Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Безопасность / Безопасность

Купайцеся там, дзе дазволена. Рэйд па месцах, забароненых для купання

02.08.2018
Устанавіліся спякотныя дні. Случчане пацягнуліся да вадаёмаў. Купанне на тэрыторыі Слуцкага раёна на сённяшні дзень дазволена толькі на тэрыторыі вадасховішча «Рудня» (згодна з санітарнымі нормамі купанне дазволена толькі для дарослых). 

На жаль, не ўсе разумеюць што надпіс «Купанне забаронена» ля вадаёму ўсталяваны не для прыгажосці.

У выхадныя дні ў рэйд з удзелам спецыялістаў камісіі па справах непаўналетніх, упраўлення па адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкама, Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, аддзела ўнутраных спраў Слуцкага райвыканкама па месцах, забароненых для купання, адправілася карэспандэнт «Слуцкага краю».

Суботні дзень, на берагах тэхнічнага кар’ера, названага ў народзе Камора, дастаткова шматлюдна.

– А мы не мясцовыя, мы з Расіі, – адказвае адна з кампаній. – А чаму нельга? Ні адной таблічкі аб забароне тут няма. А месца прыгожае, маляўнічае.

Дарэчы, зусім нядаўна па перыметры вадаёма было ўстаноўлена дзевяць папераджальных знакаў, зараз жа – ні аднаго.

– Тут плаваць нельга, кар'ер – тэхнічны, няроўнае абрывістае дно. Купанне тут можа абярнуцца бядой, – папярэджваюць удзельнікі рэйду.

Іншая кампанія да заўвагі паставілася агрэсіўна.

– Так, мы ведаем, што нельга. Заўсёды тут плавалі і будзем плаваць.

Ні настойлівыя парады выратавальнікаў, ні інфармацыя аб трагедыях на вадзе не спыняюць некаторых рызыковых людзей.

Папярэдзіць бяду – мэта, з якой удзельнікі рэйду рабілі аб'езд па месцах, не абсталяваных для купання.
На тэрыторыі шлюзаразмеркавальнікаў у раёне 11-га гарадка мы заўважаем кампанію падлеткаў на веласіпедах.

– Хлопцы, вы тут купаецеся?

– Не, мы проста катаемся, адпачываем, – адчуўшы нядобрае, адказваюць хлапчукі. – А што здарылася?

– Вы ведаеце, што тут плаваць забаронена? Вам у школе расказвалі аб правілах бяспекі і паводзін на вадзе?

– Мы з бацькам у Салігорск на пляж ездзім, – адказвае адзін з падлеткаў.

Падчас гутаркі да моста на веласіпедзе пад'ехаў трынаццацігадовы падлетак з братам чатырох гадоў. Малы сядзеў  не ў дзіцячым крэсле, а на раме, з усіх сіл схваціўшыся маленькімі ручкамі за руль.

На пытанні, што яны тут  робяць і дзе бацькі, хлопчык адказаў, што яны проста катаюцца, а мама дома.
– Ты разумееш, што падвяргаеш небяспецы не толькі сябе, але і маленькага браціка, – гаварылі падлетку. Ён маўчаў у адказ.

У адпаведнасці з правіламі дарожнага руху Рэспублікі Беларусь язда на веласіпедзе ў гарадской мяжы дазволена толькі з 14 гадоў, догляд за малым – з шаснаццаці. Хлапчукоў пасадзілі ў аўтамабіль і адвезлі маме, якая ў гэты час была на рабоце.
На маму хлапчукоў складзены адміністрацыйны пратакол.

Там жа заўважылі яшчэ дваіх малалетніх, якія неслі ў руках ручнік.

– А куды вы ідзяце?

– Купацца, – адказваюць дзеці. – Вось наш дзядуля едзе.

Пажылы мужчына павёў сябе агрэсіўна, з абурэннем уступіў у дыскусію з удзельнікамі рэйду, абгрунтоўваючы купанне ў забароненым месцы тым, што на гарадскім пляжы вада не чысцей, рака тая ж самая. На довады аб тым, што ў 11-м гарадку купанне забаронена, мужчына не рэагаваў.

Не таму вучыць унукаў дзядуля...

У гэтым годзе вада забрала ўжо не адно жыццё. Рэкамендуем жыхарам купацца толькі ў вадаёмах, дзе дазволена (найбліжэйшы – вадасховішча Рудня). Асаблівую ўвагу надавайце дзецям.

Усім аматарам «дзікага» адпачынку ў гэты дзень былі вынесены папярэджанні.

Рэйды па забароненых для купання месцах працягваюцца.

Ірына МАЛЯЎКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения