Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Культура / Культура

«Лілея, сэрцу дарагая»

15.01.2023
Графіня Стэфанія Караліна Эмілія Луіза Валерыя Вітгенштэйн (1809-1832) з роду князёў Радзівілаў пражыла вельмі кароткае жыццё – 22 гады. Доўгі час лічылася, што захаваўся толькі адзіны яе партрэт, намаляваны рукой Аляксандра Пушкіна на палях рукапісу «Яўгена Анегіна». Аднак няма пэўнасці ў тым, што на малюнку – Стэфанія Радзівіл. 


Старонка рукапісу паэмы Аляксандра Пушкіна «Яўген Анегін». Жаночы профіль, намаляваны рукой паэта, пушкіністы лічаць партрэтам Стэфаніі Радзівіл.

Болей за стагоддзе даследчыкам не быў вядомы знешні выгляд гэтай дамы пушкінскай пары, адной з самых багатых нявест свайго часу, фрэйліны імператрыцы Марыі Фёдараўны, якая была траюраднай сястрой яе бабулі Сафіі Радзівіл з князёў Турн-і-Таксіс. Шлюб Стэфаніі са Львом Пятровічам Вітгенштэйнам стаў прычынай пераходу вялізнай часткі радзівілаўскай спадчыны ў рукі іх агульных дзяцей: сына Пятра і дачкі Марыі.

Мемуарысты не згадваюць ні дзіўных учынкаў Стэфаніі, ні эпатажу ў паводзінах. Яна наогул магла не трапіць на старонкі ўспамінаў, каб не яе лепшая сяброўка па Кацярынінскім інстытуце шляхетных дзяўчат – Аляксандра Расэт (у шлюбе Смірнова). Таленавітая мемуарыстка, набліжаная да імператарскай сям’і, сяброўка многіх знакамітых расійскіх літаратараў таго часу, яна шмат згадвала Стэфанію і падрабязна апісала абставіны яе шлюбу. Гэтыя мемуары садзейнічаюць і атрыбуцыі партрэтаў Стэфаніі. 

Са слоў маці Стэфанію апісвала дачка Смірновай-Расэт Вольга – у прадмове да аднаго з выданняў яе мемуараў. Некалькі згадак павінны былі паказаць розніцу паміж гэтымі велікасвецкімі сяброўкамі: «Князёўна Стэфанія Радзівіл, з якой мая маці сябравала з сямі гадоў: яны больш за сем год прасядзелі на інстытуцкай лаўцы. Лянівая, арыгінальная, палкая, прастадушная i праўдзівая, з высакароднымі парывамі – маладая Радзівіл была любімай сяброўкай маёй маці; яна, са свайго боку, плаціла ёй сяброўствам і поўным даверам. Імператрыца іх крыху песціла, з дзяцінства ведаючы, і назвала абедзвюх дзяўчат «неразлучнымі»... Стэфанія Радзівіл была высокая, стройная, вельмі прыгожая, грандыёзная…».

Смірнова-Расэт і іншыя сучаснікі кажуць, што князёўна Стэфанія была бландзінкай. У 2013 годзе на выставе ў Санкт-Пецярбургу быў упершыню прадэманстраваны невядомы раней партрэт, які належыць пэндзлю Карла Брулова. Партрэт знаходзіцца ў прыватным расійскім зборы, быў набыты на аўкцыёне «Сотбіс» 30 лістапада 2012 года. Не выклікае сумнення аўтарства Брулова, аднак жанчына на партрэце мае чорныяваласы, штоніяк не супадае з апісаннем Стэфаніі ў мемуарах сучаснікаў. На той момант гэта было адзінаевядомае нам адлюстраванне Стэфаніі, акрамя невыразнага малюнкаПушкіна. Пасля выяўлення калекцыі партрэтаў у Шылінгсфюрсце мы можам сцвярджаць, што на карціне пэндзля Брулова сапраўды Стэфанія, але ўвасобленая ў адпаведнасці з яго асабістым уяўленнем аб прыгажосці. Вядома, што ўлюбёным тыпажом мастака былі брунеткі ў італьянскім духу.

У калекцыі палаца Шылінгсфюрст прадстаўлена некалькі выяў Стэфаніі. Самая ранняя – дзіцячы партрэцік, створаны, хутчэй за ўсё, рукой мастака-аматара. 

На адваротным баку пазначана прозвішча – Юндзіл. У гісторыі беларускага і польскага мастацтва мяжы XVIII – ХІХ стагоддзяў імя такога мастака не сустракаецца. Выкажам версію, што гэта быў адзін з родзічаў Стэфаніі з боку яе бабулі Ганны Мараўскай, народжанай Юндзіл. Рысы твару князёўны, якія мы бачым на дзіцячым партрэце, праглядваюць і на іншых выявах, якія захоўваюцца ў палацы Шылінгсфюрст – партрэтах i мармуровым бюсце, выстаўленым у заходняй галерэі. Мініяцюры знаходзяцца ў прыватных апартаментах i для агляду турыстамі не даступны.


Юндзіл. Стэфанія ў дзяцінстве (каля 1811-1813 гг.)

Ва ўспамінах Смірновай-Расэт чытаем, што ў Дрысненскі маёнтак паслалі «партрэт Стэфаніі enpied (у поўны рост) і куфры з пасагам». Карціны ў калекцыі палаца Шылінгсфюрст няма, але мемуары Смірновай-Расэт дапамагаюць разабрацца з выяўленымі намі партрэтамі і мініяцюрамі. Адна з мініяцюр прадстаўляе Стэфанію ў белай вясельнай 
сукенцы і вэлюме. Смірнова-Расэт згадвае: 

«Вяселле было прызначана пратэстанцкім, у канцы лютага, у палацы, у прысутнасці імператарскага двара і ўсіх фрэйлін, якія былі ўсе ў белым, і нявеста ў белым кісейным. Пасля накінулі на яе цудоўны салоп на чорна-бурай лісіцы, пакрыты атласам».

Авальны пагрудны партрэт у металічнай раме, аўтар якога застаецца невядомым, знаходзіцца ў прыватных пакоях палаца. Бачны толькі край чырвонай сукенкі з белымі карункамі, шыю ўпрыгожвае тонкая нітка чырвоных караляў. Цёмна-русыя валасы дзяўчыны завітыя ў адпаведнасці з модай 1830-х гадоў, прычоску завяршае бант з валасоў. Такую ж самую фрызуру мы сустракаем на парадных партрэтах многіх прадстаўніц вышэйшага свету і імператарскай сям'і, а таксама і на астатніх партрэтах Стэфаніі. Такім жа чынам валасы ўбраны на мініяцюры, размешчанай на сцяне маленькага музычнага салона ў палацы Шылінгсфюрст, дзе стаіць раяль, на якім іграў Ферэнц Ліст. 

Партрэты цалкам адпавядаюць тым апісанням знешнасці Стэфаніі, што пакінулі сучаснікі: русыя валасы i светлыя (блакітныя, шэрыя або светла-карыя) вочы. Багатая іканаграфія Стэфаніі захавалася ў палацы Шылінгсфюрст і дае вычарпальныя адказы на многія пытанні, аднак і ставіць новыя. Адным з такіх стала пытанне, дзе знаходзіліся партрэты Стэфаніі да таго моманту, як трапілі ў Шылінгсфюрст.


На старым здымку 1890 года, які быў прадстаўлены князем Канстанцінам Гагенлоэ, бачым адзін са шматлікіх пакояў палаца ў Верках, дзе на сценах размяшчаліся многія партрэты Стэфаніі, выяўленыя намі ў Шылінгсфюрсце. 

Даследаванне вобраза Стэфаніі знайшло сваё адлюстраванне ў працах расійскіх пушкіністаў, якія на дэталі разабралі творчасць Аляксандра Сяргеевіча. У вершы «Паж, або 1915 год…» паэт згадвае «варшаўскую графіню», у якой навукоўцы ўбачылі Стэфанію Радзівіл. Значнага следу ў творах Пушкіна яна не пакінула, аднак, без сумнення, была сваёй у паэтычным асяроддзі Санкт-Пецярбурга. На яе вянчанні ў касцёле Святой Кацярыны прысутнічаў не толькі Пушкін, але і паэт Іван Казлоў, вядомы нам вершам «Вячэрні звон», што лёг у аснову знакамітага раманса. 

Казлоў прысвяціў князёўне Стэфаніі адзін са сваіх вершаў 1925 года, у якім апісваў свежую прыгажосць маладзенькай дзяўчыны. Верш пачынаецца са слоў:

Твоя безоблачная младость 
Цветет пленительной красой;
Ты улыбаешься, как радость, 
Ясна и взором и душой.

Відавочна, што заўчасная смерць Стэфаніі моцна ўзрушыла Івана Казлова. У ліпені 1832 года ён напісаў верш «Жалоба», дзе сярод сваіх рана памерлых знаёмых згадвае і графіню Вітгенштэйн:

И вянешь ты во блеске дней, 
Лилея, сердцу дорогая!..
Увы!.. Как рано перед ней 
Открылась тайна гробовая!.. 
Любовью, радостью дышать...
И в сень подземную скрываться!
Ей страшно было умирать –
Еще страшнее расставаться...

У абодвух вершах аўтар параўноўвае Стэфанію з лілеяй. У першым вершы яна свеціцца сваім юнацтвам і прыгажосцю. У другім вершы аўтар смуткуе аб «лілеі, сэрцу дарагой», якая заўчасна завяла.

Усе партрэты з'яўляюцца прыжыццёвымі. Толькі бюст быў створаны пасля смерці Стэфаніі. Партрэты Стэфаніі маглі быць створаны як расійскімі, так і замежнымі мастакамі. Князёўна Стэфанія нарадзілася ў Парыжы, бацькі з ёй зусім маленькай шмат вандравалі па Еўропе. Пасля пераезду ў Санкт-Пецярбург, за мяжу Стэфанія трапіла ўжо толькі пасля свайго вяселля. Апошнія гады жыцця правяла ў Італіі, дзе падтрымлівала адносіны са шматлікімі мастакамі, выхадцамі з Расіі. 

На жаль, нам не ўдалося зрабіць навуковае апісанне партрэтаў, выяўленыхнамі ў Шылінг-фюрсце, – вызначыць іх памеры і высветліць тэхніку выканання. Намі акрэслена кола мастакоў-мініяцюрыстаў, якія маглі стаць аўтарамі гэтых карцін, аднак гэтае пытанне яшчэ застаецца адкрытым. У першыню выявы Стэфаніі былі надрукаваны ў каталогу выставы партрэтаў князёў Радзівілаў з палаца Шылінгсфюрст, якая праводзілася ў Мірскім замку ў мai – лістападзе 2014 года. Мы спадзяемся, што прадстаўленне партрэтаў шырокаму колу спецыялістаў і аматараў будзе садзейнічаць хуткай атрыбуцыі твораў.

Матэрыялы і ілюстрацыі прадастаўлены кандыдатам гістарычных навук Вольгай Папко. 
Партрэты князёўны Стэфаніі Знаходзяцца ў палацы Шылінгсфюрст (Германія).

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения