Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Культура / Культура

Урачыстае адкрыццё XV Майскіх Віткаўскіх чытанняў прайшло ў Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы

17.05.2022
  Сёлета яны атрымалі назву «Сонечны казачнік Случчыны».

 А распачалося свята  радкамі верша Мікалая Маляўкі «Ён упрыгожыў свет», прысвечанага нашаму знакамітаму земляку – Цімоху  Крысько – Васілю Вітку, пісьменніку шматграннага таленту, класіку беларускай дзіцячай літаратуры, першаму рэдактару часопіса «Вясёлка», ураджэнцу вёскі Еўлічы.

 Прывітальны  адрас  ад старшыні  Слуцкага раённага выканаўчага камітэта  Уладзіміра  Гогі з гэтай нагоды зачытала  намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Гапановіч.

 Як адзначыла дырэктар бібліятэкі  Людміла Гурыновіч, у  гэтым годзе спаўняецца 65 гадоў з дня заснавання дзіцячага часопіса  «Вясёлка». Яна запрасіла рабят  прыняць актыўны ўдзел у мерапрыемствах, якія па традыцыі на працягу тыдня  пройдуць у бібліятэцы і дапамогуць глыбей пазнаёміцца з творчасцю славутага земляка, а таксама наведаць  «літаратурны бульвар», прысвечаны творам  Васіля Віткі.


 Рабяты са школ горада і раёна з задавальненнем адгадвалі загадкі, чыталі скарагаворкі пісьменніка і яго творы, наведалі і «Птушыную школу», дзе даведаліся шмат цікавага пра птушак, іх павадкі з твораў земляка.

А вучні Акцябрскай базавай школы імя Васіля Віткі і Замосцкай сярэдняй школы прынялі ўдзел у тэлемасце, які арганізавалі і правялі супрацоўнікі Слуцкай бібліятэкі і  бібліятэкі-філіяла №6  імя Васіля Віткі  ДУ «Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска». Рабяты змаглі не толькі пазнаёміцца з цяперашнім рэдактарам часопіса «Вясёлка»  Уладзімірам Ліпскім, але і зачытаць свае любімыя вершы, пацешкі, іншыя творы. Прыемна, што такой магчымасцю скарысталіся не толькі слуцкія школьнікі, але і сталічныя.


Душэўнай атрымалася сустрэча вучняў слуцкіх школ з  лаурэатам прэміі часопіса «Вясёлка» імя Васіля Віткі Маргарытай Прохар – пісьменнікам, журналістам, рэдактарам канала «Культура» Першага нацыянальнага Беларускага радыё.

Падчас сустрэчы Маргарыта  Пятроўна расказала пра сваю кніжку для дзяцей «Камп’ютарныя коткі» і як нарадзілася ідэя яе стварэння. Дарэчы, першыя казкі з яе былі таксама спачатку надрукаваны ў часопісе «Вясёлка».


І гэта далёка не ўсе мерапрыемствы, на якія запрашаюць моладзь  супрацоўнікі Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі. На працягу Тыдня Віткаўскіх чытанняў рабят чакаюць розныя тэатральна-гульнёвыя праграмы, сустрэчы з пісьменнікамі, літаратурныя квэсты, інтэрактыўныя гульнёвыя падарожжы.
Наталля ГРАМЫКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения