Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Благоустройство

Добраўпарадкаванне – справа не толькі органаў дзяржаўнага кіравання, але і насельніцтва

16.04.2021
АЎТАРСКАЯ КАЛОНКА

Добраўпарадкаванне роднага краю і навядзенне парадку на зямлі было і застаецца справай не толькі органаў дзяржаўнага кіравання, але і насельніцтва. Колькі б ні рабілася ў гэтым напрамку, яшчэ застаецца шмат  пытанняў, якія патрабуюць увагі.

На тэрыторыі Мінскай вобласці, у тым ліку і Слуцкага раёна, праходзіць месячнік па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі, а 17 красавіка пройдзе рэспубліканскі суботнік.

На Случчыне праводзіцца актыўная работа па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкванні месцаў агульнага карыстання, населеных пунктаў, месцаў адпачынку, прыватных падворкаў. Мы хочам жыць у прыгожых і чыстых горадзе, вёсках. А гэта ж залежыць ад нас саміх.

Акрамя нас, людзей, ніхто не смеціць. Ёсць аматары пакурыць на балконе. Зімой акуркаў не было відаць, а як снег растаяў – усё каля дома ўслана імі. А потым скардзімся на камунальшчыкаў, што не прыбіраюць. Дык, прабачце, а самі што. Вось яшчэ цікава: некаторыя жыхары шматпавярховак, і гэта не толькі ў горадзе, выкідаюць смецце з акна. Думаюць, ніхто не бачыць.  

Калі ідзеш з цэнтра горада ў бок аўтавакзала,  радуешся за нашых гараджан – добра жывуць. У ліўневай канаве чаго толькі няма: бутэлькі з-пад дарагіх спіртных напіткаў, піва, пустыя пачкі ад цыгарэт, сурвэткі і многае іншае. Уздоўж дарогі ёсць урны для смецця. Зразумела, прасцей шпурнуць у канаву, а потым сфатаграфіраваць і – у інтэрнэт, каб  камунальшчыкі прыбралі. Заўсёды ў такіх людзей хочацца спытаць: а ты сам што зрабіў, каб было на вуліцы чыста і прыгожа? Ніхто не кажа, што ўсе такія, але ж яны ёсць сярод нас.

Ці вось, калі трава пачынае расці, жыхары прыватных домаўладанняў не ўсе займаюцца яе касьбой каля падворкаў. У некаторых гараджан нават рукі не даходзяць падправіць агароджу, якую ўстанавілі ім за дзяржаўны кошт напярэдадні «Дажынак».

Радуе, што многія мясцовыя жыхары дапамагаюць у добраўпарадкаванні населеных пунктаў, удзельнічаюць у грамадскіх работах. У Слуцкім раёне многа прыкладаў, калі жыхары разам наводзяць парадак у месцах агульнага карыстання, на пустырах, могілках, убіраюць сметнікі.  

Як паказвае практыка, большасць несанкцыянаваных сметнікаў утвараюць мясцовыя жыхары пасля адпачынку на прыродзе, з прыватных падворкаў вывозяць непатрэбныя рэчы, прадметы ў лес, на пустыры. Вось так мы адносімся да экалогіі, прыроды. Для ўборкі сметнікаў затрачваюцца немалыя рэсурсы: прыцягваюцца тэхніка, работнікі розных службаў, арганізацый. А сродкі можна было б выкарыстаць на іншую добрую справу.


Вясной перад Вялікаднем многія грамадзяне традыцыйна прыходзяць на могілкі, наводзяць парадак і добраўпарадкоўваюць месцы пахавання сваіх родных і блізкіх. Часам пасля такіх масавых уборак на могілках, прылеглых да іх тэрыторыях і нават побач з магіламі ўтвараюцца звалкі смецця. Яны ж не толькі псуюць агульны выгляд могілак, але і характарызуюць стаўленне людзей да памяці. Там жа ёсць спецыяльныя кантэйнеры.

Каб зрабіць наш родны край яшчэ больш утульным і прыгожым, усім разам неабходна прыняць удзел у добраўпарадкаванні і навядзенні парадку  ў сваіх населеных пунктах.

Усе добра ведаюць: чыста не там, дзе прыбіраюць, а дзе не смецяць. Дык давайце будзем гэтым кіравацца ў жыцці, шаноўныя случчане, і ў Год народнага адзінства аб’яднаем нашы намаганні і разам паклапоцімся пра чысціню нашага раёна.

Ірына КАВАЛЕНКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения