Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Экология

Ахоўваць і берагчы прыроду

05.06.2020
Пра канстытуцыйны абавязак, чырванакніжнікаў на Случчыне, перспектыву без палігонаў камунальных адходаў чытайце ў інтэрв’ю з начальнікам Слуцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргеем Аляксандравічам Цыбулькам.
 
– Сяргей Аляксандравіч, зразумела, што дзейнасць раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў шматпланавая, аднак абагуліўшы, можна сказаць, што яна ўключае кантроль за станам «асноўных стыхій»  на тэрыторыі  раёна – паветра, вады, зямлі, а таксама жывёльнага і расліннага свету. Што ў прыярытэце ў гэтым годзе?


– Усе накірункі раўназначныя, у прыродааўхоўнай дзейнасці не бывае дамінанты. Для прыроды, для жыцця чалавека, які з’яўляецца яе часткай, важная гармонія, баланс усіх складальнікаў. Збой у адным прыводзіць да парушэнняў у іншых… Так што працуем па ўсіх напрамках. У выніку мер, прынятых мясцовымі органамі ўлады, суб’ектамі гаспадарання, праводзімай кантрольнай, прафілактычнай дзейнасці інспекцыі за папярэднія гады ў раёне дасягнута паляпшэнне экалагічных паказчыкаў. Напрыклад, да 20% павысіўся ўзровень лясістасці Случчыны, да сярэднярэспубліканскага паказчыка нам пакуль далекавата, аднак тэндэнцыя павышэння захоўваецца. Ёсць добрыя зрухі на водных аб’ектах, у тым ліку сёлета наша рака Случ Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі прызнана адной з самых чыстых у краіне, што ў значнай ступені абумоўлена высокай эфектыўнасцю работы ачышчальных збудаванняў прадпрыемстваў на вадаскідах у раку. Яшчэ адно пацвярджэнне станоўчай сітуцыі на вадаёмах – на адным з участкаў ракі Сівельга на тэрыторыі Случчыны разраслася папуляцыя рака доўгапалага, што, безумоўна, сведчыць аб чысціні вады. З мэтай рэгуляцыі папуляцыі рака нават праведзены таргі па продажу права на яго адлоў.

На шэрагу прадпрыемстваў і арганізацый забяспечана зніжэнне выкідаў у атмасферу. Слуцкія землі радуюць досыць высокай біяразнастайнасцю. Паказчыкам стабільнай экалагічнай сітуацыі з’яўляецца вяртанне на Случчыну некаторых птушак і раслін, занесеных у Чырвоную Кнігу Беларусі.

– Цікава, хто ж такія?

– Прыгожыя птушкі – чорны бусел, чорны каршун, малы падворлік, шэры журавель, вялікі і малы бугай (большая и малая выпь), а яшчэ рэдкая прадстаўніца земнаводных – камышовая жаба, выяўлена 12 спяваючых самцоў. Навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах у мінулым годзе выяўлены на тэрыторыі раёна чырванакніжнік класа насякомых – плывунец шырачайшы. У ліку чырванакніжных раслін Случчыны – ароніка борная і сон-трава (прострел раскрытый. Хачу падкрэсліць, што тэрыторыі пасялення птушак і раслін, занесеных у Чырвоную Кнігу, знаходзяцца пад аховай, якую абавязаны забяспечваць землекарыстальнікі. У гэтым годзе работнікі нашай інспекцыі і Слуцкага лясгаса правядуць агляд на слуцкіх землях месцаў пасялення чырванакніжных птушак, а таксама раслін. Гэта досыць працаёмкая справа, праводзіцца раз у тры гады. 



– Сяргей Аляксандравіч, як суб’екты гаспадарання раёна спраўляюцца з выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства?

– Пачнём з таго, што любая гаспадарчая дзейнасць чалавека наносіць пэўную шкоду навакольнаму асяроддзю. Галоўная задача, якая стаіць перад эколагамі, мінімізаваць яе, на гэта скіраваны нашы намаганні. Не ўсё ўдаецца рашыць адначасова, некаторыя мерапрыемствы прадпрыемстваў і арганізацый доўгатэрміновыя, патрабуюць значных фінансавых укладанняў. Тым не менш, паслядоўная работа ў гэтым напрамку прыносіць свае вынікі. Прыемна адзначыць, што ў мінулым годзе на асфальтавых заводах ДБУ-9, таварыства з абмежаванай адказнасцю «Дарбудсэрвіс» усталявалі газаачышчальныя ўстаноўкі, што забяспечыла істотнае зніжэнне выкідаў у атмасферу. Пасля нашай праверкі на прадпрыемстве «Вудэнхаус» адрэгулявалі новыя цеплагенератары, у выніку прадпрыемства дасягнула нарматыўных паказчыкаў па выкідах у атмасферу. Падчас праверкі на прадпрыемстве «Інтэрферм» выявілі пэўныя праблемы з ачысткай ліўневых вод, задача будзе вырашана пасля некаторай рэканструкцыі ліўневай сістэмы… Такіх прыкладаў можна прывесці нямала. 

У раёне за бюджэтныя сродкі актыўна праводзіцца работа па тампанажу артэзіянскіх свідравін – дзеля недапушчэння забруджвання грунтовых вод. Сёлета тампанаж васьмі артэзіянскіх свідравін правядуць у ААТ «Казловічы-Агра».

На жаль, ёсць прыклады і адваротнага характару. У прыватнасці, адно з болевых пытанняў – нямэтавае выкарыстанне сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна ўнутрыгаспадарчых кар’ераў, іх на Случчыне 14. Нярэдка кар’еры ператвараюць у сметнікі. За такія нядбайныя адносіны да экалогіі роднага краю кіраўнікам, калектывам даводзіцца плаціць вялікія штрафы.

Больш востра абазначылася і яшчэ адна праблема – у гэтым годзе на тэрыторыі раёна здарылася 33 пажары ў экасістэмах. Пра недапушчэнне ўзгаранняў павінны клапаціцца землекарыстальнікі – сельскагаспадарчыя арганізацыі, сельсаветы. На жаль, меры іншы раз прымаюць недастатковыя. Землекарыстальнікам прад’яўлены прадпісанні на пакрыццё ўрону, нанесенага прыродзе, – да 2 000 рублёў у кожным выпадку.

– Яшчэ адна экалагічная праблема – распаўсюджанне інвазіўных раслін. Ці ўдаецца перамагчы гэтых зялёных шкоднікаў?

– Штогадовая работа па знішчэнні баршчэўніка Сасноўскага прыносіць свае вынікі: дзесяць гадоў таму гэта агрэсіўная расліна займала на тэрыторыі Случчыны каля 40 гектараў, сёлета – 25. Цяпер гэта маленькія ўчасткі па некалькі каліваў баршчэўніка, а не вялікія плошчы, як было раней. Куды больш складаная сітуацыя з сумнікам (золотарником) канадскім, які займае ў раёне каля 40 гектараў. У адрозненне ад баршчэўніка, залатарнік не прадстаўляе небяспекі для чалавека, але ён наступальна засяляе тэрыторыі, выціскаючы іншыя расліны. На знішчэнне інвазіўных раслін штогод выдзяляюцца бюджэтныя сродкі, сёлета выдаткавана 25 000 рублёў. Работы (хімапрацоўку раслін) выконвае спецыялізаваная арганізацыя. З мэтай спынення распаўсюджання сумніка канадскага, захавання біялагічнай разнастайнасці, лепшага кругазвароту вады (узровень грунтовых вод зніжаецца) у планах правядзенне забалочвання вярхоўя ракі Случ на плошчы каля 300 гектараў.

– Нягледзячы на папераджальныя, кантрольныя меры, растлумачальную работу з насельніцтвам, з калектывамі на працягу ўжо шэрагу гадоў, канчаткова пазбавіцца ад несанкцыянаваных сметнікаў у раёне пакуль не ўдаецца…

– Комплексная работа органаў улады, сельвыканкамаў, інспекцыі, ЖКГ, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, сельгасарганізацый, прадпрыемстваў, іншых зацікаўленых структур прыносяць свае вынікі. Відавочна, што колькасць несанкцыянаваных сметнікаў за мінулыя пяць – дзесяць гадоў на Случчыне адчувальна зменшылася. Станоўча паўплывала на гэта арганізацыя вывазу смецця ЖКГ ад прыватных падворкаў случчан, сістэмная работа з жыхарамі.

На жаль, пытанне несанкцыянаваных сметнікаў застаецца пакуль актуальным. Нядбайныя гаспадары, прадпрымальнікі, іншыя суб’екты гаспадарання нярэдка вывозяць камунальныя, вытворчыя адходы ў прылескі, на абочыны, у прыдарожныя зоны… Рашэнню «сметнікавай» праблемы ў тым ліку садзейнічае раздзельны збор камунальных адходаў (пластыка, шкла, макулатуры). Штогод Случчына папаўняецца болей чым 50 кантэйнерамі для раздзельнага збору бытавога смецця. Такія кантэйнеры ўстаноўлены ў Слуцку, а яшчэ на тэрыторыі Сорагскага сельсавета, дзе праводзяць свайго роду эксперымент па раздзельным сборы камунальных адходаў. Хачу падкрэсліць, што гэты праект быў ахвотна падтрыманы жыхарамі сельсавета.

Пытанне раздельнага збору бытавых адходаў сёння рашаецца ў фармаце павышэння атрымання з іх другасных матэрыяльных рэсурсаў. У адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай «Камфортнае жыллё» Слуцкаму раёну вызначана заданне на гэты год па вылучэнні  другасных матэрыяльных рэсурсаў  25%. Работа ў гэтым кірунку праводзіцца: актывізавана дзейнасць нарыхтоўчых арганізацый, узаемадзеянне з насельніцтвам, прадпрыемствам і арганізацыям вызначаны заданні па зборы другаснай сыравіны, Слуцкім ЖКГ на гарадскім палігоне камунальных адходаў устаноўлена новая лінія сартавання адходаў. Калі ў 2019 годзе паказчык атрымання другасных матэрыяльных рэсурсаў складаў на Случчыне 18,6%, то па стане на 1 мая гэтага года – 19,5%.



Случчанская зямля без сметнікаў – гэта рэальна, па-першае, калі самі случчане гэтага захочуць. А па-другое, у бліжэйшай перспектыве ў раёне плануецца закрыццё і рэкультывацыя наяўных палігонаў камунальных адходаў: сёлета – у Горках, у наступным годзе – у Грэску і Забалаці, да 2025 года – гарадскога палігона ў Лясішчах. Вываз смецця са Случчыны будзе праводзіцца на рэгіянальны палігон пад Салігорскам.

Хачу нагадаць случчанам, што ахова навакольнага асяроддзя – абавязак кожнага, які вызначаны артыкулам 55 Канстытуцыі нашай краіны. І не забывайце – прырода, зямля – наш агульны дом, які трэба любіць, пра які мы павінны клапаціцца…

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.


К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения