Новости Слуцка и Слуцкого района Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Культура / Культура

Да чытача – з душой і сэрцам

26.08.2022
 Да чытача – з душой і сэрцам

На працягу 55 гадоў гэта нязменны прынцып дзейнасці калектыву гарадской бібліятэкі-філіяла №1 Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі 

З ГІСТОРЫІ. Раней гэта была гарадская бібліятэка №2, якая адчыніла дзверы для сваіх першых чытачоў у будынку інтэрната цукроварафінаднага камбіната ў жніўні 1967 года. Першай загадчыцай бібліятэкі была Зінаіда Сцяпанаўна Сап’янік. Разам з ёй працавалі Любоў Фёдараўна Нямковіч і Валянціна Іванаўна Адамовіч. З кожным годам папаўняўся фонд бібліятэкі, расла яе папулярнасць. Аб гэтым клапаціліся тагачасныя супрацоўнікі Надзея Яфімаўна Мазанік і Аляксандра Васільеўна Іванковіч, потым – Тамара Іванаўна Зелянкова, Галіна Данілаўна Гомаль,Тамара Іванаўна Шахновіч. 

Новы этап дзейнасці бібліятэкі пачаўся з 1975 года, калі яна ўвайшла ў склад гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы і стала філіялам №1. Аддана, натхнёна працавалі Таісія Мікалаеўна Касцюкова, Наталля Паўлаўна Мяцельская, Альбіна Іванаўна Гласковіч, Алена Віктараўна Савіч, Іна Іванаўна Васілевіч.

У чэрвені 2005 года гарадская бібліятэка-філіял №1 увайшла ў склад Слуцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Размяшчаецца ў будынку Слуцкага гарадскога Палаца моладзі.


Першая загадчыца бібліятэкі Зінаіда Сап’янік.


Кніга – скарбніца думкі, ведаў, пачуццяў, мудрасці, вопыту, без яе нельга абыйсціся чалавецтву – лічыць загадчыца гарадской бібліятэкі-філіяла №1 Галіна Сасіновіч, якая працуе ў гэтай установе 25 гадоў. Таму так важна прывіваць любоў да кнігі, захоўваць і папаўняць кніжны фонд, які з’яўляецца сапраўднай каштоўнасцю.

Шмат увагі ў бібліятэцы-філіяле надаецца папулярызацыі і захаванні твораў беларускіх аўтараў мінулага і сучаснасці. Арганізаваны кніжныя выставы «10 знакамітых прозвішчаў Беларусі», «Прачытай першым!», «Ад іх імёнаў квітнее наш куточак», «Літаратурны прэс-маршрут», праводзяцца паэтычныя вечары, прэзентацыі кніг, літаратурныя гадзіны, кніжныя падарожжы, конкурсы літаратурных эрудытаў, гадзіны новай кнігі, творчыя майстэрні літаратараў, паэтычныя серпанціны, літаратурныя дыялогі.

КЛУБ «СУСТРЭЧА»

У 1997 годзе пры гарадской бібліятэцы-філіяле №1 створаны літаратурна-мастацкі клуб «Сустрэча» – для чытачоў розных узроставых катэгорый і сфер дзейнасці. Клуб аб’яднаў аматараў літаратуры, паэтычнага слова. Дэвіз «Сустрэчы» : 

Наш незвычайны клуб «Сустрэча»:
Пры паўсядзённасці і вечнай мітусні
Ты зможаш у свой свабодны вечар
Сустрэцца з слаўнымі, цікавымі людзьмі!

Пасяджэнні клуба «Сустрэча» праходзяць адзін раз у квартал і суправаджаюцца кніжнымі выставамі, вернісажамі, выставамі фотаздымкаў, малюнкаў чытачоў, вырабамі народных умельцаў. На мерапрыемствах гучыць музыка, выступаюць самадзейныя артысты. У клубе выкарыстоўваюцца разнастайныя формы работы: літаратурныя гасцёўні, вечарыны, музычныя салоны, бенефісы мясцовых аўтараў, прэс-канферэнцыі, прэзентацыі кніг, сустрэчы, святы.

На пасяджэнні клуба часта запрашаюць беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. У пасяджэннях удзельнічалі Міхась Пазнякоў, Віктар Шніп, Васіль Жуковіч, Віктар Праўдзін, Раіса Баравікова, Алесь Бадак, Таццяна Мушынская, Алесь Марціновіч, Таіса Трафімовіч, Кастусь Цыбульскі, Зміцер Арцюх і іншыя аўтары. Такія сустрэчы заўсёды падарунак для случчан, праходзяць ярка, змястоўна, незабыўна.

Гасцямі клуба «Сустрэча» нярэдка з’яўляюцца ўдзельніцы клуба «Жывіца» Валянціна Бабко і Зінаіда Калядка, а таксама мясцовыя паэткі Алена Лабковіч і Галіна Андрэйчанка-Мілінцей, Любоў Семяновіч, Ганна Міклашэвіч, Кацярына Елісеева, Аляксандра Міхнавец.

ПРА БУКТРЭЙЛЕРЫ І НЕ ТОЛЬКІ

Бібліятэкары філіяла займаюцца даследчай, творчай дзейнасцю, у тым ліку ў 2020 годзе стварылі бібліяграфічную цацку «Бібліяграфічная карусель «Жывёльны свет Случчыны». Складаюць рэкамендацыйныя спісы літаратуры, напрыклад, «Знакаміты этнограф і фалькларыст са Случчыны» (да 155-годдзя з дня нараджэння Аляксандра Сержпутоўскага), «Яго слова свяціла, як зорка» (да 195-годдзя з дня нараджэння Адама Плуга), «Літаратурны свет Алены Васілевіч» (да 95-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч), «Збіральнік літаратурнай памяці» (да 70-годдзя з дня нараджэння Алеся Марціновіча), «Радкі жыцця і акіян паэзіі» (да 65-годдзя з дня нараджэння Галіны Каржанеўскай), бібліяграфічны дапаможнік «Зямля, дзе пачаўся мой лёс» (да 90-годдзя з дня нараджэння Паўла Місько).

Штогод калектыў удзельнічае ў раённых конкурсах. У 2015 – 2018 гадах падрыхтавалі буктрэйлеры па кнігах: В. Багамолава «Іван», А. Марціновіча «Ангел и без крыльев ангел», А. Клышкі «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга», В. Драгунскага «Денискины рассказы».

Супрацоўнікі бібліятэкі прынялі ўдзел у культурным маршруце па папулярызацыі творчасці сучасных дзіцячых беларускіх пісьменнікаў і падрыхтавалі буктрэйлеры «Па старонкам часопісаў «Вясёлка» і «Буся», а таксама па кнізе Уладзіміра Ліпскага «Каралева белых прынцэс». А яшчэ падрыхтавалі відэаэкскурсію-праменад «Город, в котором мы живем».

Супрацоўнікамі бібліятэкі занатавана яе гісторыя «Радкі гісторыі кладуцца на старонкі».


Загадчыца бібліятэкі-філіяла №1 Галіна Сасіновіч, бібліятэкары Людміла Дробыш, Людміла Кур’яновіч.


ТВОРЧАГА ПАЛЁТУ

Узначальвае калектыў гэтай установы захоплены, ініцыятыўны, адказны кіраўнік і чалавек Галіна Васільеўна Сасіновіч, якая ўмее згуртаваць людзей, настроіць на плённую, творчую работу. З душой працуюць бібліятэкары першай кваліфікацыйнай катэгорыі Людміла Эдуардаўна Дробыш (22 гады работы ў гэтай бібліятэцы), Людміла Уладзіміраўна Кур’яновіч (працуе ў бібліятэцы-філіяле 12 гадоў). Супрацоўнікі маюць вышэйшую адукацыю.

Шмат цікавых мерапрыемстваў пройдзе да 55-годдзя ўстановы, у тым ліку рыхтуецца відэавіншаванне ад чытачоў «З юбілеем, бібліятэка!» і бібліятэчная выстава «Летапіс гісторыі бібліятэкі».


Шмат мерапрыемстваў праводзяць у бібліятэцы-філіяле для маленькіх чытачоў.


Са святам, ветэраны і супрацоўнікі гарадской бібліятэкі-філіяла №1! Далейшых поспехаў, творчага палёту!

Падрыхтавала Наталля СЕЛЯЗНЁВА.






К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения