Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика

Да зямлі па-гаспадарску

02.06.2019
Добрая і патрэбная справа – ператвараць зямлю ва ўрадлівыя сельгасугоддзі, на якіх закаласіцца пшаніца, зашуміць пад летнім ветрам сакавітая трава, пацягнецца да сонца бульба або вырастуць сядзібы вяскоўцаў з агародамі і яблыневымі садамі.  Усё гэта і не толькі – дзякуючы рабоце меліяратараў. Прадстаўнікі гэтай прафесіі павінны ўмець выкарыстоўваць найноўшыя дасягненні аграноміі, быць тэхнічна дасведчанымі, дальнабачнымі.

Напярэдадні прафесійнага свята – Дня меліяратара – дырэктар Слуцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Аляксандр Міхайлавіч Харэвіч расказаў карэспандэнту «Слуцкага краю» аб рабоце прадпрыемства.

Слуцкае ПМС абслугоўвае 54 143 га асушаных зямель Слуцкага раёна, 2 200 меліярацыйных каналаў, 535 водарэгулюючых збудаванняў, 483 пераязныя збудаванні, 53 км  дамбаў і дарог, вадасховішча Рудня.

– У 2018 годзе работнікамі прадпрыемства было адрамантавана 31 меліярацыйнае збудаванне, у 2019 за 5 месяцаў – 29, уведзена ў эксплуатацыю 1 438 га (13,5% ад уведзеных плошчаў у вобласці), – расказвае Аляксандр Міхайлавіч. – Сёння вядуцца актыўныя работы па пакосе травы ўздоўж трасы Р-23 і дарогі на Пагост.

Асноўныя работы прадпрыемства ў 2018 годзе вяліся па рэканструкцыі меліярацыйных сетак. Па дзяржпраграме на бягучую пяцігодку было запланавана ўвесці ў эксплуатацыю 450 га зямель, цяпер завяршаюцца работы па ўвядзенні апошніх 168 га ў Рачкавічах.

У 2019 годзе арганізацыя засяроджана на рамонце меліярацыйных збудаванняў, плануе выпусціць перадпраектную дакументацыю па пяці маставых і шлюзавых збудаваннях.

У чацвёртым квартале 2019 года, першым, другім кварталах 2020 года плануецца ачыстка ўчастка ракі Случ ад вёскі Рудня да вёскі Вынішчы. Гэта звязана з не стопрацэнтнай эфектыўнасцю выкарыстання зямель гаспадаркамі «Наша Ніва» і «Агра-Замосце».  У 2021 годзе ў планах рэканструкцыя паводкавага скіду вадасховішча Рудня.

Нямала ўвагі надаецца абнаўленню матэрыяльна-тэхнічнай базы прадпрыемства, так, у мінулым годзе набыты два экскаватары, у 2019 – легкавы аўтамабіль «Ніва».

– Прадукцыйнасць працы расце, расце і заработная плата, –  адзначае Аляксандр Міхайлавіч, – якая склала 723 рублі ў сярэднім па арганізацыі. У гэтым годзе плануем выйці на сярэднюю па раёне.

Па выніках 2018 года Слуцкі раён займае другое месца ў вобласці па ўводзе меліярыраваных і рэкультываваных плошчаў: уведзена ў эксплуатацыю амаль 1 500 га зямлі.

– На прадпрыемстве працуюць 80 чалавек. Я ганаруся нашымі работнікамі, іх адказнасцю і працавітасцю.

Але асабліва хацелася б адзначыць працу электрагазазваршчыка Сяргея Уладзіслававіча Раманава (на здымку). Гэта адзіны зваршчык у нашай арганізацыі, і ён спраўляецца з рамонтам тэхнікі і гідратэхнічных збудаванняў.

Сяргей Уладзіслававіч працуе на прадпрыемстве з 2006 года, газаэлектразваршчыкам – з 18 гадоў.

– Мая работа заключаецца ў тым, каб уся тэхніка працавала. Калі ў мяне няма працы – значыць уся яна спраўная. Рамантую на выездзе, а калі рамонт доўгатэрміновы – дастаўляем агрэгат на базу, і стараюся як мага хутчэй вярнуць яго ў эксплуатацыю.

У 2019 годзе Слуцкаму прадпрыемству меліярацыйных сістэм споўніцца 65 гадоў.

Ірына МАЛЯЎКА.

К списку записей раздела