Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Безопасность / Безопасность

Як не стаць ахвярай інтэрнэт-злачынцаў

09.08.2019
У Беларусі адзначаецца рост колькасці супрацьпраўных дзеянняў у сетцы Інтэрнэт. У зводках міліцыі з'яўляюцца факты, калі злачынцы ўваходзяць у давер  і завалодваюць рэквізітамі банкаўскіх картак, паролямі ў інтэрнэце і мабільных тэлефонаў.

«Прывітанне, не зможаш перавесці трохі грошай? У мяне праблемы з банкаўскай карткай». Многія чулі або самі атрымлівалі падобныя паведамленні. Нямала і тых, хто пераводзіў сродкі, жадаючы дапамагчы сябру, а ў выніку з карткі знікалі ўсе грошы.

Якія злачынствы ў інтэрнэце цяпер найбольш распаўсюджаныя, а галоўнае, як не трапіць у сеці зламыснікаў, карэспандэнту «Слуцкага краю» расказаў старшы оперупаўнаважаны групы па раскрыцці злачынстваў сферы высокіх тэхналогій Слуцкага РАУС  Арцём Мікалаевіч ФІЛІПОВІЧ.

– Схемы махлярства разнастайныя: гэта і просьбы аб фінансавай дапамозе, і выйгрышы ў латарэі, званкі з банкаў, разнастайныя прапановы дадатковага заработку і іншае, – адзначае Арцём Мікалаевіч. 

Найбольш распаўсюджаны від махлярства ў Інтэрнэце,  калі ў сацыяльных сетках ад знаёмага прыходзіць паведамленне з просьбай аказаць дапамогу ў атрыманні грашовага пераводу, папаўнення балансу мабільнага тэлефона і аб іншай фінансавай дапамозе. 

Гэта адбываецца наступным чынам: зламыснікі ўзломваюць персанальныя старонкі грамадзян у сацыяльных сетках, пасля рассылаюць паведамленні з просьбай прадаставіць рэквізіты банкаўскіх картак пад рознымі падставамі. Людзі, якія не падазраюць аб тым, што вядуць перапіску не з сябрам або знаёмым чалавекам, не пераканаўшыся ў праўдзівасці просьбы, згаджаюцца, і ў выніку з іх картак знікаюць усе грошы.

– Зламыснікі пераводзяць грошы з банкаўскіх картак на розныя замежныя рахункі, замежныя нумары мабільных тэлефонаў, электронныя грошы (Яндэкс- грошы, Qiwi, Webmoney і г. д.), – адзначае Арцём Мікалаевіч,  –  і атрымаць інфармацыю аб дадзеных рахунках, электронных кашальках цяжка, што дазваляе зламыснікам застацца беспакаранымі і працягваць сваю злачынную дзейнасць.  

Па словах Арцёма Мікалаевіча, распаўсюджаныя выпадкі, калі чалавеку, які размясціў аб'явы аб продажы маёмасці на інтэрнэт-пляцоўках, напрыклад «Куфар», паступае званок ад зламысніка, які прадстаўляецца асобай, зацікаўленай у куплі-продажы тавару. Спасылаючыся на тое, што знаходзіцца ў іншым горадзе, пакупнік прапануе ўнесці перадаплату на банкаўскую карту прадаўца. У ходзе гутаркі пацярпелы паведамляе рэквізіты сваёй карткі, пашпартныя дадзеныя, а таксама код, які паступіў у выглядзе SMS-паведамлення на мабільны тэлефон. «Пакупнік» запэўнівае, што гэта ўсё неабходна для пераводу грашовых сродкаў на картку. Далей ён прадастаўляе спасылку на падроблены (фішынгавы) сайт банка, падобны на афіцыйны, з падобным адрасам у радку, пасля чаго просіць перайсці прадаўца па дадзенай спасылцы нібыта для завяршэння аперацыі. Прадавец пераходзіць па  спасылцы – зламыснік атрымлівае доступ да яго інтэрнэт-банкінгу, пасля чаго здымае грошы з рахунка. 

За мінулы тыдзень у Слуцкім раёне ўжо зарэгістравана 5 такіх выпадкаў. Сумы вагаюцца ад 270 да 1 500 беларускіх рублёў.

Ёсць яшчэ адзін сцэнарый развіцця падзей, калі чалавек, заплаціўшы за тавар, не атрымлівае яго, альбо той прыходзіць неналежнай якасці.  

Па словах оперупаўнаважанага, грошы пералічваюцца ў асноўным на расійскія Яндэкс-кашалькі або падобныя. Беларускія ж карткі ў асноўным выкарыстоўваюцца як транзітныя. Зламыснік знаходзіцца, напрыклад, ва Украіне. Ён падманным спосабам завалодвае рэквізітамі банкаўскай карткі, часцей за ўсё непаўналетняга, навучэнца. І ўсе атрыманыя падманным шляхам грошы праз гэтую картку ідуць ужо на замежныя рахункі. Былі выпадкі, калі зламыснікі за падобную «дапамогу» выплачвалі ўласніку карткі працэнт ад здзелкі.

– Непаўналетнія часцей за ўсё пападаюцца на выдачу так званых галасоў  у «Вконтакте», –  адзначае Арцём Мікалаевіч. – Калі ім пішуць нібыта аднагодкі з прапановай аб атрыманні 100 бясплатных галасоў: «Табе на тэлефон прыйдзе смс, адкажы станоўча». У выніку галасы прыходзяць, але вядома, не бясплатна. Грашовыя сродкі спісваюцца з рахунка тэлефона. Самай вялікай сумай падобнага падману з пачатку года было амаль 800 рублёў.

Усяго ў сферы інфармацыйных тэхналогій з пачатку года ў Слуцку распачаты 44 крымінальныя справы (у 2018 годзе – 43),  10 з іх раскрыты. 
  • Каб не стаць ахвярай інтэрнэт-махляроў, варта прытрымлівацца наступных правілаў.

 Нікому  ніколі не паведамляйце падрабязную інфармацыю аб сваёй банкаўскай картцы. Пін-код, кодавае слова, CVV (або CVC2), код 3D-Secure.

 Варта «прывязаць» старонку сацыяльнай сеткі да нумара мабільнага тэлефона, а не да адраса электроннай пошты, падключыць паслугу «пацвярджэнне ўваходу».

 Пры выкарыстанні вядомых сайтаў звяртайце ўвагу на іх  выгляд: магчыма, вы зайшлі на падробленую яго копію.

 Не выкарыстоўвайце аднолькавыя логіны і паролі на розных сайтах, занадта лёгкія паролі або такія, пра якія можна здагадацца.

 Асцерагайцеся нечаканых або незвычайных электронных паведамленняў, нават калі вам знаёмы адпраўнік, ніколі не адкрывайце ўкладкі і не пераходзьце па спасылках у такіх паведамленнях.

 З асцярожнасцю стаўцеся да лістоў, у якіх патрабуюцца дадзеныя рахункаў.

 Пры паступленні паведамленняў ад знаёмых з просьбай аб пераводзе грашовых сродкаў абавязкова праверце інфармацыю.

 Памятайце, калі на сайце вас просяць увесці пін-код (не cvv код), верагоднасць 99%, што гэта можа аказацца махлярствам!

Ірына МАЛЯЎКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения