Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Благоустройство

Дваровыя клумбы ўпрыгожваюць наш горад Слуцк

12.08.2019
Гэта стала ўжо своеасаблівай прыкметай нашага горада: многія двары шматпавярховак аздоблены клумбамі. Прыемна адзначыць, што ў гэтай справе ўдзельнічаюць не толькі камунальшчыкі (як правіла, прыбіральшчыкі тэрыторый), але і жыхары дамоў. Такая ініцыятыва асабліва каштоўная, бо сведчыць аб нераўнадушшы случчан, аб жаданні радаваць іншых, рабіць свой горад прыгажэйшым. 

Днямі я сустрэлася з некаторымі стваральнікамі дваровых клумбаў мікрараёна вуліцы Чэхава. Каля аднаго з пад’ездаў дома №45 – маленькі батанічны сад: цыніі, флёксы, вяргіні, ружы, хрызантэмы, аксаміткі і многа іншых кветак і дэкаратыўных раслін. Не толькі растуць на клумбах, але і беражліва выстаўлены на грунт у гаршэчках. Вельмі захацелася прысесці на лаўку, акружаную высокімі сцяблінамі мальвы. Быццам на казачным троне пасядзела, здавалася, вось-вось аднекуль з кветак выпырхнуць маленькія феі з празрыстымі крылцамі… 


Дызайнер і стваральніца гэтага кветкавага аазісу – жыхарка дома №45 Тамара Аляксееўна Дубіна. Жанчына працавала на УП «Ямпаль-Слуцк», цяпер на пенсіі. Уладкаваннем і доглядам дваровай клумбы займаецца не першы год.

– Кветкі вельмі люблю, – усміхаецца Тамара Аляксееўна. – Яны радуюць, і ў горадзе, дзе вакол цэгла ды бетон, яны асабліва патрэбны. Вось і вырашыла ўладкаваць клумбу, тым болей, што пасля рамонтных работ тэрыторыя каля нашага пад’езда выглядала не лепшым чынам. Звярнулася ў ЖКГ, і нам прывезлі зямлю для клумбаў,  пачалася работа. Удзельнічалі і іншыя жыхары, парасткі, клубні кветак прывозілі з вёсак, штосьці набывалі. Даглядаю клумбу з задавальненнем, у праполцы, іншых работах дапамагае Галіна Цырук, ды іншыя жыхары пад’езда не застаюцца абыякавымі да нашага кветніка. Шчыра кажучы, радуе, што палюбавацца на нашы клумбы прыходзяць нават жыхары суседніх дамоў, гавораць, прыемна адпачыць у такой прыгажосці.





Разнастайныя кветкі, дэкаратыўныя кусты ўладараць і на тэрыторыі каля дома №53 на вуліцы Чэхава. Тут блакітны лянок і купчасты алісум, яркія цыніі і мальвы, трапечуць пад ветрыкам далікатныя эшольцыі і ружы… Прыгожа!

Ужо шмат гадоў усім гэтым кветкавым царствам займаецца жыхарка дома №53 Ганна Васільеўна Ануфрыева.

– У Слуцк пераехала з Расіі па сямейных абставінах. Жыву тут ужо 16 гадоў, горад стаў родным. Па прафесіі я настаўніца рускай мовы і літаратуры, шмат гадоў педагагічнага стажу. Але заўсёды любіла працаваць на зямлі, ну і знайшла сабе такую магчымасць – на прыдамавой тэрыторыі стварыла клумбу, даглядаю яе, – расказала Ганна Васільеўна. – Сваю дапамогу прапаноўвалі маладыя жыхары дома, я сказала, калі няма часу, то і не трэба дапамагаць, вы працуеце, а я на пенсіі – мора вольнага часу, сама спраўлюся.

І спраўляецца на выдатна. Хачу адзначыць, што Ганне Васільеўна 84 гады, але яна яшчэ тая маладзіца – рухавая, актыўная, пазітыўная. Акрамя догляду дваровай клумбы, любіць займацца маляваннем, грае на музычным сінтэзатары, а яшчэ наведвае танцавальныя вечары адпачынку ў гарадскім парку.
– У любым узросце трэба імкнуцца адчуваць паўнату жыцця, радавацца яму і радаваць іншых, – лічыць Ганна Васільеўна. – Ведаеце, вельмі прыемна, калі жыхары дома, прахожыя спыняюцца каля нашай клумбы, разглядваюць кветкі. Бачу, як святлеюць іх твары, як яны ўсміхаюцца. Прыгажосць напаўняе сэрцы цяплом, дапамагае справіцца з праблемамі, з дрэнным настроем. І яе трэба ствараць і захоўваць! 






Зазірнула я і на вуліцу Ленінскую, а там на тэрыторыі каля дома №8 – таксама кветкавы рай. Каля чацвёртага пад’езда, напрыклад, убачыла пунсовыя каны, павяргоні розных колераў і многа-многа іншых кветак. Клумбы ўтрымліваюцца ва ўзорным парадку, акуратныя, адчуваецца, уладкаваныя з любоўю. Гаспадыня гэтай «аранжарэі» Галіна Ільінічна Пацыкайлік. Каля 30 гадоў па ўласнай ініцыятыве яна высаджвае кветкі на прыдамавой тэрыторыі, клапоціцца пра іх. Галіне Ільінічне 73 гады, да выхаду на пенсію працавала  ткачыхай на Слуцкай тэкстыльнай фабрыцы.

– Я жыву на першым паверсе. Летняй раніцай адчыню акно – а тут такое каляровае хараство, цудоўны водар. І мне, і іншым жыхарам прыемна, – гаворыць Галіна Ільінічна. – Канечне, трэба прыкладаць нямала сіл, каб клумбы былі прыгожымі, аднак работы не баюся. Стараюся абнаўляць іх, набываю новыя расліны, чымсьці дзеліцца сяст-ра з вёскі, насенне некаторых кветак збіраю на клумбе.




Разнастайнымі фарбамі кветак радуюць вока і тэрыторыі каля іншых пад’ездаў дома №8 на Ленінскай, у тым ліку каля пятага пад’езда. А яшчэ жыхары праявілі сапраўдны дызайнерскі падыход да ўладкавання клумбаў – кветкі растуць там … прама ў парасонах. Такое арыгінальнае бачанне дваровага ландшафту старшай пад’езда Ларысы Уладзіміраўны Пісарык.



– Прыдамавую тэрыторыю хацелася аформіць нетрадыцыйна, запамінальна, – расказвае Ларыса Уладзіміраўна. – Вось і ўзнікла ідэя замест звычайных чаш для кветак прыстасаваць старыя парасоны. Атрымалася сімпатычна, сучасна. Дарэчы, у планах актывістаў пад’езда і іншыя задумкі па афармленні прыдамавой тэрыторыі. Хачу падкрэсліць, што большасць з нашых актывістаў – пенсіянеры, аднак, нягледзячы на ўзрост, гэта людзі адкрытыя для творчасці і пошуку, якія імкнуцца быць карыснымі роднаму гораду.

Відавочна, маладому пакаленню ёсць на каго раўняцца. 

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.


  • Шаноўныя случчане, магчыма, вы (ці вашы знаёмыя або суседзі) таксама займаецеся ўладкаваннем дваровых клумбаў. Дзяліцеся фотаздымкамі (slutskiy_kray@rambler.ru), тэлефануйце 7-51-52, мы апублікуем іх на сайце выдання і ў сацыяльных сетках.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения