Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / К 80-летию освобождения Беларуси

Халакост. Страшная памяць вайны

26.01.2020
27 студзеня Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста. А што такое Халакост? На гэтае пытанне большасць з маладога пакалення наўрад ці адкажа. Між тым, пра гэта ведаць трэба. Кожнаму. 

Таму педагогі і навучэнцы Слуцкага цэнтра турызму праводзяць сустрэчы, прымеркаваныя да жалобнай даты. Чарговая, пад назвай «Трагедыя Халакоста. Памятай, не забывай», адбылася 18 студзеня.

У мерапрыемстве паўдзельнічалі не толькі навучэнцы СЦТ і члены клубаў ЮНЕСКА «Пегас»і «Пошук». Падрыхтавалі інфармацыйныя матэрыялы і тэматычныя вершы таксама вучні Казловіцкай СШ, Сорагскага ВПК яслі-сад – сярэдняя школа, СШ №9. Некаторыя прыйшлі проста паслухаць. Кожнае выступленне суправаджалася прэзентацыяй. А самыя вялікія ўражанні пакідаюць успаміны сведкаў падзей таго часу. На гэты раз на сустрэчу запрасілі жыхарку Слуцка  Валянціну Іванаўну Кохан. Яна валанцёр Чырвонага Крыжа, актыўная ўдзельніца выхаваўчых мерапрыемстваў. Дзяцінства Валянціны Іванаўны прыйшлося на страшныя часы вайны. Некалькі разоў іх сям’ю маглі  расстраляць, ды на шчаслівы выпадак, гэтага не адбылося. Кранальныя ўспаміны не пакінулі раўнадушных у зале. Звярнуліся падчас мерапрыемства і да запісаных на відэа ўспамінаў случчаніна Фрыдрыха Іосіфавіча Фалевіча, вязня слуцкага гета. Ён заўсёды прыходзіў на сустрэчы, на жаль, яго ўжо няма ў гэтым жыцці.  

Загадчыца па асноўнай дзейнасці Слуцкага цэнтра турызму Таццяна Аляксееўна Буцько расказала, што ўдзельнікі мерапрыемства рознага ўзросту вельмі ўважліва слухалі падрыхтаваную інфармацыю, а адзін са старшакласнікаў адзначыў, што недапушчальна мала ведае пра Халакост. Падрыхтоўка ж, вядома, дае інфармацыю і веды.  

Калі пра Халакост ведаем мы, будуць ведаць і наступныя пакаленні, і шанцы на тое, што такое не паўторыцца, узрастаюць.

Халакост – праследаванне і масавае знішчэнне яўрэяў, якія жылі ў Германіі, на тэрыторыі яе саюзнікаў і на акупаваных імі тэрыторыях падчас Другой сусветнай вайны (у шырокім сэнсе Халакост – праследаванне і масавае знішчэнне нацыстамі прадстаўнікоў розных этнічных і сацыяльных груп).

Ірына ШЧАРБОВІЧ.
К списку записей раздела