Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Культура / Духовное

В Слуцке состоялся крестный ход, посвященный памяти праведной Софии княгини Слуцкой

01.04.2018
Так сёлета супала, што 1 красавіка праваслаўныя вернікі адзначалі свята Увахода Гасподня ў Іерусалім і дзень памяці святой праведнай княгіні Сафіі Слуцкай, ахоўніцы і заступніцы нашага краю.

Святкаванне Уваходу Гасподняга ў Іерусалім прысвечана ўпамінанню вядомай евангельскай падзеі, калі Іісус Хрыстос прыйшоў у горад, каб перанесці пакуты і смерць на Крыжы.

Евангеліст Іаан апісвае ўрачыстае вітанне Яго так: «…мноства народу, што прыйшло на свята, пачуўшы, што Іісус ідзе ў Іерусалім, узялі пальмавыя галіны, выйшлі насустрач Яму і ўсклікалі: асанна (слава)! Благаславенны той, хто ідзе ў імя Гасподне».

Таму са старажытных часоў у гэты дзень існаваў звычай асвячаць вярбу, бо яна ў нас распускаецца першай. І мы, трымаючы ў руках галінкі, услаўляем  Збавіцеля як Пераможцу смерці. Гэта свята ў народзе яшчэ называецца Вербнай нядзеляй.

Хрэсны ход случчан і паломнікаў са ступнёй святой праведнай княгіні Сафіі Слуцкай і дакладнай копіяй Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай узначалілі сакратар Слуцкага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Мікалай Лабынько і благачынны Слуцкай царкоўнай акругі протаіерэй Ігар Штэпа.

Хрэсны ход прайшоў ад кафедральнага сабора Архангела Міхаіла па вуліцах Сацыялістычнай, Леніна, Максіма Багдановіча, Старадарожскай да манастыра святой праведнай княгіні Сафіі Слуцкай.

У храме святых бяссрэбранікаў Касьмы і Даміяна Рымскіх святочнае богаслужэнне ўзначаліў епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній.

Пасля адпуста Божай літургіі яго Праасвяшчэнства разам са свяшчэннаслужыцелямі  ўславілі свята Увахода Гасподняга ў Іерусалім, святую праведную княгіню Сафію Слуцкую і правялі асвячэнне вербачак.

Звяртаючыся да вернікаў са словамі настаўлення, уладыка Антоній пажадаў, каб тыдзень пакут Хрыстовых  стаў часам суперажывання і малітвы, часам маўчання і роздуму, часам любві і прадчування Светлага Уваскрасення Госпада нашага Іісуса Хрыста. І каб малітвамі  святой праведнай Сафіі Слуцкай кожны з нас меў цвёрдую веру і шчырую любоў да Бога, людзей і Айчыны.

Галіна ЛЕМЕШ.
Фота Ірыны КАВАЛЕНКІ.







К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения