Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Безопасность / Безопасность

Комплексна, ва ўзаемадзеянні

03.10.2019
Калі чалавек пакідае жыццё, тым больш па ўласным жаданні, – гэта трагедыя. Прычыны такога рашэння людзей розныя, нярэдка прадыктаваныя сіюмінутнымі пачуццямі, немагчымасцю справіцца са складанай сітуацыяй, а часта – п’янствам ці алкагалізмам.

Відавочна, такім трагічным здарэнням магчыма супрацьстаяць. На мінулым тыдні на пасяджэнні камісіі па прафілактыцы алкагалізму, наркаманіі і суіцыдаў пры Слуцкім райвыканкаме абмеркавана сітуацыя па суіцыдах на Случчыне, прафілактычная работа ў гэтым напрамку.

Як адзначыў загадчык псіханаркалагічнага аддзялення Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы Алег Рычардавіч Блізняк, за дзевяць месяцаў гэтага года на тэрыторыі раёна ўчынілі суіцыд 16 чалавек –  на 4 выпадкі больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Суіцыдальныя спробы здзейснілі 46 чалавек. 8 суіцыдаў зарэгістравана ў Слуцку і столькі ж – у сельскіх населеных пунктах раёна. Большасць самагубцаў – мужчыны (12 чалавек). 6 суіцыдаў здзейснілі людзі ва ўзросце 61 года, 5 – ва ўзросце 31 – 45 гадоў, 3 – ва ўзросце 46 – 60 гадоў, 2 суіцыды –  ва ўзросце 18 – 30 гадоў.

Відавочна, што адзін з фактараў, які садзейнічае такім трагічным здарэнням, – алкаголь. Выяўлена, што 12 случчан, якія звялі рахункі з жыццём, знаходзіліся ў стане алкагольнага   ап’янення. 38 жыхароў Случчыны ўчынілі парасуіцыды таксама ў нецвярозым стане.

Алег Рычардавіч адзначыў, што работа па прафілактыцы суіцыдаў праводзіцца комплексна, ва ўзаемадзеянні зацікаўленых устаноў і службаў: Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы, РАУС, пракуратуры, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Слуцкага райвыканкама, раённай камісіі па справах непаўналетніх і іншых. У тым ліку ў Слуцкай ЦРБ выконваюцца мерапрыемствы плана 2015 – 2019 гадоў па прафілактыцы суіцыдальных дзеянняў жыхароў Случчыны. У амбулаторных установах агульнасаматычнай сеткі райбальніцы ўкаранёны ў практыку алгарытм дзеянняў па аказанні дапамогі людзям, якія ўчынілі суіцыдальныя спробы, шкала ацэнкі суіцыдальнай рызыкі, апытальнікі па выяўленні трывогі і дэпрэсіі жыхароў. Прафілактычная работа з групамі рызыкі праводзіцца з улікам іх асаблівасцей.

Ва ўсіх аддзяленнях райбальніцы ў медыцынскіх картах пацыентаў запаўняецца экспрэс-ацэнка суіцыдальнай рызыкі, у выпадку неабходнасці на кансультацыю запрашаецца ўрач-псіхатэрапеўт або ўрач-псіхіатр. На стэндах структурных падраздзяленняў Слуцкай ЦРБ, жыроўках па камунальных паслугах размешчаны  нумары тэлефонаў  «гарачай лініі» Мінскага абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі – наркалогіі, ананімнай наркалагічнай і псіхалагічнай дапамогі Слуцкай ЦРБ. Працуе таксама  агульнанацыянальная дзіцячая тэлефонная лінія дапамогі, тэлефонная лінія экстранай псіхалагічнай дапамогі гарадскога дзіцяча-падлеткавага псіханеўралагічнага дыспансэра ў Мінску і іншыя. На базе паліклінікі па абслугоўванні дарослага насельніцтва ў Слуцку дзейнічае цэнтр моладзі і падлеткаў «Давер», куды таксама можна звярнуцца ананімна. Выкарыстоўваюцца розныя формы інфармацыйнай работы з насельніцтвам, у тым ліку праз СМІ.

У гэтым годзе для ўрачоў, медсясцёр райбальніцы праведзены шэраг навучальных семінараў па пытаннях ранняй дыягностыкі дэпрэсій, суіцыдаў, аказання дапамогі, лекцыі для навучэнцаў, педагогаў устаноў адукацыі, работнікаў працоўных калектываў аб прафілактыцы суіцыдаў, алкагалізму і наркаманіі, вырашэнні канфліктных, пераадоленні складаных жыццёвых сітуацый, іншыя мерапрыемствы.

У раёне працягваецца рознапланавая прафілактыка суіцыдаў, першачарговая роля ў ёй адводзіцца растлумачальнай, асветніцкай рабоце з насельніцтвам, павышэнню выніковасці ўзаемадзеяння зацікаўленых службаў і структур. Як было адзначана на пасяджэнні, на канчатковы выбар чалавека ў крызіснай сітуацыі ўплывае шмат фактараў. Відавочна, многае залежыць ад увагі блізкіх, сяброў, калег, акружаючых. Так што, шаноўныя, не будзем абыякавымі і раўнадушнымі да тых, хто побач…

На пасяджэнні абмеркавана інфармацыя аддзялення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі Слуцкага РАУС аб эфектыўнасці прафілактыкі наркаманіі на тэрыторыі Слуцкага раёна. Работа суб’ектаў прафілактыкі прыносіць станоўчыя вынікі, пра гэта ў тым ліку  сведчыць  змяншэнне зарэгістраваных фактаў ужывання маладымі людзьмі на тэрыторыі раёна наркотыкаў, псіхатропаў. Варта ўтрымаць гэту сітуацыю, працаваць на далейшае яе паляпшэнне, было адзначана на пасяджэнні.


Разгледжаны таксама пытанні аб прафілактычнай і выхаваўчай рабоце кіраўніцтва, сацыяльна-педагагічнай, псіхалагічнай службаў сярэдняй школы №2, Казловіцкай сярэдняй школы па фарміраванні негатыўнага стаўлення навучэнцаў да ўжывання алкаголю і іншыя.

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения