Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Благоустройство

Каб наш Слуцк прыгажэў

11.04.2019
З года ў год выяўляюцца праблемы ў сферы добраўпарадкавання. Усё ж застаецца надзея: аднойчы жыхары Случчыны будуць захоўваць чысціню тэрыторый сваіх домаўладанняў, у горадзе, у месцах адпачынку.

А пакуль разам з памочнікамі ўрача-гігіеніста Слуцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Зояй Віктараўнай Фраловай, Тамарай Іосіфаўнай Дваранчук, начальнікам цэха ручной і механізаванай уборкі Слуцкай ЖКГ Аляксандрам Іванавічам Шыловічам у рэйд па вуліцах горада адправілася карэспандэнт «Слуцкага краю». Мэта – несанкцыянаваныя звалкі.

– Я думаю, што ўражанні павінны ў нас застацца некалькі іншыя, чым пасля мінулага аб’езду вуліц, – кажа Зоя Віктараўна. – Усё-такі пастаянная работа ў гэтым напрамку прыносіць свае вынікі.  Горад стаў  значна чысцей, хоць пытанні па навядзенні і захаванні парадку па-ранейшаму застаюцца актуальнымі.

Так, на тэрыторыі былога ваеннага шпіталя ўдзельнікі папярэдняга рэйду бачылі толькі горы бутэлек, паперы, цалафану і іншага смецця. У гэты раз тут працаваў трактар з прычэпам, даверху нагружаным сухім галлём і іншым смеццем, работнікі ЖКГ прыбіралі.

А вось каля былога завода «Модуль» мала што змянілася, рознае смецце па-ранейшаму «ўпрыгожвае» прылеглую тэрыторыю.

У адным з двароў па вуліцы  Вечаркевіча на бялізнавых слупах віселі пакеты са смеццем, вакол, праўда, было даволі чыста і ахайна.

Па словах жыхароў двухпавярхоўкі, яны гэта робяць для таго, каб дваровыя каты і сабакі не разарвалі пакеты і не расцягнулі смецце па ўсёй тэрыторыі, пакуль за ім не прыедуць камунальшчыкі.

Мне, як жыхарцы прыватнага сектара, падобная сітуацыя знаёмая, праблема вырашаецца, можна выкарыстаць ёмістасць (напрыклад, старую выварку) з крышкай.

За Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцай у двары шматпавярховак усталявана выдатная дзіцячая пляцоўка, а насупраць вецер разносіць па полі лісты паперы і цалафанавыя пакеты. Мяркуючы па ўсім, смецце разлятаецца падчас выгрузкі смеццевых кантэйнераў на тэрыторыі бальніцы.

Сапраўдны шок адчулі ўдзельнікі рэйду на тэрыторыі былога 13-га ваеннага гарадка ў раёне складоў ЗАТ «Аблхімсэрвіс» на вуліцы Ураджайнай.

Горы рознакалібернага смецця, ад паперы і пластыкавых бутэлек  да ашалёўкі аўтамабіляў і будаўнічага смецця. Але здзівіла больш не гэта, а сляды ад аўтамабільных шын ад месца несанкцыянаванай звалкі да варот на тэрыторыю складоў.

Падобная безадказнасць і безгаспадарчасць недапушчальныя – усе мы хочам жыць у чыстым горадзе, але здаецца, што большасць абмяжоўваецца ўласнай кватэрай…

Ірына МАЛЯЎКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения