Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Безопасность / Безопасность

Папярэдзіць няшчасныя выпадкі

14.09.2018
 Пытанні аховы працы, папярэджання гібелі і траўміравання людзей, умацавання вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай дысцыпліны абмеркавалі ўдзельнікі пасяджэння раённай камісіі па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесійнай захворвальнасці. На пасяджэнне былі запрошаны спецыялісты па ахове працы сельгасарганізацый раёна. 

Намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама Ларыса Генадзьеўна Дабравольская адзначыла, што сёлета колькасць выпадкаў вытворчага траўматызму павялічылася. За 8 месяцаў у раёне адбылося 29 няшчасных выпадкаў на вытворчасці (17 – у 2017 годзе), у якіх пацярпелі 29  чалавек (17), у тым ліку 4 выпадкі з цяжкім зыходам (ДЭУ-64, ПМК-226, ЖКГ, ПСГ ААТ «Слуцкі Аграсэрвіс»), 5 – са смяротным зыходам (3 з іх яшчэ расследуюцца). На вытворчасці павінны быць створаны бяспечныя ўмовы працы для работнікаў. Дробязей тут няма, тым больш што ад гэтага залежаць жыцці людзей. Ларыса Генадзьеўна звярнула ўвагу прысутных на падрыхтоўку і перападрыхтоўку спецыялістаў па ахове працы, своечасовае праходжанне праверкі ведаў, абсталяванне кабінетаў. У раёне створана і працуе мабільная група. Сёлета за 8 месяцаў выяўлены 1 510 парушэнняў заканадаўства аб ахове працы. На жаль, у арганізацыях несвоечасова выпраўляюць выдадзеныя прадпісанні. Вось і атрымліваецца, што няшчасныя выпадкі – вынік тых недапрацовак. 

Начальнік Слуцкага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Таццяна Аляксандраўна Матус праінфармавала ўдзельнікаў пасяджэння аб няшчасных выпадках на вытворчасці. Асноўныя прычыны няшчасных выпадкаў у сельскагаспадарчай галіне: эксплуатацыя няспраўнага абсталявання, асабістая неасцярожнасць пацярпелых. У асобных сітуацыях ёсць віна наймальніка, маюць месца факты допуску да працы без інструктажа па ахове працы або адпаведнай кваліфікацыі. Спецыялісты міжраённага аддзела праводзяць маніторынгі выканання заканадаўства па ахове працы. Сярод выяўленых недахопаў: адсутнасць з боку адказных асоб правядзення перыядычнага кантролю, своечасовага праходжання праверкі ведаў па пытаннях аховы працы, невыкарыстанне работнікамі сродкаў індывідуальнай аховы. 

На асноўныя парушэнні санітарных норм і правіл, выяўленыя падчас правядзення месячніка бяспекі пры правядзенні работ па ўборцы ўраджаю ў сельгасарганізацыях, звярнула ўвагу прысутных загадчык аддзела гігіены працы Слуцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святлана Іванаўна Клеко. Праведзены маніторынг усіх сельгасарганізацый, па яго выніках выдадзены 45 рэкамендацый. У іх ліку і навядзенне парадку на тэрыторыях машынна-трактарных паркаў, малочнатаварных ферм, майстэрняў. Своечасова абкасіць тэрыторыю, вывезці бытавое смецце, памыць вокны – гэтыя работы не патрабуюць фінансавых затрат. Бытавыя памяшканні павінны ўтрымлівацца ў чысціні, і іх неабходна таксама рамантаваць, адзначыла С.І. Клеко. Пытанні гігіены на працоўных месцах, забеспячэння работнікаў медыцынскімі аптэчкамі таксама абмеркавалі падчас пасяджэння. Святлана Іванаўна засяродзіла ўвагу на пытаннях забеспячэння работнікаў спецадзеннем і спецабуткам, кантролю за іх выкарыстаннем, атэстацыі працоўных месцаў, правядзення медаглядаў і іншых. 

Першы намеснік начальніка Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віктар Уладзіміравіч Васіленка паведаміў аб стане пажарнай бяспекі ў раёне. Сёлета ў раёне адбыліся 49 пажараў, у якіх загінулі 7 чалавек (летась – 36 пажараў, 2 чалавекі загінулі). 3 пажары зафіксаваны на аб’ектах дзяржаўнай уласнасці. Асноўныя прычыны пажараў: неасцярожнае абыходжанне з агнём, курэнне ў неўстаноўленых месцах. В.У. Васіленка  нагадаў пра абсталяванне на вытворчых аб’ектах месцаў для курэння, недапушчальнасць спальвання сухой расліннасці і пажніўных рэшткаў. 

На неабходнасць правядзення прыборнага кантролю на прадмет знаходжання ў стане алкагольнага ап’янення вадзіцеляў і грамадзян, якія дапушчаны да кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі і самаходнымі машынамі,  не толькі раніцай і  вечарам, але і падчас працоўнага дня нагадала начальнік аддзела працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Слуцкага райвыканкама Таццяна Іванаўна Новак.  Маніторынг паказаў, што амаль ва ўсіх сельгасарганізацыях тры разы на дзень праводзяць прыборны кантроль працаўнікоў, толькі ў ААТ «Вітка-Агра» і КСУП «Эксперыментальная база «Танежыцы» гэта не лічаць абавязковым.

Вывучэнне і выяўленне прычын няшчасных выпадкаў на вытворчасці, выкананне мерапрыемстваў, накіраваных на іх папярэджанне, дазволяць стварыць бяспечныя і спрыяльныя ўмовы працы.

Ірына КАВАЛЕНКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения