Новости Слуцка и Слуцкого района Новости Слуцка
Главная / Культура / Культура

Чалавек, які азнаменаваў эпоху ў нацыянальным мастацтве

17.02.2022
Антываенны набат Міхаіла Савіцкага

Карціны Міхаіла Савіцкага ўпершыню ўбачыла яшчэ ў школьныя гады.  З таго часу творчасць вядомага мастака мае для мяне асаблівае значэнне – найперш як аўтара ўражваючых палотнаў пра вязняў канцлагераў Вялікай Айчыннай вайны, адкрываючых страшную праўду пра фашызм, якую нельга забываць, якая, на жаль, актуальная і сёння...


18 лютага Герою Беларусі, народнаму мастаку БССР і СССР, Ганароваму грамадзяніну горада Мінска Міхаілу Андрэевічу Савіцкаму споўнілася б 100 гадоў. Як сцвярджаюць навукоўцы, гэты чалавек азнаменаваў цэлую эпоху ў нацыянальным мастацтве. Яго карціны маюць сусветную вядомасць. Творы Міхаіла Савіцкага знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах Беларускага саюза мастакоў і Міністэрства культуры Расіі, Трацякоўскай галерэі ў Маскве, музеях іншых краін. Мастак першы ў Беларусі ўзнагароджаны ордэнамі Францыска Скарыны, а таксама ордэнамі Леніна, «Знак пашаны», Дзяржаўнай прэміяй СССР, іншымі дзяржаўнымі ўзнагародамі.

На долю гэтага чалавека, як і многіх людзей ваеннага пакалення, выпалі вялікія выпрабаванні. Але заўсёды ён заставаўся бясконца адданым сынам і патрыётам роднай зямлі.

Міхаіл Савіцкі родам з вёскі Звенячы Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. У 1940 годзе яго прызвалі ў Чырвоную Армію. У лістападзе 1941-га Міхаіл прымаў удзел у абароне Севастопаля, праз пяць дзён пасля здачы горада трапіў у палон. Яго адправілі ў Германію, прымусілі працаваць электразваршчыкам на вагоннай фабрыцы ў Дзюссельдорфе. Міхаіл Андрэевіч разам з іншымі палоннымі ўдзельнічаў у дыверсійнай групе, але яе раскрылі. Спрабаваў збегчы ў Францыю, аднак не атрымалася. Міхаіла Савіцкага фашысты прыгаварылі да смерці, але смяротную кару замянілі канцэнтрацыйным лагерам у Бухенвальдзе. Прайшоў ён і праз канцэнтрацыйныя лагеры Міттэльбау-Дора, Дахаў. За арганізацыю чарговай спробы  пабегу Міхаіла Савіцкага разам з іншымі палоннымі немцы адправілі ў штрафны барак, рыхтавалі да расстрэлу. На шчасце, вязняў канцлагера вызвалілі.

Пасля вайны Міхаіл Савіцкі закончыў Мінскае мастацкае вучылішча, Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава. Жыў і працаваў у Мінску, узначальваў творчую майстэрню жывапісу Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску, творчую акадэмічную майстэрню Міністэрства культуры Беларусі.

Карціны Міхаіла Савіцкага, а іх больш за 200, – выключная з’ява ў нацыянальным мастацтве, каштоўная культурная спадчына. Майстар у асноўным працаваў у тэхніках станковага і манументальнага жывапісу. «Ваенныя» творы Міхаіла Савіцкага складаюць, бадай, самую важкую частку яго творчасці. Вайна  пакінула незагойны след у сэрцы гэтага чалавека. Па ўспамінах блізкіх Міхаіла Андрэевіча, да канца жыцця ён быў аскетам, працаваў без выхадных і свят.



У 1960-х мастак напісаў серыю карцін на партызанскую, ваенную  тэматыку. У ліку самых вядомых работ гэтай серыі – «Дзеці вайны», «Маці партызана», «Партызанская мадонна» і іншыя. Толькі праз 30 гадоў пасля Перамогі Міхаіл Савіцкі прыступіў да серыі карцін «Лічбы на сэрцы», як адзначаў мастак, патрэбен быў час, каб змог узяцца за гэту балючую тэму. 16 работ, прысвечаных тэме канцэнтрацыйных лагераў, жудасным праявам фашызму, відавочна, з’ява, якая не мае аналагаў у мастацтве па складанасці і маштабнасці рашэння, падкрэсліваюць мастацтвазнаўцы. «Летні тэатр», «Мадонна Біркенаў», «Апазнанне», «Вязень 32815» (некаторыя лічаць, што гэта аўтапартрэт мастака)... Гэтыя і іншыя карціны серыі «Лічбы на сэрцы» нясуць магутны эмацыянальны пасыл,  пранікаюць у душу, прымушаюць убачыць сапраўдны твар фашызму і асэнсаваць, наколькі безабароннае перад вайной жыццё. Гэтаму прысвечаны і знакаміты трыпціх «Агрэсія», прасякнуты антыфашысцкай накіраванасцю.



На якую б тэматыку не пісаў Міхаіл Савіцкі (цыкл «Чорная быль», «ХХ стагоддзе» і іншыя), галоўным у яго творах з’яўляецца чалавек, яго светаўспрыманне, мараль, выбар. Многія карціны Міхаіла Савіцкага напоўнены змрочнымі фарбамі, але яны паказваюць не толькі боль і пакуты, але распавядаюць пра барацьбу дабра са злом, святла і цемры, жыцця і смерці. Гэтыя работы і цяпер застаюцца напамінам, папярэджаннем чалавецтву, антываенным набатам. У свой час Міхаіл Савіцкі гаварыў, што памятаць абавязаны кожны: колькі б не было страху, болі і цемры, дабро, розум і жыццё перамогуць.

Мастак пайшоў з жыцця ў 2010 годзе. У Мінску дзейнічае мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, ёсць вуліца, названая імем творцы.

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения