Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Культура / Культура

Вакальная група Сорагскага СК: спявачкі, актывісткі і сяброўкі

09.10.2022
У Сорагскім сельскім клубе ўтульна і крышачку казачна. Тут можна ўбачыць цудоўных персанажаў і рэчы з народных 
паданняў, напрыклад, саламяны лапцік з мяшэчкам дабрабыту, прыгажуна Дамавічка з шышкамі на капелюшы, чароўныя льняныя сурвэткі і эксклюзіўную шкатулку. Але, канечне, галоўную атмасферу чароўнасці, душэўнай цеплыні ствараюць людзі, якія тут працуюць.

Загадчыцай Сорагскага СК Ніна Гаргун працуе з 1992 года. Ураджэнка Брэшчыны прыехала ў Сорагі за мужам-аграномам. Маладая жанчына і ў думках не трымала працаваць у культуры, рабіла ў мясцовай гаспадарцы жывёлаводам. Аднак ёй прапанавалі паспрабаваць свае сілы на культурнай ніве. Справа прыйшлася па душы, захапіла. Ніна паспяхова закончыла Магілёўскае вучылішча культуры па спецыяльнасці рэжысёр культурна-масавых мерапрыемстваў.
– Сфера культуры – асаблівая, тут без удзелу сэрца, без захопленнасці і натхнення нічога не атрымаецца, – гаворыць Ніна Антонаўна. – Глядач на канцэртах заўсёды адчувае фальшывасць артыстаў, якія не ўкладваюць у нумар душу, пачуцці. Задача работнікаў культуры – дарыць людзям прыгожыя эмоцыі, напаўняць жыццё больш яркімі фарбамі, «абуджаць» сэрцы, выхоўваць. Разам з культарганізатарам клуба Марынай Гурыновіч стараемся спраўляцца з гэтымі задачамі.

Да размовы падключылася і культарганізатар. Спецыялісты расказалі, што ва ўстанове дзейнічаюць пяць клубных фарміраванняў, у тым ліку чатыры для дзяцей. Папулярнасцю ў малых вяскоўцаў і падлеткаў карыстаюцца ўсе гурткі: «Церамок» (лялечны тэатр, цацкі з пап’е-машэ для спектакляў робяць самі работнікі ўстановы) і гурток «Забава» (тэатр ігры, інсцэніроўкі), гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (рукадзелле, вырабы з лёну, саломкі, бісеру, паперы і іншых матэрыялаў), а таксама сольныя спевы.








– Юныя жыхары Сорагаў рэгулярна прыходзяць у наш клуб, – адзначае культарганізатар Марына Гурыновіч. – У гуртках займаюцца дзеці розных узростаў, многія наведваюць некалькі гурткоў. Асаблівую ўвагу надаём рабоце з дзецьмі з сем’яў, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Мы імкнёмся выяўляць і развіваць таленты, творчыя здольнасці хлопчыкаў і дзяўчынак, прызвычайваць іх да мастацтва, навучаем бачыць прыгожае і ствараць яго. Сельскі клуб, можна сказаць, пачатак для гэтага. Многія вяскоўцы ў дзяцінстве, у тым ліку і я, так распачыналі свой шлях у культуру. Потым звязалі з ёй сваё жыццё, хто на прафесійным узроўні, хто – на самадзейным.



Адным з яскравых пацвярджэнняў гэтай думкі з’яўляецца жаночая вакальная група «Сарагаўчанкі» Сорагскага сельскага клуба. Акрамя Ніны Гаргун і Марыны Гурыновіч у гэтым песенным калектыве мясцовыя жыхаркі Вольга Шуба, Марыя Казадой, Ірына Перагуд, Валянціна Бабініч, Марына Астроўская, Маргарыта  Уняміна. «Сарагаўчанкі» спяваюць ужо больш за 30 гадоў, група была створана па ініцыятыве загадчыцы Сорагскага СК Ніны Гаргун.

Мне давялося сустрэцца з ўдзельніцамі гэтага слаўнага калектыву. Большасць з іх у вакальнай групе з першага дня яе арганізацыі. Людзі розных узростаў, прафесій, напрыклад, Ірына Перагуд – кіраўнік спраў Сорагскага сельвыканкама, Марына Астроўская працуе ў мясцовай бібліятэцы, Вольга Шуба – у школе. «Сарагаўчанкі», далажу я вам, проста агонь – таленавітыя, крэатыўныя, энергічныя, жыццярадасныя, а прыгажуні якія!

–Цяжка ўявіць наша жыццё без рэпетыцый, канцэртаў, выступленняў, – гаворыць салістка калектыву Валянціна Бабініч, якая, дарэчы, яшчэ і ўдзельніца народнага хору ветэранаў Слуцкага ГДК. – Гэта такая аддушына, рэлакс і шчасце для кожнага з нас. Мы, як адна сям’я, сапраўдныя сяброўкі, аднадумцы, блізкія людзі. Немалая ў тым заслуга загадчыцы клуба Ніны Антонаўны Гаргун. Спяваем пад музычную фанаграму, але заўсёды толькі «ўжывую». У рэпертуары «Сарагаўчанак» – некалькі дзясяткаў песень. Спяваем і сучасныя, і даўнейшыя песні, ваеннай пары, пра каханне, жаночую долю, сумныя і вясёлыя… Адна з самых любімых нашых песень «Бабіна лета».

Жанчыны расказалі, што выступаюць у Сорагах на розных святах. Дарэчы, у Сорагскім СК праводзіцца нямала мерапрыемстваў для насельніцтва. Музычнае суправаджэнне забяспечваецца адпаведным мікшэрскім пультам і калонкамі. Пралягаюць канцэртныя шляхі «Сарагаўчанак» і ў іншыя вёскі, на раённыя святы. Транспартам нярэдка дапамагае ААТ «Сорагі-Агра», Сорагскі сельвыканкам, за што вялікая ўдзячнасць творчага калектыву. А іншы раз артысткі з Сорагаў адпраўляюцца на канцэрты на веласіпедах, шуткуюць, для здароўя карысна.
 
І нязменна гэтых спявачак чакае прызнанне і сардэчная ўдзячнасць гледачоў. Сарагаўчанкі не без гордасці падзяліліся, што ў калектыва нават з’явіліся свае фанаты, якія суправаджаюць іх на некалькіх канцэртах. Як у сапраўдных зорак!
Наталля Селязнёва.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения