Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Благоустройство

Час вясновай уборкі настаў

22.03.2019
Прыметы вясны ўсё болей адчувальныя, снежнага покрыва ўжо няма і ў паміне. А гэта значыць, шаноўныя случчане, пара прыступаць да капітальнай уборкі тэрыторый пасля зімы…

Разам з памочнікамі ўрача-гігіеніста Слуцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Зояй Віктараўнай Фраловай, Ганнай Васільеўнай Куляшовай, начальнікам цэха ручной і механізаванай уборкі Слуцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандрам Іванавічам Шыловічам на мінулым тыдні ўдзельнічала ў рэйдзе па Слуцку. Агульныя ўражанні – станоўчыя, цэнтральныя вуліцы і тэрыторыі, двары шматпавярховак утрымліваюцца ў належным стане, у цэлым парадаваў чысцінёй  прыватны сектар горада. Відавочна, спрыяе гэтаму стопрацэнтны ахоп жыхароў прыватных дамоў вывазам смецця. Несумненна і тое, што абавязак па навядзенні парадку на замацаваных тэрыторыях, каля домаўладанняў для калектываў, жыхароў становіцца нормай жыцця. Аднак, на жаль, не для ўсіх, ёсць і брыдкія, засмечаныя месцы ў Слуцку…

Калі прагуляцца па тэрыторыях, прылягаючых да былога завода «Модуль», можна знайсці рознае – драную куртку, бутэлькі, анучы, паперу. У раёне былога 14-га гарадка выявілі «маляўнічыя» несанкцыянаваныя звалкі – нейкія «знаходлівыя» людзі вывезлі будаўнічае і іншае смецце. У мікрараёне «Навадворцы» на вуліцы Пушкіна вялізная куча спілаванага галля – відаць, нехта з жыхароў такім чынам ачысціў свой двор ад непатрэбнага. Уражвае і тэрыторыя паблізу – за магазінам «Родны кут» №86 Слуцкай базы аблспажыўсаюза засмечана пластыкавымі і шклянымі бутэлькамі, паперамі.


На пустыры каля аддаленай вуліцы Ціхай убачылі некалькі дробных і адзін вялікі сметнік. Мяркуючы па памерах, узнік ён не за адзін дзень, набор адходаў тыповы – галлё, пластык, рэшткі будаўнічых матэрыялаў, поліэтылен. Гэты «сюррэалістычны» пейзаж хутчэй за ўсё стварыў хтосьці з мясцовых жыхароў, а, магчыма, што гэта вынік калектыўнай «творчасці».

Адстойнікі на набярэжнай Случы ў раёне вуліцы Чырвонаармейскай усыпаны пустымі бутэлькамі, работнікі ЖКГ іх рэгулярна прыбіраюць, аднак адпачываючыя на беразе случчане зноў і зноў упарта запаўняюць паглыбленні шклотарай.



Карціна загрувашчанасці на вуліцы Косберга каля дома №18 – каменне, горка пяску, будаўнічыя прылады, стары аўтамабіль… Гаспадар дома Салагуб І.В. патлумачыў, што аўтамібіль плануе здаць на металалом, а каменне з пяском прыменіць для будаўніцтва агароджы. Абяцаў у хуткім часе вызваліць вуліцу.

Несумненна, усім нам пара закасваць рукавы, брацца за венікі і граблі, прыводзіць у парадак тэрыторыі – прыбіраць старое лісце, зімовае смецце, уладкоўваць клумбы, займацца азеляненнем, карацей кажучы, наводзіць вясновы лоск у родным горадзе. Гэта наш абавязак і дапамога камунальшчыкам, якія  ўжо прыступілі да капітальнай уборкі тэрыторый і двароў у Слуцку. У тым ліку сіламі ЖЭУ праведзена грунтоўная ўборка дваровых тэрыторый дамоў №35 на вуліцы Капыльскай, №213, 215 на вуліцы Леніна, №118, 128, 138 на вуліцы Сацыялістычнай, №57, 58, 59, 112 на вуліцы Віленскай, №45, 55 на вуліцы Чэхава.

І яшчэ… Павучымся працавітасці, гаспадарлівасці, паважлівым і ўважлівым адносінам да роднага горада ў старэйшага пакалення. Падчас рэйда не маглі праехаць міма пажылой жанчыны, якая з граблямі ў руках наводзіла парадак каля агароджы свайго дома на вуліцы Савецкай. Людміле Сяргееўне Жогла – 86 гадоў, яна сказала: «Калі брудна, калі смецце – на сэрцы неспакойна. Вось я і прыбіраюся, клумбы ўладкоўваю. Каб не сорамна было перад людзьмі, каб усім прыгожа было».






Наталля СЕЛЯЗНЁВА.


К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения