Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Культура / Культура

«Алена Васілевіч і яе прастора дабрыні»

09.12.2022
Кранальнае мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю з дня нараджэння нашай знакамітай зямлячкі пісьменніцы Алены Васілевіч, прайшло ў Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы.

У ім прынялі ўдзел чытачы, работнікі культуры, школьнікі. Вялі сустрэчу  акцёр і рэжысёр Слуцкага гарадскога дома культуры Яўген Віктаравіч  Сакольскі і загадчыца аддзела абслугоўвання  і інфармацыі чытачоў бібліятэкі Валянціна Раманаўна Цэгалка.

Алена Сямёнаўна Васілевіч нарадзілася ў вёсцы Ліпнікі на Случчыне. У яе жыцці было нямала выпрабаванняў – сіроцтва, вайна, голад… Аднак ва ўсіх жыццёвых сітуацыях яна заставалася добрым, чулым, уважлівым чалавекам, а яшчэ – вялікім талентам. Аповесці, апавяданні, іншыя творы Алены Васілевіч прысвечаны тэмам духоўнага сталення,  маральнага выбару, раскрыццю характараў людзей. Алена Васілевіч – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за тэтралогію «Пачакай, затрымайся…».

Цёплымі ўспамінамі пра Алену Сямёнаўну падзяліліся яе сын Уладзімір Аляксандравіч Васілевіч, фалькларыст і этнограф; былы дырэктар Мялешкаўскай СШ, выдатнік народнай адукацыі БССР Людміла Мікалаеўна Бараноўская; дырэктар Слуцкай  раённай цэнтральнай бібліятэкі Людміла Васільеўна Гурыновіч; мастак Ігар Адамавіч Ціткоўскі.

Падчас мерапрыемства па відэасувязі вялі размову з супрацоўніцай Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Палінай Мікалаеўнай Савген, якая расказала пра літаратурна-дакументальную экспазіцыю музея «Насустрач жыццю, насустрач будучыні»,  прысвечаную творчасці Алены Васілевіч.

Дарэчы, у Слуцкай бібліятэцы таксама разгорнуты выставы і экспазіцыі, прысвечаныя нашай знакамітай пісьменніцы, журналісту і перакладчыцы, у тым ліку прадстаўлены кнігі з асабістай бібліятэкі Алены Васілевіч, якія падораны ўстанове.

На сустрэчы гучала музыка ў выкананні  выкладчыка Слуцкай дзіцячай школы мастацтваў Аляксандра Ляха і навучэнца Аляксандра Яноўскага. А яшчэ –  урыўкі з твораў Алены Васілевіч, прасякнутыя вялікай сілай беларускага слова, мудрасці і пачуццяў.





















Наталля Селязнёва.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения