Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Культура / Культура

У Слуцкай бібліятэцы прайшла творчая сустрэча з Ганнай Міклашэвіч

21.02.2023
 Як цудоўна гучыць наша родная беларуская мова! У гэтым кожны раз пераконваешся, калі сустракаешся з творчымі, цікавымі людзьмі, якія пішуць на ёй свае творы.

21 лютага – у Міжнародны дзень роднай мовы – у Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы прайшла літаратурна-музычная сустрэча «Беларускія пісьменнікі: з першых вуснаў» з членам грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Ганнай Міклашэвіч і бардам Міхаілам Вітко. Мерапрыемства прайшло таксама ў рамках рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца года».


Натхнёна, ярка, прыгожа гучалі вершы з вуснаў пісьменніцы пра родную мову, пра родных людзей, пра Случчыну, каханне… Падчас сустрэчы з чытачамі Ганна Іванаўна расказала, дзе нарадзілася, расла, пра сваю любоў да радзімы, да прафесіі. Дарэчы, Ганна Міклашэвіч – настаўнік беларускай мовы і літаратуры, якія, прызнаецца, з задавальненнем выкладае зараз у сярэдняй школе №8 горада Слуцка.

Удзельнікі мерапрыемства зачаравана слухалі вершы, якія ўвайшлі ў яе зборнікі  «Калыханка для дваіх» і «Пялёсткі сняжынак». «Крыніца натхнення – родная зямля, яе прырода і людзі», – кажа Ганна Іванаўна.

 Зачытала Ганна Міклашэвіч і свае новыя вершы, якія, плануе выпусціць трэцім зборнікам. Яны – на патрыятычную тэматыку.

Адным са сваіх духоўных настаўнікаў Ганна Міклашэвіч лічыць настаўніка Грэскай сярэдняй школы Міхаіла Вітко, які піша музыку на вершы такіх вядомых беларускіх пісьменнікаў, як Максім Багдановіч, Навум Гальпяровіч, Мікола Шабовіч.

Наколькі ўдала – у гэтым пераканаліся ўдзельнікі сустрэчы, якія падхапілі выступленне Міхаіла Міхайлавіча шумнымі апладысментамі.
Наталля ГРАМЫКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения