Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Благоустройство

Самі супраць сябе…

30.07.2018
Тэма гэтай публікацыі, уласна кажучы, не новая: абыякавае, а то і шкодніцкае стаўленне некаторых жыхароў да захавання маёмасці, прыгажосці ў родным горадзе. Пераканацца няцяжка, варта зазірнуць у пад’езды некаторых шматпавярховак, дзе сцены «распісаны» рознымі, часцей брыдкімі, словамі і малюнкамі.

Такую «творчасць» іншы раз можна ўбачыць і на тарцавых сценах некаторых дамоў. А зламаныя лаўкі на вуліцах і каля пад’ездаў, малыя архітэктурныя формы, пашкоджаны стылізаваны ліхтар на набярэжнай Случы… Асобнай тэмай можна выдзеліць пашкоджанне зялёных насаджэнняў у горадзе. Пра гэта пагаворым.
Пераканана, са мной пагодзяцца многія: у плане экалогіі і эстэтыкі гораду патрэбны новыя зялёныя зоны. Нельга сказать, што гэта работа ў Слуцку не праводзіцца. Замест старых спіленых дрэў у горадзе штогод высаджваюць маладзенькія (звыш тысячы дрэў!), ствараючы новыя алеі і зоны адпачынку. Праўда, прыжываюцца далёка не ўсе, і не толькі па аб’ектыўных прычынах (слабыя дрэвы, неспрыяльныя ўмовы). Як сведчаць факты, многія саджанцы ламаюць або псуюць жыхары. Таму кожны год камунальшчыкам даводзіцца зноў і зноў дасаджваць дрэвы.

Як расказала намеснік начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела Слуцкай ЖКГ Марыя Іосіфаўна Карзай, у мінулым годзе ў Слуцку высадзілі 1 229 дрэў, 250 дэкаратыўных кустоў, і ў першым паўгоддзі гэтага года – 407 саджанцаў, 326 кустоў. Саджанцы камунальшчыкі вырошчваюць у сваім гадавальніку, а таксама набываюць у іншых арганізацыях, дарэчы, за немалыя сродкі. 


Разам з майстрам ЖЭУ-2 Наталляй Анатольеўнай Леановіч я пабывала ў некаторых абноўленых зялёных зонах горада… У мінулым годзе высадзілі алею маладых элітных ліпак уздоўж тратуара каля дамоў №2, 4 на вуліцы Піянерскай у Слуцку. Наталля Анатольеўна расказала, што за некалькі начэй хтосьці, відаць, наўмысна зламаў верхаліны ўсіх дрэўцаў. Прыжыліся ліпкі не ўсе.

На вуліцы Леніна каля дамоў №211, 221 камунальшчыкі па сутнасці штогод дасаджваюць бярозы, рабіны, іншыя дрэвы. У ідэале ў перспектыве тут атрымаецца прыгожы сквер, «абараняючы» жылы мікрараён ад праезнай часткі. Вось толькі дачакацца гэтага няпроста: многа зламаных саджанцаў… Каля дамоў №44, 48, 50 на вуліцы Піянерскай прыкладна такая ж карціна: у жылым мікрараёне ў мінулым годзе і сёлета пасадзілі шмат дрэў рабіны, бярозы, клёнаў, нямала з іх пасохла. Асноўная прычына таму зламаныя галінкі і верхаліны саджанцаў…



Такіх прыкладаў «зялёнага вандалізму» ў Слуцку, на жаль, нямала. Начальнік участка зялёнай гаспадаркі вытворчасці па добраўпарадкаванні Слуцкай ЖКГ Ірына Аляксандраўна Панцюк расказала, што гараджане нярэдка «атакуюць» і гарадскія клумбы: псуюць, выкопваюць кветкі. Каля дома №201 на вуліцы Леніна ноччу хтосьці выкапаў калівы вярбены, а каля будынка ЗАГСа і маладзёжнага цэнтра – кусты руж. Ёсць крадзяжы кветак і на іншых клумбах горада.

А болей за ўсё работнікі вытворчасці па добраўпарадкаванні Слуцкай ЖКГ зараз заклапочаны захаваннем дэкаратыўных пакрыццяў на брацкіх магілах на мемарыяльным комплексе. Да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у гэтым годзе слуцкія камунальшчыкі паклалі там рулонныя штучныя газоны з каляровым дэкаратыўным шчэбенем. На жаль, ужо былі выпадкі нанясення шкоды: уздыблены штучны газон, раскіданы шчэбень. Хутчэй за ўсё, сваволяць дзеці, якія нярэдка прыходзяць на мемарыял разам з дарослымі, адзначаюць камунальшчыкі. Сумна, што некаторыя бацькі не кантралююць, не рэагуюць на такія, прама скажам, хуліганскія паводзіны сваіх чадаў. На адным з газонаў на могілках засталіся сляды ад веласіпедных шын. Гэта значыць, што хтосьці ехаў на веласіпедзе прама па брацкай магіле. Аж сціскаецца сэрца, калі пішу гэтыя радкі. Інакш як кашчунствам, варварствам гэта не назавеш…

Атрымліваецца парадаксальная сітуацыя: у сваім горадзе, на сваёй малой радзіме, дзе растуць нашы дзеці, а гэта значыць у сваім доме, крадзём кветкі з клумбаў, ламаем дрэвы, псуём газоны… Дзейнічаем самі супраць сябе… 

Прычына ў культуры паводзін, выхаванні, у спажывецтве, якое, на жаль, нярэдка дамінуе, прысутнічае ў жыцці ў розных праявах. Тое, што зрабіў сам, беражом і ахоўваем, а вось пра тое, што зроблена іншымі, чамусьці клапаціцца не маем ахвоты. Хачу нагадаць, што дадаткова трацяцца агульныя нашы падаткі, бюджэтныя сродкі, якія можна было б выкарыстаць на іншыя карысныя мэты для нашага Слуцка. І ўвогуле… сваім стаўленнем да роднага горада, сваімі паводзінамі які прыклад паказваем дзецям, на што разлічваем у будучым?

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения