікі раёна,  Цяпер наша задача заваяваць давер спажыўцоў на ўнутраным рынку, паступова нарошчваць экспарт.

Для доступу на рынкі еўрапейскіх краін на СТАА «Інтэрферм» працуюць над укараненнем сістэмы сертыфікацыі IFS. Таксама разглядаецца магчымасць выпуску вадкіх дражджэй (прамежкавая сыравіна для вытворчасці прасаваных дражджэй), якія выкарыстоўваюць многія хлебапякарныя прадпрыемствы ў Еўропе. Гэта значна зручней з тэхнічнага боку. Але і патрабаванні па стандартах да такога віду прадукцыі высокія.

СТАА «Інтэрферм» прадпрыемства экалагічнае. Тут уведзена абаротнае водазабеспячэнне, лакальныя ачышчальныя збудаванні.  Падчас будаўніцтва завода тэхналагічны працэс  ўдасканальваўся, і ў выніку ў разы скарацілася негатыўнае ўздзеянне на асяроддзе. 

– Калектыў у нас малады, узрост большасці – да 40 гадоў. Адзін з важных крытэрыяў пры адборы кадраў – веданне замежнай мовы хаця б у межах школьнай праграмы: тэхналогіі, абсталяванне нямецкае. Вядома, звяртаем увагу на адукацыю, прафесіяналізм, – адзначае П.А. Шкатула. – У нас працуюць спецыялісты-ўніверсалы, якія могуць выконваць работы на розных участках, у многіх вышэйшая адукацыя. Як і на любой іншай вытворчасці, якасць выпускаемай прадукцыі залежыць у тым ліку ад прафесіяналізму работнікаў. Умовы працы на прадпрыемстве камфортныя, заработная плата годная. І мы маем добрыя перспектывы.

Ірына ВЕЧАР.
К списку записей раздела