Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Культура / Культура

ХХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна - 2022” пройдзе 10 – 11 чэрвеня

04.06.2022
 Амаль трыццаць гадоў (з 1993 года) Маладзечна гасцінна збірае аматараў і прыхільнікаў творчасці на адно з самых значных культурных падзей горада і краіны – Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”.  

Канцэпцыя гэтага творчага форуму заснавана на агульнанацыянальным культурным свяце, накіраваным на далучэнне нацыянальных каштоўнасцей беларускай культуры, развіццё музычнага і песеннага мастацтва беларускіх аўтараў, захаванне беларускай мовы і папулярызацыю творчасці беларускіх кампазітараў і паэтаў, аб’яднанне творчых сіл, пераемнасць пакаленняў. Гэтыя тэмы знойдуць сваё адлюстраванне ў мерапрыемствах розных жанраў і напрамкаў, прымеркаваных да Года гістарычнай памяці, юбілейных дат (140-годдзе беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа), звязаныя з лёсамі кампазітараў, паэтаў і выканаўцаў.
Уся атмасфера фестывалю будзе прасякнута духам творчасці, нацыянальнай самасвядомасці і вялікага гонару за нашы багатыя таленты і нашу краіну.

На галоўных гарадскіх пляцоўках 10 – 11 чэрвеня адбудуцца шматлікія творчыя сустрэчы, цікавыя выставы, тэатральныя пастановы і самае галоўнае – конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. 

10 чэрвеня

Выставачнае фае Палаца культуры, 10.00 – выстава “Памяць пакаленняў” (да Года гістарычнай памяці) беларускіх жывапісцаў ГА “Беларускі саюз мастакоў”. 

Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Сустрэча з маладымі артыстамі адбудзецца ў 10.30 і 14.00 (канцэртная зала Палаца культуры).

У 11.00 гадзін на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра пройдзе спектакль “Нельга нам без сябра”.

У Мінскім абласным краязнаўчым музее ў 11.15 пройдзе выстава “Песняры роднага краю”, падрыхтаваная сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы і Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа. 

Таксама госці фестывалю змогуць пабачыць выставу “Дрэва жыцця” Маладзечанскай школы выцінанкі – элемента гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

У кінатэатры “Радзіма” адбудзецца прэзентацыя дакументальнага фільма “Імправізацыя”, прысвечанага памяці народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга. 

Таксама адбудзецца творчая прэзентацыя выставы “Заўсёды з вамі. Міхаіл Фінберг”, прысвечанай 75-годдзю з дня нараджэння народнага артыста Беларусі. Пачатак у 12.00.

У Мінскім абласным тэатры лялек “Батлейка” пройдзе спектакль “Залатая табакерка” па п’есе аўтара і рэжысёра Алёны Плютавай. Пачатак у 12.00.

Душэўны і цікавы праект “Асоба эпохі” арганізуе ў гэтым годзе творчую сустрэчу з беларускім кампазітарам, народным артыстам Беларусі Леанідам Канстанцінавічам Захлеўным. Мерапрыемства адбудзецца ў 15.00 у малой зале Палаца культуры.

У Мінскім абласным тэатры лялек “Батлейка” ў 16.00 пройдзе спектакль “Тыграня Петрык” па п’есе Ханны Янушэўскай. 

Канцэртная зала Палаца культуры запрашае ў 17.00 на грандыёзны праект “Маладыя галасы Беларусі”.

Спектакль “Сёстры Дастаеўскія” па п’есе драматурга, беларускага пісьменніка Ягора Конева пройдзе на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра ў 18.00. 

Высокае мастацтва імправізацыі, запальныя рытмы, рэдкае пачуццё ансамбля чакае вас у творчым праекце “Мелодыя сэрца”. Лепшыя айчынныя творы беларускіх кампазітараў прагучаць у суправаджэнні эстраднага аркестра “Бай-блюз” Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага на Цэнтральнай плошчы горада.  Пачатак мерапрыемства ў 19.00.

Урачыстае адкрыццё песенна-музычнага форуму адбудзецца ў 21.00 на сцэне летняга Амфітэатра. Жыхары і госці Маладзечна змогуць пабачыць прэм’еру канцэрта “XXI - адлік новога часу. Пачатак” у выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. 

У 23.00 у Амфітэатры пачнецца  “ФэстМ” – маладзёжная крэатыўная прастора (дыскатэка).

11 чэрвеня

Другі дзень фестывалю пачнецца з паэтычных чытанняў “Люблю цябе, мой родны край” паэтаў, членаў грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, якія пройдуць у Купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Вязынка”. Пачатак мерапрыемства ў 10.00.

Прэм’ера канцэрта акадэмічнай музыкі “Беларускія музычныя скарбы: другое нараджэнне” струннага аркестра Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” адбудзецца ў 10.30 у канцэртнай зале Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў. 

ГА “Беларускі саюз кампазітараў” прадстаўляе праект “МУЗЫЧНЫ АЛІМП” – узнагароду за захаванне нацыянальных песенных традыцый, стварэнне высокамастацкіх твораў і беларускіх хітоў. Мерапрыемства адбудзецца ў канцэртнай зале Палаца культуры ў 11.00.

Казка-гульня па матывах п’есы Аркадзя Хайта “Сцеражыся, Леапольд!” адбудзецца ў Мінскім абласным драматычным тэатры. Пачатак спектакля ў 11.00.

У Мінскім абласным тэатры лялек “Батлейка” пройдзе спектакль “Доктар Айбаліт”. Пачатак спектакля ў 13.00.

У гэты ж час галерэя цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М.Багдановіча запрашае на прэзентацыю Рэспубліканскага мастацка-патрыятычнага праекта “Бачу Беларусь такой”  і фотапаэтычных кніг “Зачараваны Беларуссю”, “Бачу Беларусь такой”, “Мая Радзіма” і “Навасады: малая Радзіма”. 

У касцёле Святога Юзафа ў 13.30 пройдзе канцэрт “Музыка беларускіх кампазiтараў-майстроў мастацтва – пакаленню ХХI стагоддзя”. 

Зала ўрачыстасцяў Палаца культуры запрашае ў 14 гадзін на творчую сустрэчу з аўтарскай групай праекта “Наперад у мінулае” з нагоды 10-годдзя праекта. 

Таксама госці фестывальнага Маладзечна змогуць наведаць выставу фотаздымкаў аўтараў праекта “Жывая спадчына”. 

Канцэртная зала Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага і Беларускі саюз кампазітараў запрашаюць ў 15.00 наведаць творчы праект “Сустрэча ля раяля. Беларускі раманс”. 

Мінскі абласны драматычны тэатр у 15 гадзін запрашае ўсіх аматараў тэатральнага мастацтва на спектакль “Дядюшкин сон” паводле вядомай аповесці класіка рускай літаратуры Фёдара Дастаеўскага. 

У гэты ж час аматары літаратурнага і музычнага мастацтва сустрэнуцца з вядомымі паэтамі, кампазітарамі, дзеячамі культуры Беларусі.

У малай зале Палаца культуры адбудзецца музычна-паэтычная гасцёўня  “Паэтычная спадчына – нашчадкам запавет”. 

У 18 гадзін у Мінскім абласным тэатры лялек “Батлейка” пройдзе спектакль “Шлях да Бэтлеему”. 

Канцэртная зала Палаца культуры у 18.00 запрашае на спектакль “Чорная Панна Нясвіжа” Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы.
 
У летнім Амфітэатры ў 21.00 пройдзе гала-канцэрт закрыцця “НАСТАЛЬГІЧНЫ ДЫВЕРТЫСМЕНТ” ХХI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2022” у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І.Жыновіча. 

Жыхары і госці горада змогуць атрымаць асалоду ад канцэрта з удзелам легендаў беларускай эстрады, артыстаў, сучасных маладых выканаўцаў. Пачуць і праспяваць любімыя хіты гледачы змогуць разам з народным артыстам Беларусі Уладзімірам Громавым,  заслужанымі артыстамі Рэспублікі Беларусь Ірынай Дарафеевай, Аляксандрам Саладухай, Аленай Ланской, Уладзіславам Місевічам, заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь ансамблем “Сябры”, Беларускім дзяржаўным ансамблем “Песняры”, групай “Аура”, ансамблем “Чараўніцы”, пераможцам шоу “Х-Фактар.Беларусь” Андрэем Панісавым і іншымі.

Акрамя асноўных мерапрыемстваў фестывальная праграма прапануе гледачам і ўдзельнікам музычна-паэтычнага свята шэраг цікавых мерапрыемстваў:

 Тэлеперадача “Фестываль у аб’ектыве” з удзелам дзеячаў культуры і мастацтваў Беларусі (тэлепраграма “МКТБ” – 10 і 11 чэрвеня);
 Канцэртная праграма “Мелодыя маёй краіны” творчых калектываў Маладзечанскага раёна (Цэнтральная плошча – 11 чэрвеня, 12.00-15.00);
 Канцэрт джазава-эстраднай музыкі “Джазавы калейдаскоп” у выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” (Чысцінскі сельскі дом культуры – 11 чэрвеня, 17.00);
 Сумесная творчая сустрэча мастацкіх дзеячаў Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза кампазітараў “Калі душа спявае” (Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя М.Багдановіча – 11 чэрвеня, 17.00);
 Паэтычная пляцоўка “Чытаем Купалу і Коласа” з удзелам беларускіх паэтаў (Пляцоўка-сквер дэкаратыўна-паркавых скульптур “Вернісаж камянёў” ля Палаца культуры – 11 чэрвеня, 18.30).

На працягу фестывальных дзён разгорнуць працу адкрытыя пляцоўкі, якія размесцяцца на Цэнтральнай плошчы, вуліцы Прытыцкага, у гарадскім парку культуры і адпачынку імя Перамогі, а таксама каля кінатэатра “Радзіма”. 

Так, на Цэнтральнай плошчы адбудзецца канцэртная праграма “Мой край – мая песня” творчых калектываў Маладзечанскага раёна (10 чэрвеня, 15.00-18.00); канцэрт “Табе, Беларусь, прысвячаю!” творчых калектываў Брэсцкай,  Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай вобласцей (11 чэрвеня, 15.00-18.00), канцэрт “Песняй славім Беларусь” творчых калектываў Мінскай вобласці (11 чэрвеня, 18.00-21.00).

Таксама можна будзе наведаць мабільны музей-экспазіцыю “Дарога памяці” ўстановы “Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны”, выставу рэтра-аўтамабіляў, а таксама дэманстрацыю пажарна-аварыйна выратавальнай тэхнікі МНС ў рамках рэспубліканскай акцыі  “Канікулы без дыму і агню”.

Па вуліцы Прытыцкага ля кінатэатра “Радзіма” разгорне сваю работу “ПАРТАЛ ЧАСУ. Міншчына: гісторыя і сучаснасць” да Года гістарычнай памяці. Госці свята могуць здзейсніць своеасаблівае “падарожжа ў часе” ад старажытнасці да сучаснасці.

У кінатэатры “Радзіма” пройдзе дэманстрацыя фільмаў з «Залатой калекцыі» РУП «Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм».
Знойдуць сабе занятак у святочныя дні дзеці і моладзь фестывальнага Маладзечна, наведаўшы творчую прастору “Беларускі АРТ-куток” (10 чэрвеня, 15.00), а таксама канцэртна-забаўляльную пляцоўку “Дзіцячы МЕГАполіс” (11 чэрвеня, 15.00). 

Пабачыць беларускія краявіды, каларытнае багацце краіны, рэалістычныя і сімвалічныя рысы, уласцівыя беларускай прыродзе, атрымаць асалоду ад беларускіх пейзажаў можна будзе падчас мастацкага пленэру “Мой АРТ-ГОРАД” (11 чэрвеня, 12.00). 
Парадуюць гледачоў выдатна аформленымі экспазіцыямі, майстар-класамі лепшыя майстры лазапляцення Беларусі ў рамках творчага арт-плаца “Пляцем узор краіны роднай” удзельнікаў фестывалю-конкурсу лозапляцення “ДзіваФэст” у Маладзечне.

Больш інфмармацыі на сайце Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”  festyval.by 

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения