Новости Слуцка и Слуцкого района

Любоў Семяновіч: «... Маёй душой народжаныя вершы»

08.03.2020
Любоў Семяновіч (Ануфрэйчык) на працягу многіх гадоў супрацоўнічае са «Слуцкім краем». Яе паэзія яркая, непаўторная, узнёслая, напоўненая шчырымі пачуццямі, талентам аўтара, беларускім каларытам.

Любоў Семяновіч (Ануфрэйчык) ураджэнка вёскі Кухчыцы Нясвіжскага раёна, закончыла Гацукоўскую школу, Баранавіцкі тэхналагічны тэхнікум.

Яе вершы ўвайшлі ў агульны зборнік слуцкіх паэтаў «На крылах душы» і зборнік твораў маладых паэтаў Міншчыны «Нас слова Купалы да творчасці кліча». Вершы друкаваліся не толькі ў раённай прэсе, але і рэспубліканскай: «ЛіМ», «Полымя», «Маладосць», «Алеся», «Беларуская ніва», іншых выданнях.

Любоў Семяновіч (Ануфрэйчык) больш за 10 гадоў з’яўлялася сакратаром літаратурна-творчага саюза «Случ». Удзельнічала ў ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. Жыве ў Слуцку. Працуе ў Слуцкім міжраённым аддзяленні «Белсаюздруку».

Любоў Міхайлаўна расказвае:

– Першыя вершы я напісала для маёй дарагой мамачкі Ніны Фёдараўны. Яна для мяне была і сяброўкай, і дарадчыкам, і сонцам. А ўжо потым былі расчараванні і радасці, калі вершы выходзілі ў друку, выступленні перад калектывамі, літаратурна-творчы саюз «Случ», удзел у літаратурных чытаннях на Маладзечанскім фестывалі, семінарах паэтаў, канцэрты, літаратурная гасцёўня «Алімп» пры Слуцкай цэнтральнай бібліятэцы, выпуск зборніка вершаў «Лебядзіны бальшак».

Два з паловай месяцы работы ў чарнобыльскай зоне мяне многаму навучылі. Жыццё прасцей і каштоўней, чым нам здаецца. Часта мы вельмі ўскладняем яго сваім непаразуменнем і непатрэбнымі абміцыямі. А яшчэ вельмі разбуральнай з’яўляецца зайздрасць. Шчырыя людзі заўсёды прыцягваюць да сябе і часта застаюцца падманутымі.

Але лепш быць падманутым, чым зайздрасным. Гэта проста жыццёвы вопыт, і мудры чалавек заўсёды знойдзе правільны выхад і стане мацнейшым. І наогул, трэба заўсёды быць удзячным жыхаром гэтай планеты, калі пашчасціла тут нарадзіцца. Проста так нічога не даецца. І вялікае багацце, і беднасць, вялікі розум і слабое здароўе – гэта ўсё жыццёвыя іспыты, дасланыя нам лёсам. Вось і жывём, трымаемся, ідзём наперад кожны па-свойму. Напрыклад, калі бывае цяжка, я «лячуся» сваімі вершамі і музыкай. Люблю слухаць мелодыі Алега Валяндо. А галоўнае, цяпер я ведаю, дзеля чаго жыву.

Я ўдзячна сваім бацькам Міхаілу Антонавічу і Ніне Фёдараўне за тое, што жыву і за тое, што я такая, якая ёсць. Сваім сябрам і блізкім за вернасць, навуку і падтрымку, сваім чытачам. Вельмі ўдзячна Алесю Пісьмянкову і Алесю Шлегу – двум вялікім творцам, якіх, на жаль, ужо з намі няма, за тое, што блаславілі мяне на творчы шлях.

На долю кожнага пакалення выпадаюць свае выпрабаванні. Майму пакаленню «дастаўся» Чарнобыль, Афганістан, Чачня. Баліць, што сёння дзеці тых загінулых маглі б абараняць нашу краіну, быць першымі ў свеце навукоўцамі ці спартсменамі. Баліць душа за нашу моладзь. Нам цяпер цяжка, дай Бог, каб ім было хоць крышачку лягчэй.

Што для мяне з’яўляецца прыярытэтным? Заставацца нераўнадушнай, не даваць сваёй душы спакойна спаць. І, наогул, паважаю людзей творчых, таму што творчы чалавек заўсёды неабыякавы і знаходлівы.

Жыве душа, пявучая галубка.
І з кожным годам галасок мацнейшы.
Уверх бягуць, як дзеткі па прыступках,
Маёй душой народжаныя вершы.



Жаночай цеплынёй сусвет сагрэты

Жаночай цеплынёй Сусвет сагрэты.
Радкі высокіх слоў аб ёй, найперш.
І ўсё ж, ці мог бы стаць паэт паэтам,
Калі б не прысвяціў жанчыне верш.

Свет вобразаў, вясной зачараваных,
Стагоддзямі стваралі мастакі.
Ды ў кожную з нас нехта закаханы, –
Так ёсць, было і будзе  праз вякі.

І кветкі, як прызнанні дарагія,
Прымаем шчыра мы з пяшчотных рук.
Зямное шчасце музам і багіням
Вястуе ў свята веснавы жаўрук.



                             Зорка Янiна

Светлым імем матулі назвала я ясную зорку,
Што ляціць, як душа, размаўляе са мной давідна.
Мой спагадны агонь і дарадчык звячора да золку
Гэта зорка Яніна, як колісь матуля мая.

Мне дарогі яна асвятляе, трывогі развее.
І падзеліць мой боль, і падорыць іскрынку цяпла.
Будзе дождж і спякота, а ў снежні закружыць завея,
Толькі б ты, мая зорка, у небе заўсёды плыла.

Адгарыць вугалькамі зімою на снезе каліна
І вясёлка зайграе ў слязах касавіцкай расы.
Толькі вечным агнём будзе яркая зорка Яніна,
Як матуля была непаўторнай душэўнай красы.

  
Да мамачкi прыеду ў нядзелю

Да мамачкі прыеду ў нядзелю.
«Дзень добры, мама», – прашапчу скрозь слёзы.
Халодны ранак снег пад ногі сцеле.
Спіць ліст апошні на старой бярозе.

Была падобна ты бярозе гэтай.
Пад сонцам палкім і зімовай сцюжай
Смяялася:
                 – Я – дужая кабета,
Усё перажыву, асілю, здзюжу.

Я падграбу вакол сухое лісце,
Сарву старыя кветкі з надмагілля, –
Так з мамай прыбіралі двор калісьці.
Здаецца, вечнае, а стала быллю.

І пра ўнукаў раскажу матулі,
Пра шэрае надвор’е, пра работу.
Дай знак мне, мама, што мяне пачула.
Зноў на «Дзяды» прыеду, у суботу.

Ёй доўга пра ўсё расказваць буду,
Напераменку плакаць і смяяцца.
І раптам – сонейка, падобна цуду.
Пачула. А назад не дачакацца.


          Чэрвеньскi дождж

Па шыбах сыпаў гучным перазвонам,
Узбоч дарогі травы частаваў.
Непадуладны нічыім законам,
То ўзмацняўся, то пераставаў.

Блакітным сцягам водбліскі маланкі
Святочным залпам грому перакат,
Пазвоньвае, як пацеркі цыганкі,
Празрыстых кропляў дробны вінаград.

Страсае гронкі кропель куст парэчак
З няспелых ягад, вымытых лістоў.
І сотні гаманкіх маленькіх рэчак
Крамсаюць глыбіню зямных пластоў.

Цяплом частуе чэрвеньскае сонца,
Успеньвае туману сырадой.
Іграюць гуслі ручайкоў бясконцых.
І цешыцца вясёлка над вадой.


                        Сон


Пасядзі, матулечка, са мною.
Хоць у сне кароценькім прыдзі.
Усміхніся шчырасцю сваёю,
Да шчакі далонь мне прыкладзі.

Прыгадаем памятныя даты.
Часта так сядзелі мы с табой.
Стала ў хаце ўжо халаднавата, –
Восень гаспадарыць. Лістабой.

Я прысню і так мне лёгка стане,
Быццам рана ў сэрцы зажыла.
Мне б даўжэй пабыць у тым падмане.
Мама…
Дзе ж ты?
Раніца прыйшла.


               Cлуцкi край

Серабрысты дождж на мядовы луг
Завітаў, ажывіў зямлю.
Вечаровы час. Ззяе поўні круг
Над старонкай, якую люблю.

Дзе ўвосень частуюць ранетамі,
Дзе ўлетку кірмаш гаманкі.
Ганарыцца сваімі паэтамі
Гэты край праз гады, праз вякі.

Слуцкім поясам рэчка цягнецца,
Тчэ з лілеяў узор на вадзе.
Узыходзіць багіняй раніца,
У туманах купае дзень.

Дзе сябруе з дажджамі веснімі
Колас жнівеньскі, залаты,
Тут купалле сустрэне песнямі.
Застанешся тут назаўжды.


                         Школе


Жыццёвай сцежкай коцяцца гады,
Кладуцца поруч, як радкі ў вершы.
З любых дарог вяртаюся сюды,
Дзе сустракаў штодзень настаўнік першы.

Дзе шчырасць і цяпло сяброўскіх рук.
І першы баль, і першая падказка.
Мажорным звонам восеньскі жаўрук
Спяваў штодня дзяцінству «Калі ласка».

Гуллівай рэчкай поўняцца гады,
Змывае навальніца след дзіцячы.
І толькі сэрца просіцца сюды,
І, як дзіця, пяе, смяецца, плача.


Я тры разы вучылася хадзiць

Я не дарма вучылася хадзіць.
Спазнаць па кроку свет аднаразовы
І прыгубіць бярозавік вясновы.
Я тры разы вучыласяхадзіць.

Я не дарма вучылася пісаць.
Мяне благаслаўлялі два Алесі.
Цяпер аберагаюць з паднябесся.
І я не маю права спасаваць.

Я не дарма сябе вучыла жыць,
Каб з годнасцю прайсці сваю дарогу
Стваральніцы, пацалаванай Богам,
І вершамі, як зёлкамі лячыць.

Я тры разы вучылася хадзіць.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения