Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Благоустройство

У Слуцку пашыраюць вуліцу Магістральная і будуюць дзесяціпавярхоўку

02.07.2021
Лета – спрыяльная пара для будаўніцтва і добраўпарадкавання. Вось і на дарогах вуліц Магістральнай, Іваноўскага ў Слуцку ва ўсю кіпяць работы: раўнуюць, укладваюць асфальт, на Магістральнай робяць чатырохпалоску. Пра добраўпарадкаванне дарог і будаўніцтва жылля ў горадзе расказаў галоўны інжынер упраўлення капітальнага будаўніцтва Слуцкага раёна Сяргей КУЛІК: 



– На гэты год вызначаны пэўны аб’ём работ па рэканструкцыі, уладкаванні дарог Слуцка. Ідзе рэканструкцыя на вуліцы Магістральнай у раёне АЗС: на дарозе ў раёне скрыжавання ўкладзена пакрыццё, устаноўлена абсталяванне па рэгуляванні святлафора, абсталяваны астравок бяспекі. Ад вуліцы Іваноўскага да касцёла будзе ўладкавана чатырохпалосная траса. Вуліца Іваноўскага (ад Магістральнай да Чэхава) – таксама адзін з аб’ектаў гэтага года, там укладзена новая ліўневая каналізацыя, праводзіцца асфальтаванне, у рамках праекту будзе зроблена добраўпарадкаванне прылягаючых тэрыторый з пешаходнымі і веладарожкамі, дадатковым заездам да дамоў №15, 17.

Ёсць «дарожныя» планы і на наступны год, у тым ліку запланавана капітальнае добраўпарадкаванне часткі вуліцы Зялёнай – ад вуліцы 14 Партызан да вуліцы Чэхава: укладка ліўневых каналізацыйных магістраляў, пакрыцця, уладкаванне дадатковых стаянак для транспарту.


План забудовы мікрараёна вуліцы Чэхава.

– Злабадзённае пытанне для случчан – уладкаванне дарог і вуліц у раёнах новых індывідуальных жылых забудоў…

– Рашаем гэту задачу паэтапна. Напрыклад, на стадыі завяршэння работы па ўладкаванні дарожна-вулічнай сеткі ў раёне індывідуальнай жылой забудовы «Геолаг» у Слуцку: пакладзены асфальт, зроблены пешаходныя дарожкі, ідзе ўстаноўка дарожных знакаў. Праводзім  работы па ўкладцы дробнаштучнай бетоннай пліткі ў раёнах індывідуальных жылых забудоў на вуліцы Максіма Багдановіча ў Слуцку (13-ты гарадок), у Іванаўскіх Агародніках. На тэрыторыі забудовы на вуліцы Максіма Багдановіча ў наступным годзе прыступім да будаўніцтва дзіцячай і вялікай спартыўнай пляцовак. У жылой забудове ў Навадворцах паклалі маналітны бетон.

У гэтым годзе прыступім да ўладкавання новай індывідуальнай жылой забудовы «Зарэчны», дзе плануецца будаўніцтва больш за сто прыватных жылых дамоў. Цяпер там вядуць работы па ўкладцы інжынерных сетак, электразабеспячэнні.


Рамонт дарогі на вуліцы Магістральнай.



На вуліцы Магістральнай пашыраюць дарогу.



– Што інавацыйнага ва ўладкаванні новых жылых мікрараёнаў, забудоў на Случчыне?

– Канечне, свая архітэктура, колеравая гама, у новых мікрараёнах абавязкова ўладкоўваем веладарожкі. У адпаведнасці з генпланам плануецца далейшая забудова мікрараёна вуліцы Чэхава, другая яго чарга мае асаблівасць – усе парковачныя месцы для аўтатранспарту будуць знаходзіцца за межамі дваровых тэрыторый, запланавана будаўніцтва ў мікрараёне пляцоўкі для выгулу сабак. Дарэчы, у гэтым годзе распачата работа па распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі на будаўніцтва шматпавярховых дамоў другой чаргі па вуліцы Чэхава – №4, 5, 6. Праект разлічаны да 2025 года.




Будаўніцтва дзесяціпавярховага дома ў мікрараёне вуліцы Чэхава.


– У якія дамы ў гэтым годзе заселяцца навасёлы?

– У жніўні – верасні плануецца здаць у эксплуатацыю 50-кватэрны дом на вуліцы Чэхава, напрыканцы года – 80-кватэрны дом на вуліцы Леніна (12 гарадок). Гэта па Указе №240 Прэзідэнта краіны «Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў», у адпаведнасці з якім вызначана дзяржаўнае субсідзіраванне крэдытавання будаўніцтва жылля ў тым ліку для мнагадзетных сем’яў. Восенню будзе ўведзены 60-кватэрны дом на вуліцы Чэхава для грамадзян, адселеных са старога і аварыйнага жылля. Гэта, дарэчы, будзе чарговая дзесяціпавярхоўка ў мікрараёне.


Будаўніцтва дома на вуліцы Чэхава.

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения