Новости Слуцка и Слуцкого района Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Благоустройство

Кветкавы аазіс ля пад'езда

26.07.2018
 


Большасці гарадскіх жыхароў хочацца быць бліжэй да прыроды. Шчаслівыя ўладальнікі дач пры першай магчымасці ўцякаюць з душных гарадоў на свае родныя шэсць сотак. Аднак жа магчымасць папрацаваць на зямлі і нават адчуць сябе ландшафтным дызайнерам ёсць ва ўсіх.

Каля кожнага пад'езда шматпавярховага дома звычайна ёсць невялікі ўчастак зямлі. Як на месцы пустазелля стварыць пахучы кветнік, карэспандэнту «Слуцкага краю» расказала адна з гаспадынь мініяцюрнага саду, размешчанага ля пад'езда №3 дома №165 па вуліцы Леніна, Людміла Іванаўна Клязовіч.

– Кожны раз, калі мы з суседкамі выходзілі на вуліцу ці выглядвалі з вокнаў, шэры, неўладкаваны двор раздражняў і прыгнятаў, – гаворыць Людміла Іванаўна. – Таму мы падумалі, чаму б не ўладкаваць клумбу, каб было прыемна ўсім жыхарам. Мы тут штодня ходзім, адпачываем на лавачках, побач гуляюць нашы дзеці і ўнукі.

Жанчыны ўзяліся за справу. І літаральна за некалькі месяцаў двор пераўтварыўся, заззяў яркімі колерамі.

– Якасць грунта тут не вельмі добрая, і культурныя расліны растуць рэдка, толькі дзьмухаўцы, – дадае Лілія Леанідаўна Злотнік, якая таксама займаецца кветнікам. – Аднак і такую непрэзентабельную прастору, як бачыце, можна пераўтварыць у сапраўдны маленькі аазіс.
– Спачатку пасадзілі маленькія дэкаратыўныя кусцікі, парэчку, чорную рабіну, – расказвае Людміла Іванаўна. Падрыхтаваць грунт для кветак, вядома, было нялёгка, у зямлі траплялася шмат будаўнічага смецця, ды і дзёран перакапаць нам, пенсіянеркам, было цяжкавата. Потым папрасілі ў мясцовых аўтаўладальнікаў старыя шыны. На грошы жыхароў пад'езда купілі фарбу. Паклалі шыны, пафарбавалі і паступова высаджвалі кветкі, кожны прынёс тое, што ў яго было. Пасля зрабілі агароджу, тады ўжо мы, як кажуць, разгарнуліся.

Вельмі дапамагала Валянціна Сямёнаўна з першага паверха. Яна добра разбіраецца ў гэтай справе. Пад яе чулым кіраўніцтвам мы ўсё гэта і зрабілі.

Лілеі, ружы, рамонкі, аксаміткі, гваздзікі, хрызантэмы, півоні, браткі, касачы, астры і іншыя кветкі ўпрыгожваюць кветнік. Мы стараемся, каб клумба была яркай і цешыла ўсіх нас з ранняй вясны да позняй восені.

Догляду, вядома, кветнік патрабуе немалога, і прапалоць, і паліць у спякоту трэба. Але глядзіш на вынік, і душа радуецца.

У мінулым годзе ўпрыгожвалі двор мяккімі цацкамі, ставілі дзіцячую качалку-коніка. Маленькія дзеткі качаліся, фатаграфаваліся. Але нехта яе ўкраў. Жыхары дома беражліва ставяцца да вынікаў нашай працы: кветкі не вырываюць, клумбы не псуюць.

– Неабавязкова для добраўпарадкавання выкарыстоўваць дарагія матэрыялы, – лічыць Лілія Леанідаўна. – Можна ўладкаваць усё проста, але галоўнае – з густам і так, каб утульна было, прыгожа.

Кветнікам у асноўным займаюцца старажылы дома, энергічныя творчыя жанчыны, якіх пенсіянеркамі і не назавеш. У бліжэйшых планах актывістак – яшчэ адзін кветнік з другога боку ад пад'езда.

Перамены ў двары прыйшліся па душы мясцовым жыхарам. Сёння ўвесь дом любуецца маляўнічым кветнікам. Ды і жыхары суседніх дамоў прыглядаюцца, раяцца. У Год малой радзімы (ды і не толькі) варта звярнуць крыху больш увагі на месца, дзе жывеш, заняцца добраўпарадкаваннем. Кожны ж можа стварыць свой аазіс, напрыклад, кветкавы.

Ірына МАЛЯЎКА.




К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения