Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Благоустройство

Будзе Случчына самай прыгожай. Пра гэта клапоцімся мы з вамі, шаноўныя землякі

25.04.2019
НА ЗДЫМКУ: Анастасія Мірончык-Іванова з мужам Сяргеем і бацькам Сяргеем Аляксеевічам Мірончыкам.


Падчас рэспубліканскага суботніка 20 красавіка на Случчыне займаліся добраўпарадкаваннем. Работнікі прадпрыемстваў, арганізацый, навучальных устаноў, жыхары раёна прыбіралі тэрыторыі, наводзілі парадак на месцах воінскай славы, помніках загінулым у Вялікую Айчынную вайну, могілках, у дварах дамоў. Работа кіпела паўсюль, і дарослыя, і дзеці ўнеслі свой уклад у добрую справу, каб родная Случчына стала яшчэ прыгажэйшай, зелянейшай.

На вуліцы Чэхава, дзе 18 красавіка пачалі высадку дрэў дэпутаты Слуцкага раённага Савета дэпутатаў, добрую справу азелянення горада працягвалі работнікі райвыканкама, Слуцкага РАУС, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, прадстаўнікі Слуцкага раённага аб'яднання прафсаюзаў і іншыя.

У суботніку прынялі ўдзел старшыня Слуцкага райвыканкама Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Вітальеўна Ражанец, старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Наталля Аляксандраўна Аўсяннікава, знакамітыя ўраджэнцы Случчыны генерал-маёр запаса Мікалай Вітальевіч Скобелеў, бронзавы прызёр Чэмпіянату свету Анастасія Мірончык-Іванова з мужам Сяргеем і бацькам Сяргеем Аляксеевічам Мірончыкам.

Мікалай Вітальевіч Скобелеў заўсёды лічыў і лічыць сябе мясцовым жыхаром, слуцаком, дзе б ні быў, не ўспрымае словы «малая радзіма», для яго ёсць проста радзіма. Ён з задавальненнем прымае ўдзел у падобных акцыях па азеляненні:
– Вяртаючыся з іншых краін, адчуваеш асабліва, што наша краіна – самая прыгожая. Наша радзіма павінна быць зялёнай, у кветках. Для гэтага і стараемся. Мы ўсе хочам жыць у прыгожых, чыстых, дагледжаных гарадах. З радасцю далучаюся да такіх мерапрыемстваў.

Анастасія Мірончык-Іванова ганарыцца, што нарадзілася ў Слуцку, з радасцю адклікнулася на запрашэнне паўдзельнічаць у суботніку:

– Наш горад чысты, прыгожы, тут жывуць добрыя людзі, яны клапоцяцца, каб Слуцк квітнеў, быў добраўпарадкаваным. Адсюль выйшла столькі таленавітых  людзей, у нас такая багатая гісторыя. Я вельмі ганаруся сваім горадам. Цудоўная справа – закласці парк у гэтым месцы, насупраць храма.  Калі дрэўцы падрастуць, абявязкова прывядзём сюды нашага сына Глеба, раскажам, што і нашы саджанцы тут ёсць. Пэўна, разам мы пасадзім яшчэ не адно дрэўца.

Як адзначыў старшыня райвыканкама А.У. Янчэўскі, у раёне шматпавярховай забудовы на вуліцы Чэхава не хапала зялёнай зоны, таму і вырашана было закласці тут парк. Высаджана больш за 300 дрэўцаў.

Падчас суботніка ў Слуцку таксама заклалі сквер у гонар Васіля Віткі. За тэрыторыяй СШ №11 насупраць дома №1 па вуліцы імя Васіля Віткі супрацоўнікі ўпраўлення па адукацыі Слуцкага райвыканкама, Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі і СШ №11 высадзілі каля 200 дрэўцаў. Цяпер тут будзе сквер.

А жыхары дома №1 па вуліцы Васіля Віткі ў Слуцку не толькі дапамаглі з палівам высаджаных дрэўцаў. Яны ў дзень рэспубліканскага суботніка таксама займаліся добраўпарадкаваннем прыдамавой тэрыторыі.

Цудоўны прыклад! Жыхароў дома, як расказала Крысціна Назарчык, на добрую справу арганізаваў старшыня кааператыва Аляксандр Тагановіч. За ўласныя грошы набыты туі, 20 красавіка ўсе жадаючыя выйшлі на свой суботнік.

На гарадскіх могілках у Слуцку члены БРСМ, у тым ліку райкама, прыбіралі разам з работнікамі ЖКГ. Педагогі і вучні Ісернскага ВПК яслі-сад – сярэдняя школа, іх бацькі саджалі вакол школьнага стадыёна елачкі. Добраўпарадчыя работы праводзіліся на тэрыторыях сельскіх населеных пунктаў, у парках, скверах, на могілках. Супрацоўнікі райаддзела міліцыі прыбіралі на мемарыяльным комплексе ў Пераходах. Агульнымі намаганнямі зроблена нямала.

Жыхары раёна баюць пра сваю радзіму, шчыруюць падчас суботнікаў і не толькі, каб радавала Случчына нас і нашых дзетак, захапляла гасцей, была самай-самай. І калі не чакаць для гэтага суботнікаў, а ўвесь час падтрымліваць чысціню, упрыгожваць кветкамі двары, займацца добраўпарадкаваннем,  то так і будзе.

Ірына ВЕЧАР.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения