Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика

Народныя традыцыі ў ракурсе сучаснасці: натуральнасць, якасць, прыгажосць

21.09.2023
– Наша прадпрыемства з упэўненасцю можна назваць адмысловым. Тут вырабляецца  эксклюзіўная прадукцыя высокага мастацкага выканання, з нацыянальным каларытам, па ўнікальнай тэхналогіі, – гаворыць дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Слуцкія паясы» Святлана Бандарчук.


– Канечне, найперш я маю на ўвазе выраб копій знакамітых Слуцкіх паясоў. Гэта вялікі гонар, бо Слуцкі пояс – сусветна вядомая каштоўнасць, культурны брэнд роднай Беларусі. Па ініцыятыве Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі ў 2012 – 2015 гадах была ажыццёўлена Дзяржаўная праграма адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу Слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі. У выніку была праведзена карэнная рэканструкцыя прадпрыемства, створаны ўнікальны ткацкі станок «Mageba» з праграмным кіраваннем, які не мае аналагаў у свеце. На гэтым станку цяпер выпускаем копіі Слуцкіх паясоў, у тым ліку з залатой і сярэбранай ніткамі, як рабілі слуцкія ткачы ў старажытнасці.

Інжынер-тэхнолаг Таццяна Шатарнова расказала, што на прадпрыемстве могуць вырабіць 14 відаў паясоў (двух і чатырохбаковых, у розных колеравых гамах). Ад аўтэнтычных паясоў копіі адрозніваюцца памерамі і некаторымі тэхналагічнымі нюансамі. Шырыня копій Слуцкіх паясоў аднолькавая – 32 – 34 сантыметры, а вось даўжыня вагаецца ад 1,45 да 3,40 метра. Залатыя ці сярэбраныя ніткі складаюць у копіях каля 30 – 35 працэнтаў, іх дарэчы, прывозяць з Расійскай Федэрацыі. Выкарыстоўваюць таксама шаўковыя ніткі. У сярэднім за месяц пад заказ вырабляюць тры копіі Слуцкіх паясоў. Як адзначаюць на прадпрыемстве, яны запатрабаваны, нярэдка з’яўляюцца падарункам для самых высокапастаўленых гасцей нашай краіны. Набываюць копіі і ўстановы культуры, музеі, у прыватныя калекцыі. Пры жаданні любы можа стаць уладальнікам цудоўнай копіі Слуцкага пояса. Так і зрабіла адна з жыхарак Беларусі, якая заказала такую прадукцыю для свайго мужа. Кошт адной копіі вагаецца ад 7 да 14 тысяч рублёў.

Вырабам гэтай адмысловай прадукцыі на прадпрыемстве займаюцца два ткачы: вопытная працаўніца Наталля Місько і малады спецыяліст Валерыя Каспшынская. 




Ткацкі станок «Mageba» – абсталяванне складанае, якое патрабуе пэўных ведаў, навыкаў, уважлівасці і акуратнасці. З гэтай задачай ткачыхі спраўляюцца выдатна. Дарэчы, прадпрыемства па-ранейшаму падтрымлівае моцныя дзелавыя сувязі з Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным інстытутам, дзе распрацоўваюць праграмы новых малюнкаў копій Слуцкіх паясоў, з супрацоўніцай гэтай установы – прафесарам Галінай Казарноўскай. Плануюць, што ў бліжэйшы час з’явіцца яшчэ адзін новы варыянт копіі Слуцкага пояса.

– Наша задача – захаваць і ўвасобіць у сучасных вырабах лепшыя мастацкія традыцыі, майстэрства нашых продкаў, – адзначыла дырэктар прадпрыемства «Слуцкія паясы» Святлана Бандарчук. – Вялікую падтрымку ў гэтым аказвае Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Хачу нагадаць, што вытворчасць нашага прадпрыемства шматгранная, мы выпускаем не толькі копіі Слуцкіх паясоў, але і іншую сувенірную прадукцыю, у тым ліку  ручнікі, сурвэткі, пано, міні-паясы, абярэгі, лялькі, закладкі для кніг і многае-многае іншае. Вырабляем таксама бялізну, пакрывалы, коўдры, падушкі, пледы, разнастайныя камплекты для пакояў, адзенне. Асабліва хачу падкрэсліць, што несумненнымі перавагамі  прадукцыі прадпрыемства «Слуцкія паясы» з’яўляюцца яе натуральнасць, экалагічнасць і высокая якасць! Мы не адступаем ад сваіх ранейшых прынцыпаў і выкарыстоўваем толькі натуральную сыравіну. Зразумела, многія нашы вырабы аздоблены, стылізаваны  нацыянальнымі арнаментамі, узорамі, іншымі атрыбутамі мастацкай, народнай творчасці. Гэта вельмі прыгожа!





Святлана Уладзіміраўна расказала, што натуральная прадукцыя, канечне, каштуе даражэй. Але на прадпрыемстве знаходзяць варыянты зніжэння яе кошту, большай набліжанасці да пакупніка. Напрыклад, набылі  адпаведнае абсталяванне і прыступілі да вырабу багетных рамак для пано з фрагментамі копій Слуцкага пояса. У перспектыве не выключана верагоднасць вырабу багетных рамак на продаж. А яшчэ наладзілі выпуск аблегчаных коўдраў з натуральным ільняным напаўняльнікам. Для гэтай мэты купілі шматіголкавую вышывальную машыну з праграмным кіраваннем. Дарэчы, такія коўдры карыстаюцца асаблівым попытам у пакупнікоў, коўдры можна выкарыстоўваць таксама і як пакрывала, і як плед.

– У кожным вырабе нашага прадпрыемства не толькі праца, але і часцінка душы працаўнікоў, умельцаў, якія аддана захоўваюць запаветы майстроў-папярэднікаў, багаты вопыт слуцкіх ткачоў і ткачых, дапаўняюць яго новымі здабыткамі, – гаворыць дырэктар. – Нацэлены, каб эстафету прымала маладое пакаленне, каб вучылася майстэрству, прымнажала яго, каб гэтак жа ганарылася гісторыяй і культурай сваёй радзімы.
Наталля СЕЛЯЗНЁВА. 
К списку записей раздела