Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / К 80-летию освобождения Беларуси

"Значыць, усё было недарма…"

09.05.2020
 Вайна перайначыла мільёны лёсаў. Юная Марыя Фёдараўна Дзямчук і ўявіць не магла, колькі выпрабаванняў ёй трэба будзе перажыць. Але нават цяпер, у свае 96 гадоў, былая партызанка не перастае ўсміхацца і жартаваць. А на грудзях блішчаць узнагароды…

У яе было шчаслівае дзяцінства ў роднай вёсцы Мазуры Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Але прыйшла вайна. Марыі Фёдараўне тады было сямнаццаць гадоў. Яна хадзіла ў школу, працавала з мамай на калгасным полі, дома па гаспадарцы. Успамінае, калі немцы прыйшлі ў вёску, мясцовыя баяліся начаваць дома, хаваліся ў адрынах, уцякалі ў лес.

- Калі да вёскі падыходзілі немцы, мы ўжо ведалі, што ў нас з малодшым братам будзе два шляхі: ці нас адправяць у Германію, ці мы пойдзем у партызаны, - расказвае Марыя Фёдараўна. - Мы, вядома, выбралі другое.

У партызанскім атрадзе Марыя Фёдараўна разам з іншымі дзяўчатамі прайшла курсы і працавала медыцынскай сястрой у палявым шпіталі. Жанчына да гэтага часу з цеплынёй успамінае доктара, які навучаў іх.

- Імя ўжо, на жаль, не памятаю, - кажа яна, - самі разумееце, узрост. Але дзякуючы яго ўрокам колькі жыццяў нам удалося выратаваць…

Даводзілася Марыі Фёдараўны хадзіць і на заданні. Нароўні з хлопцамі юныя партызанкі падкладвалі міны пад аўтамабілі, цягнікі, узрывалі масты, дарогі.

- Немцы забівалі мірнае насельніцтва, - распавядае былая партызанка. - Заўсёды баялася, што яны вось так зойдуць у мой родны дом і стрэляць у маму і тату. У такія моманты думала, што буду забіваць фашыстаў, і яны не змогуць навесці дула аўтамата на маіх блізкіх. 

- Нясу, здаралася, міну за пазухай, - успамінае Марыя Фёдараўна, - і думаю: вось цяпер спаткнуся, упаду і няма мяне. Страшна. А потым разумею, хто, калі не я? І страх адступаў, бо было жаданне знішчыць ворага, які адважыўся падняць зброю супраць маёй краіны, маёй сям'і.

Тры гады Марыя Фёдараўна пражыла ў лесе, у бураломах. Даводзілася ёй і ў гурбах зімой начаваць. Перажыла не адну аблаву. Здаралася, лагер і з самалётаў бамбілі.

- У лесе цяжка было, - распавядае былая партызанка, - і галодныя, і халодныя, і вошы... усяго было.

Базіраваўся атрад у Бярэзінскім раёне. Калі партызанскі атрад аб'яднаўся з дзеючай арміяй, па словах Марыі Фёдараўны, стала лягчэй.

- Побач быў аэрадром, - расказвае жанчына, - да нас і самалёты прыляталі, на якіх мы параненых у шпіталі адпраўлялі за лінію фронту. У нашым атрадзе многіх забілі, але многіх мы з дзяўчынкамі і выхадзілі.

З самалётаў абстралялі і родную вёску Марыі Фёдараўны. Тады загінула ўся жывёла, была разбурана школа.
- Калі нам пра гэта паведамілі, мы з братам усю ноч ішлі пеша ў вёску, - успамінае былая партызанка. - Вельмі за родных баяліся.

Яе сям'і пашанцавала, усе засталіся жывыя. Родны дом у вёсцы, як і многія іншыя, спалілі фашысты. Але вайна аб'ядноўвала людзей у бядзе, і яны некалькімі сем'ямі жылі ў ацалелых хатах.

Пасля вызвалення Беларусі Марыя Фёдараўна вярнулася ў родную вёску, некаторы час працавала медсястрой. Выйшла замуж, пайшла працаваць даяркай у калгас.

Многае давялося перажыць Марыі Фёдараўне. Цяжка было і калі засталася адна, без мужа, які памёр, пакінуўшы цяжарную жонку ўдавой. Але нягледзячы на ўсе нягоды, былая партызанка не апусціла рукі і выгадавала сваю дачку годным чалавекам. Выдала замуж за добрага хлопца ў Слуцк.

Ганарыцца сваёй сям'ёй Марыя Фёдараўна. Поўніцца шчасцем яе мацярынскае сэрца. Ва ўтульнай кватэры дачкі, дзе зараз пражывае жанчына, шмат фотаздымкаў, з якіх усміхаюцца дарагія ёй людзі. Бабуля беражліва захоўвае паштоўкі і малюнкі, якімі задарваюць яе ўнукі-праўнукі, асаблівую радасць, па словах Марыі Фёдараўны, выклікаюць тыя, дзе акрамя пажаданняў гучаць словы падзякі за мірнае неба над галавой.

- Значыць, усё было не дарма, - гаворыць жанчына.

Ірына МАЛЯЎКА.

К списку записей раздела