Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Безопасность / Безопасность

«У цэнтры ўвагі – дзеці!». XI абласны бацькоўскі сход прайшоў на Міншчыне 27 красавіка

03.05.2018
Як навучыць дзяцей цаніць сваё жыццё і здароўе, як зберагчы іх ад небяспекі, абмеркавалі падчас мерапрыемства на прадпрыемствах сталічнай вобласці.

На ААТ «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў» і «Слуцкі мясакамбінат» з работнікамі прадпрыемстваў і запрошанымі бацькамі сустрэліся спецыялісты камісіі па справах непаўналетніх, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, аддзела ўнутраных спраў, медыцынскія работнікі, супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Інфармацыя, якую пачулі на сходзе, не пакінула, упэўнена, нікога раўнадушным, прымусіла задумацца: дзеці – наша будучыня – у небяспецы ў вельмі многіх выпадках з-за нас, дарослых. А хто ж, як не бацькі, навучаць дзяцей быць асцярожнымі, прадбачлівымі, уважлівымі.

Дзеці ўжываюць алкаголь, наркатычныя рэчывы, учыняюць злачынствы, жывуць у неспрыяльных умовах, гінуць на вадзе, у дарожна-транспартных здарэннях і сыходзяць з жыцця па ўласнай волі. Чаму так? Гэта пытанне ўзнікае зноў і зноў. І, здавалася б, усе захады для абароны дзяцей прымаюцца, але ўсё роўна нешта здараецца.

За мінулы год у Мінскай вобласці ад знешніх прычын загінулі 30 дзяцей. Гэта цэлы клас… 2 дзяцей здзейснілі суіцыд, 7 – зведалі сэксуальнае насілле. Такія выпадкі – трагедыя для ўсіх: бацькоў, педагогаў, грамадскасці. І нагода задумацца. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкама Андрэй Васільевіч Нядзелька акцэнтаваў увагу на тым, што ў першую чаргу бацькі даюць дзецям веды ў жыцці – уласным прыкладам, сваімі адносінамі да дзіцяці, да акружаючых, сваімі паводзінамі. І яны ў першую чаргу павінны займацца выхаваннем, вучыць бяспечным паводзінам, цікавіцца іх інтарэсамі, вольным часам, размаўляць, падтрымліваць, дапамагаць, каб не цягнула дзяцей на сумнеўныя подзвігі і прыгоды, каб не шукалі яны разумення ў кампаніях на вуліцы. Аб гэтым гаварыла і намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама Ларыса Генадзьеўна Дабравольская.

Няшчасны выпадак можа быць неспадзяваным, а можа быць і спрагназаваным, як вынік бяздзейнасці бацькоў, недахопу ўвагі і выхавання з іх боку.

На прафілактычным уліку ў дзіцячага нарколага – 144 падлеткі (больш за 50 дзяўчат!), 21 з іх не дасягнуў узросту 14 гадоў, паведаміў загадчык псіханаркалагічнага аддзялення Слуцкай ЦРБ Алег Рычардавіч Блізняк. Бываюць падлеткі і на дыспансэрным уліку, калі ўжо ўстаноўлены дыягназ «алкагольная залежнасць». Варта помніць, што пастаноўка на ўлік урача-нарколага або ў інспекцыі па справах непаўналетніх закрывае абітурыенту дарогу ў некаторыя ВУЗы. Быць пільнымі і ўважлівымі да сваіх дзяцей заклікаў урач.

Колькасць злачынстваў сярод непаўналетніх зніжаецца, але ўжо ў гэтым годзе падлеткі ўчынілі 4 злачынствы. Большасць адміністрацыйных парушэнняў падлеткаў, якія разгледжаны на пасяджэннях камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама (у 2018 годзе ўжо 56), – распіццё спіртнога, хуліганства, мелкія крадзяжы. Многіх падлеткаў цягне на «геройства» менавіта пасля прыняцця алкаголю. Дарэчы, і тут без удзелу дарослых не абыходзіцца. Адны прадаюць непаўналетнім спіртное, другія – купляюць. 2 службовыя асобы прыцягнуты да адказнасці за парушэнне правілаў гандлю – продаж спіртнога непаўналетнім – за I квартал 2018 года.

Алкаголь – прычына многіх бед у жыцці дзяцей, у сям’і. З-за п’яніц-бацькоў, якія не хочуць працаваць, не могуць забяспечыць дзецям нармальныя ўмовы жыццядзейнасці, развіцця, выхавання, непаўналетнія трапляюць у сацыяльна небяспечнае становішча (329 дзяцей з 170 сем’яў на 1.04.2018 г.), становяцца сацыяльнымі сіротамі. Сёння ў прытулку Слуцкага сацыяльна-педагагічнага цэнтра і Доме дзіцяці знаходзяцца 18 дзяцей. Ці вернуцца яны ў свае сем’і?

Дамашняе насілле – адна з праблем сучаснасці. Часцей за ўсё ад насілля пакутуюць жанчыны і дзеці. Пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з 2013 года функцыянуе крызісны пакой, дзе часова могуць жыць людзі, якія падвяргаюцца насіллю. 13 жанчын з дзецьмі скарысталіся яго паслугамі за гэты час. У цэнтры працуюць псіхолагі, ёсць тэлефон даверу. Галоўнае, рашыцца нешта змяніць у сваім жыцці, не баяцца. Магчыма, такі крок мамы будзе вырашальным і ў жыцці дзіцяці.

Невыкананне правілаў пажарнай бяспекі грамадзянамі ў стане алкагольнага ап’янення – адна з самых частых прычын гібелі ад пажараў. У Слуцкім раёне ў гэтым годзе здарылася 26 пажараў, 5 чалавек загінулі, звярнуў увагу на праблему інспектар Слуцкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Шчарбачэня.

Убачыць, пачуць і адчуць сваіх дзяцей, быць ім сябрам, паказваць станоўчы прыклад, стварыць камфортныя псіхалагічныя ўмовы ў сям’і – да гэтага павінны імкнуцца бацькі, так сцвярджаюць псіхолагі. І тады выхаванне будзе мець вынік. Задумацца і зрабіць пэўныя крокі, не быць раўнадушнымі павінны дарослыя, каб не прыйшлося шкадаваць, каб былі ў бяспецы нашы дзеці.

Гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі падчас бацькоўскага сходу. Перад пачаткам мерапрыемства раздавалі памяткі, буклеты, падрыхтаваныя рэсурснымі цэнтрамі па выхаваўчай рабоце СШ №№6, 13, напаміналі правілы пажарнай бяспекі, якія патрэбна данесці і да дзяцей. Актыўны ўдзел у правядзенні бацькоўскага сходу прынялі педагогі Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.

Ірына ВЕЧАР.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения