Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Экология

Зялёны ўбор малой радзімы

19.04.2018
Тыдзень лесу стартаваў у Беларусі, у тым ліку на Случчыне, 14 красавіка. Акцыя праходзіць ужо адзінаццаты раз і сёлета прысвечана  Году малой радзімы і аднаўленню пашкоджаных насякомымі лясоў. Плануецца высадзіць больш за 18 млн дрэўцаў на плошчы звыш 3,7 тысячы гектараў.

Случчане таксама не застаюцца ў баку ад добрай справы. У пасадцы лесу прымаюць удзел некаторыя індывідуальныя прадпрымальнікі, работнікі воцатнага завода, лячэбна-працоўнага прафілакторыя і іншыя, паведаміў намеснік дырэктара ДЛГУ «Слуцкі лясгас» па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Рыгоравіч Жылко. І пасадачным матэрыялам, і інвентаром усіх жадаючых паўдзельнічаць у акцыі забяспечаць, месца для пасадкі прызначаць, трэба толькі звярнуцца ў лясгас.

На працягу года нам трэба ўзнавіць прыкладна 400 гектараў лесу,  – расказаў А.Р. Жылко. – У шасці  нашых лясніцтвах работа ўжо кіпіць, плошчы падрыхтаваны для лесаўзнаўлення, і да пачатку тыдня лесу засаджана ўжо каля 150 гектараў. Сёння да нас падключыліся супрацоўнікі апарата ўпраўлення Міністэрства лясной гаспадаркі, яны працавалі ў лесапаласе надалёка ад вёскі Залессе, засадзілі каля 2,5 гектара. 

Разам з ляснічымі Вараб’ёўскага лясніцтва пасадзілі некалькі дрэўцаў і супрацоўнікі  рэдакцыі «Слуцкага краю» і райкама БРСМ. Работа, скажу я вам, толькі на першы погляд даволі простая. Але ж такая прыемная: праз некалькі гадоў на месцы малюсенькіх пушыстых галінак будуць ужо даволі дужыя дрэўцы. Думаю, кожны, хто хоць раз сам садзіў лес, ніколі не пашкодзіць нават галінку. І не стане пакідаць пасля адпачынку смецце. 

Прыгожыя дагледжаныя лясы – вынік карпатлівай работы спецыялістаў лясной гаспадаркі. А дапамагчы ім у гэтым можа кожны, хто лічыць сябе сябрам прыроды. Прыемна ведаць, што на вялікай зялёнай тэрыторыі растуць некалькі дрэўцаў, пасаджаных тваёй рукой. Праўда, толькі высадзіць іх мала. Колькі яшчэ працы з імі! На жаль, некаторыя не задумваюцца, колькі яе ўкладзена, каб нам было прыемна адпачываць у лесе, любавацца яго прыгажосцю. 

Лес любіць клопат. І калі адносіцца да яго адпаведна – аддзячыць абавязкова. Беражыце лес!

Ірына ШЧАРБОВІЧ.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения