Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Культура / Культура

Фарфоравыя статуэткі прадстаўлены на выставе ў музеі этнаграфіі ў Слуцку

27.10.2023
Каля 100 фарфоравых статуэтак з фондаў Слуцкага краязнаўчага музея прадстаўлена на выставе ў музеі этнаграфіі



Сава-лямпа з яркімі бліскучымі вочкамі, алімпійскае медзведзяня, фігуркі лебедзяў і слонікаў і, канечне, знакаміты набор для лікёру, які быў ледзь не ў кожнай савецкай сям’і, – цудоўная рыба-штоф з маленькімі рыбкамі-кілішкамі…



Людзей старшага ўзросту падчас наведвання выставы «Фарфоравыя сілуэты» агорнуць настальгічныя эмоцыі: столькі тут знаёмых, мілых сэрцу фарфоравых рэчаў, звязаных з савецкай эпохай, а значыць, з маладосцю і сталасцю. Несумненна, усім наведвальнікам будзе цікава пазнаёміцца з «фарфоравым» мастацтвам мінулага, яго мнагаграннасцю, стылямі, датыкнуцца да асаблівай атмасферы казачнасці, дабрыні, душэўнасці.





– На выставе прадстаўлены экспанаты канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, – расказаў загадчык філіяла «Музей этнаграфіі» ДУ «Слуцкі краязнаўчы музей» Валерый Ажэўскі. – Большасць з гэтых работ выраблена ў СССР  на заводах у Расіі, Беларусі, на Украіне, ёсць таксама статуэткі, зробленыя ў Германіі, Венгрыі, Кітаі, іншых дзяржавах.



Валерый Ажэўскі расказаў, што пачалі вырабляць фарфоравыя статуэткі на радзіме фарфору – у Кітаі яшчэ ў XV стагоддзі. Фарфоравы бум ахапіў Еўропу ў ХVIII стагоддзі. Раней гэтыя вырабы служылі ўпрыгажэннем дэкору дамоў багатых людзей, з цягам часу такі звычай распаўсюдзіўся на больш шырокія слаі насельніцтва. Несумненна, сярод гэтых вырабаў нямала сапраўдных твораў мастацтва, якія выкананы ў розных жанрах (партрэтны, бытавы, міфалагічны, алегарычны, гістарычны і іншыя) і стылях (мінімалізм, народны, кантры, ракако, мадэрн, класіцызм).



Асаблівае месца займаюць фарфоравыя статуэткі савецкага часу, яны не толькі служылі ўпрыгажэннем дамоў і кватэр, але і мелі функцыянальнае прызначэнне. Напрыклад, на выставе можна ўбачыць прыгожыя соуснікі, малочнікі ў выглядзе забаўных жывёлін. Дарэчы, мода на фарфор зноў вяртаецца.
Валерый Ажэўскі адзначыў, што выстава «Фарфоравыя сілуэты» карыстаецца папулярнасцю, як і іншыя экспазіцыі музея этнаграфіі. Стала больш наведвальнікаў з іншых рэгіёнаў краіны.





Выстава фарфоравых статуэтак працягнецца да 23 снежня. Прыходзьце, палюбуйцеся!

Наталля Селязнёва.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения