Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Безопасность / Безопасность

На першым месцы – бяспека!

12.03.2020
За бяспеку дзяцей у першую чаргу адказваюць бацькі, але часам яны забываюць пра гэта.

У рамках рэспубліканскай акцыі «Будзь прыкладам свайму дзіцяці» разам з супрацоўнікамі аддзела Дзяржаўтаінспекцыі Слуцкага РАУС у адным з рэйдаў прыняла ўдзел карэспандэнт «Слуцкага краю».

Восем раніцы. Каля кожнай школы ці дзіцячага садка ў гэты час шмат машын: бацькі прывозяць дзяцей. Ці выконваюць вадзіцелі правілы перавозкі маленькіх пасажыраў? Аказваецца, не заўсёды.

Асноўныя парушэнні, зафіксаваныя падчас рэйду: непройдзены тэхагляд, непрышпіленыя вадзіцелі і пасажыры.
У першым выпадку ўсе аўтаўладальнікі запэўнівалі, што, вядома ж, збіраюцца прайсці тэхагляд на днях, літаральна заўтра. У другім – нагадвалі маленькіх дзяцей з іх адвечным «прабачце мяне, я так больш не буду». А вось парушэнняў правілаў перавозкі дзяцей  выяўлена не было. Не паспелі мы гэтаму парадавацца і завяршыць рэйд, як на адной з вуліц горада ўвагу інспектараў прыцягнуў пазадарожнік, на пярэднім пасажырскім сядзенні якога віднелася толькі светлая галоўка малога дзіцяці.

Аўталэдзі экіпаж ДАІ таксама заўважыла, таму на першым жа павароце звярнула ў двары, імкнучыся як мага хутчэй высадзіць дзіця з аўто. Не атрымалася…

Хлопчык гадоў трох-чатырох сядзеў на пярэднім сядзенні без дзіцячага аўтакрэсла, і, што асабліва абурыла ўдзельнікаў рэйду, нават не быў прышпілены. А на заднім сядзенні аўто ўсталяваны бусцер.

– Вы нас прабачце, калі ласка, – апраўдваецца мама хлопчыка, – мы проста трохі праспалі, спазняемся ў дзіцячы сад. Ды і жывем мы тут зусім побач, нічога страшнага не адбылося, я заўсёды акуратна езджу.

Аднак, як высветлілася па базе дадзеных, дама – аматарка хуткай язды, за што неаднаразова прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці.

– Ну гэта ж ваша дзяця! Хто ж як не вы павінен клапаціцца пра яго бяспеку, чаму вы яго не прышпілілі? – абураўся інспектар Дзмітрый Семібратаў.

– Ну, спяшаліся…

Узяўшы з хлопчыка слова (ён жа сапраўдны мужчына і павінен сам турбавацца як пра сваю бяспеку, так і пра бяспеку бацькоў), што ён будзе ездзіць толькі ў дзіцячым аўтакрэсле і сачыць, каб мама не парушала правілы дарожнага руху, аўталэдзі на першы раз выпісалі пісьмовае папярэджанне. Нагадалі і пра неабходнасць флікера ў дзіцяці.

Літаральна праз некалькі хвілін інспектар спыніў яшчэ адну матулю з дзіцем на пярэднім сядзенні.  І гэтая аўталэдзі таксама спяшалася…

Па словах старшага інспектара аддзела ДАІ Слуцкага РАУС Дзмітрыя Семібратава, ва ўсіх вадзіцеляў у падобных выпадках адна і тая ж адгаворка – дом зусім побач са школай (дзіцячым садам), ехаць літаральна хвіліну, таму сэнсу ўсаджваць дзяцей у крэслы і прышпільваць, як яны лічаць, няма. Але ў  першую чаргу дзіцячае аўтакрэсла, ці бусцер, у машыне патрэбна для таго,  каб дзіця сядзела высока і рэмень бяспекі не вісеў у яго над галавой, а сапраўды фіксаваў. А колькі часу трэба правесці ў дарозеі – хвіліну ці гадзіну – па правілах дарожнага руху значэння не мае.

ДАВЕДКА. Перавозіць дзяцей да 12 гадоў у аўтамабілі на заднім сядзенні дазваляецца з прымяненнем дзіцячых утрымліваючых сістэм, якія адпавядаюць росту і вазе дзіцяці. Дапускаецца выкарыстанне стандартных рамянёў бяспекі. Дзіця ва ўзросце 7 – 12 гадоў перавозіць на пярэднім сядзенні забараняецца. Калі такая неабходнасць існуе, то прадугледжана абавязковае выкарыстанне ўтрымліваючай прылады. Для дзяцей пасля 12 гадоў выкарыстанне аўтакрэсла ў аўтамабілі не патрабуецца.

Знаходжанне дзіцяці ў аўтамабілі без утрымліваючага прыстасавання, якое адпавядае яго росту і вазе, паводле артыкула. 18.14 ч. 5 Кодэкса Рэспублікі  Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, цягне за сабой пакаранне –  папярэджанне альбо штраф да 0,5 базавай вілічыні. Калі на працягу года грамадзянін  прыцягваецца да адказнасці паўторна за аналагічнае правапарушэнне, згодна з арт. 18. 14 ч. 12 КаАП РБ яму пагражае штраф у памеры ад 2 да 4 базавых велічынь.


Памятайце: жыццё і здароўе вашых дзяцей – у вашых руках!

Ірына МАЛЯЎКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения