Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Безопасность / Безопасность

У пошуках крадзенага

11.04.2019
Сельскагаспадарчая тэхніка на поўную моц працуе ў палях, актывізаваліся і аматары пажывіцца за чужы кошт: зліць дызельнае паліва з сельгасмашын.

З пачатку 2019 года супрацоўнікамі аддзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (АБЭЗ) сумесна з аддзелам Дзяржаўтаінспекцыі Слуцкага РАУС  ужо канфіскавана больш за 500 літраў афарбаванай саляркі.

28 сакавіка ў рэйд за аматарамі «зялёнага паліва» разам з супрацоўнікамі АБЭЗ і аддзела ДАІ Слуцкага РАУС адправілася карэспандэнт «Слуцкага краю».



Падчас рэйдаў асаблівая ўвага надаецца транспартным сродкам работнікаў аграпрамысловага комплексу, а таксама аўтамабілям, прыпаркаваным каля сельскагаспадарчых арганізацый і прадпрыемстваў і на пад’ездзе да іх.  Мы праводзілі праверку аўтамашын на дарогах, якія вядуць да мехдвароў.

– Не, што вы, я толькі з запраўкі, магу чэкі паказаць, – усміхаецца ўладар старэнькіх «Жыгулёў».

– Не, я такое паліва ў бак не залью, –  абураецца на пытанне аб выкарыстанні афарбаванага паліва вадзіцель «Фальксвагена».

Афарбаванае  аўтамабільнае паліва інспектары выяўляюць на месцы, пры дапамозе спецыяльнага шпрыца. Оперупаўнаважаны адзялення АБЭЗ Максім Клека вызначыў, што вадзіцелі абодвух спыненых аўтамабіляў выкарыстоўваюць звычайнае паліва.  

Дарэчы, за дзве гадзіны, што мы правялі на тэрыторыі Сяражскага сельсавета, супрацоўнікамі ДАІ не было выяўлена ніводнага парушэння.

На ўездзе ў Слуцк спынілі яшчэ адзін мікрааўтобус. Оперупаўнаважаны ўважліва агледзеў салон, пасля прастукаў пярэднюю сценку кабіны.

– Вельмі часта нядобрасумленныя грамадзяне ўстанаўліваюць дадатковую сценку, – патлумачыў свае дзеянні міліцыянер, – мінулы раз у падобнай нішы было выяўлена 50 літраў афарбаванага дызельнага паліва.

«Скарбу» за сценкай не аказалася, а вось тэрмін дзеяння праходжання тэхагляду даўно мінуў…

Пазней увагу супрацоўніка міліцыі прыцягнуў залішне нервовы вазіцель іншага мікрааўтобуса, спыненага для праверкі дакументаў. Мужчына сцвярджаў, што заправіўся на АЗС. Аднак проба паказала, што паліва ў баку зялёнае.

Казкам аб тым, што такое паліва прадалі на запраўцы або аб тым, што безгаспадарныя каністры  стаялі ў чыстым полі, дзяржаўтаінспектары,  вядома, не вераць.

У аддзеле судовых экспертыз пробу паліва даследуюць. Калі экспертамі будзе выяўлена фарбавальнае рэчыва, уладальніку аўто пагражае штраф ад 10 да 50 базавых велічынь.

Для аматараў зліць дызельнае паліва з бакаў трактароў і камбайнаў адміністрацыйная адказнасць прадугледжана арт. 10.5 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях: штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт, у выпадку паўторнага прыцягнення на працягу года – штраф у памеры ад 30 да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. Кантроль на дарогах Случчыны працягнецца. Так што жаданне зэканоміць на куплі крадзенага паліва можа абысціся вельмі дорага.

Ірына МАЛЯЎКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения