Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / К 80-летию освобождения Беларуси

Вялікая Айчынная вайна: хроніка падзей на Случчыне

11.04.2019
22 чэрвеня 1941 года адбыўся вераломны напад фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз. Пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая стала суровым выпрабаваннем для нашага народа, у тым ліку і для жыхароў Случчыны.

23 – 26 чэрвеня 1941 года ў горадзе і раёне пачалася мабілізацыя ваеннаабавязаных, але завяршыць яе з-за хуткага прасоўвання ворага поўнасцю не ўдалося. Войскі Заходняй Асобай ваеннай акругі (Заходняга фронту), ведучы абарончыя баі, вымушаны былі адступаць. Абарона насіла ачаговы характар. Гітлераўскае камандаванне, улічваючы важнае стратэгічнае значэнне слуцка-бабруйскага напрамку, сканцэнтравала тут 6 матарызаваных і 4 танкавыя дывізіі 2-й танкавай групы генерала Г. Гудэрыяна, якая імкліва рвалася да Слуцка. 


Горад абаранялі абяссіленыя злучэнні 4-й арміі Заходняга фронту, якой камандаваў генерал-маёр А.А. Карабкоў. Але ўтрымаць Слуцк і раён ад наступаючых варожых танкаў без моцнай супрацьтанкавай абароны было немагчыма. Толькі на бліжніх подступах да горада на некаторы час праціўніка змог спыніць мотастралковы полк 30-й танкавай дывізіі палкоўніка С.І. Багданава.



26 чэрвеня 1941 года фашысцкія танкавыя дывізіі пры падтрымцы авіяцыі некалькі разоў атакавалі савецкія войскі ў раёне Слуцка, але захапіць горад і прарвацца цераз р. Случ не змаглі. Гэта было дасягнута перш за ўсё дзякуючы гераізму і самаахвярнасці атрадаў механізаванага корпуса, якія ўзначальваў асабіста І.В. Тутарынаў. Немалаважную ролю адыгралі і абарончыя загароды, збудаваныя пад кіраўніцтвам палкоўніка А.І. Прашлякова. Выкарыстоўваючы замяшанне праціўніка, савецкія войскі адступілі да новай лініі абароны за раку Случ.

Нямецкія часці ўвайшлі ў Слуцк па цэнтральнай вуліцы. Калі калона праходзіла міма педвучылішча, адзін за адным былі падбіты тры нямецкія бронетранспарцёры. Загінула каля 50 нямецкіх салдат. Два невядомыя савецкія байцы ўжо ў пакінутым Чырвонай арміяй горадзе, на скрыжаванні вуліц Пралетарскай (цяпер – Леніна) і Валадарскага (Максіма Багдановіча), з артылерыйскай гарматы адкрылі агонь па ворагу. Калі скончыліся снарады, героі працягвалі трымаць абарону, страляючы па ворагу з кулямёта да апошняга патрона. Зламаць упартае супраціўленне адважных байцоў немцы змаглі, толькі калі абышлі іх пазіцыю з флангаў. 


На ўсходняй ускраіне горада, у раёне павароту на Мінск, які случане называюць «штаны», немцаў на кароткі час спыніла іншая група байцоў, узброеных толькі вінтоўкамі і кулямётамі. Падцягнуўшы танкі, праціўнік задушыў іх супраціўленне, аднак наступаць далей 26 чэрвеня з-за сур’ёзных страт не змог. Задача выйграць час была выканана.

27 чэрвеня 1941 года ноччу 24-ы матарызаваны корпус групы Гудэрыяна захапіў паўночную частку Слуцка і ваенныя гарадкі. Зранку горад цалкам быў заняты ворагам. На Случчыне ўстанавіліся змрочныя часы фашысцкай акупацыі. У горадзе і раёне, як і на ўсёй захопленай тэрыторыі рэспублікі, гітлераўцы ўстанавілі жорсткі акупацыйны рэжым. Для гэтага былі створаны айнзатцкаманды, зондэркаманды, тайная палявая паліцыя (ГФП), паліцыя бяспекі і СД, жандармерыя, фельдкамендатуры, ортскамендатуры і іншыя карныя органы. Акупанты арганізавалі марыянетачную «мясцовую» ўладу – раённыя, валасныя ўправы, у кожнай вёсцы прызначылі старастаў. 
Да верасня 1942 года быў створаны павет, у склад якога ўваходзілі Слуцк і Слуцкі раён у складзе 20 валасцей.

У ліпені 1941 года фашысцкімі захопнікамі быў створаны Слуцкі канцлагер для ваеннапалонных. З ліпеня 1941 па верасень 1942 года там загінула ад голаду, холаду і розных захворванняў больш за 10 тысяч чалавек.

1 ліпеня 1941 года Цэнтральны камітэт КП(б)Б прыняў дырэктыву №2 «Аб разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага».

У ліпені 1941 года партызаны атрада пад кіраўніцтвам М.І. Жукоўскага ўварваліся ў Слуцк, разграмілі нямецкую камендатуру, вывелі са строю пошту і тэлеграф, вызвалілі вялікую групу савецкіх ваеннапалонных, раздалі насельніцтву збожжа, муку з млына і прадукты харчавання з прадуктовых складоў. У в. Амговічы створана падпольная антыфашысцкая група. 

З ліпеня 1941 да чэрвеня 1942 г. у Грэскай бальніцы дзейнічала падпольная антыфашысцкая група пад кіраўніцтвам галоўнага ўрача Ю. Войчыка, польскага патрыёта-антыфашыста. Падпольшчыкі лячылі савецкіх ваеннапалонных, узбройвалі іх і перапраўлялі ў партызанскі атрад, перадавалі партызанам медыкаменты, дакументы, інфармацыю. У маі – чэрвені 1942 г. члены групы былі арыштаваны і расстраляны. 

У ліпені 1941 – кастрычніку 1942 года на акупіраванай тэрыторыі Грэскага, Жыткавіцкага, Акцябрскага, Любанскага раёнаў дзейнічаў партызанскі атрад пад камандаваннем генерал-маёра М. Канстанцінава, пазней Героя Савецкага Саюза. Атрад дыслацыраваўся каля в. Крывая Града. Уваходзіў у склад Мінскага партызанскага злучэння.

У пачатку жніўня 1941 года нямецка-фашысцкія акупанты расстралялі ў Слуцку больш за 140 актывістаў раёна.

У жніўні 1941 – ліпені 1942 года на тэрыторыі Случчыны дзейнічала падпольная група на чале з Новікавым, якая была накіравана ЦК КП(б)Б з Гомеля. Па даносе здрадніка члены групы былі схоплены фашыстамі і пасля катавання расстраляны.

У  жніўні 1941 – снежні 1942 года ў Слуцку на вузле сувязі дзейнічала партыйна-камсамольская група М. Відзякіна – Д. Каўшова. У яе складзе было каля 20 чалавек.

У маі 1942 г. была створана партызанская брыгада імя К. Варашылава, якая дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Грэскага, Капыльскага, Дзяржынскага, Слуцкага, Уздзенскага, Чырвонаслабодскага раёнаў. Ужо 16 ліпеня партызаны брыгады разграмілі нямецкі гарнізон у в. Цімкавічы Капыльскага раёна. 9 жніўня адбыўся бой партызан з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў г.п. Капыль.

У жніўні 1942 – ліпені 1943 г. дзейнічаў падпольны міжраённы камітэт КП(б)Б Слуцкай зоны на чале з сакратаром Мінскага абкама партыі І. Варвашэнем. Міжрайкамам была праведзена вялікая работа па арганізацыі падпольных райкамаў партыі: Грэскага, Слуцкага, Дзяржынскага, Капыльскага, Чырвонаслабодскага, Уздзенскага, а таксама Клецкага і Нясвіжскага райкамаў.


Палітінфармацыя ў 64-й партызанскай брыгадзе імя В. Чкалава, 1943 год.


З верасня 1942 г. па ліпень 1944 г. паблізу в. Гутніца дыслацыравалася разведгрупа штаба Заходняга (3-га Беларускага) фронту на чале з М. Коганам (Купрыянавым). Галоўным яе заданнем было збіраць звесткі аб перамяшчэнні праціўніка па Маскоўска-Варшаўскай шашы, а таксама аб змяненнях у раёне Слуцк – Грэск – Старыя Дарогі.

У верасні 1942 г. партызаны атрада імя М. Фрунзэ 225-й партызанскай брыгады імя А. Суворава разграмілі паліцэйскі гарнізон у в. Амговічы. Гітлераўцы стварылі Слуцкую акругу – гебітскамісарыят, у якую ўваходзілі Слуцкі, Грэскі, Старадарожскі, Любанскі, Старобінскі, Вызненскі і Капыльскі паветы. Кіраўніцтва акругай ажыццяўлялі гебітскамісар Карл і яго намеснік Клюге. Гебітскамісарыят складаўся з аддзелаў: прапаганды, працы, фінансаў, прамысловасці, аўтатранспартнага, забеспячэння нямецкага насельніцтва, цэнтральнага гандлёвага таварыства.

У Слуцку пры дапамозе гарадской управы акупантам удалося ўвесці ў эксплуатацыю электрастанцыю, пякарню, плодавінаробны, гарбарны і лесапільны заводы, мэблевы камбінат, перароблены ў сталярную майстэрню, маслазавод, млын №6, бойню, каўбасную фабрыку і шэраг іншых дробных прадпрыемстваў.

У верасні 1942 г. для падтрымання свайго «парадку» і барацьбы з партызанамі і падпольшчыкамі гітлераўцы стварылі з мясцовых жыхароў, якія перайшлі да іх на службу, так званую дапаможную паліцыю парадку. Акрамя Слуцка гарнізоны такой паліцыі дзейнічалі ва ўсіх буйных вёсках раёна. У самім горадзе і ў былых ваенных гарадках размяшчалася да 2 000 нямецкіх салдат і афіцэраў. Акупанты рабавалі прадпрыемствы горада і раёна, калгасы, сялянскія гаспадаркі. Сяляне абкладаліся вялікімі падаткамі. Жыццё працоўных Слуцка стала жабрацкім, сярод жыхароў лютавалі голад, нястача. У горадзе знаходзілася 8 000 бежанцаў, якія ўвогуле нічым не былі забяспечаны для свайго існавання.

26 кастрычніка 1942 г. партызаны атрада імя А. Суворава партызанскай брыгады імя К. Варашылава разбілі карны нямецка-паліцэйскі атрад каля в. Жылін Брод.

28 лістапада 1942 г. партызаны атрада імя М. Фрунзэ партызанскай брыгады імя К. Варашылава разграмілі нямецкі гарнізон на торфазаводзе «Радзічава» і нямецкі маёнтак у в. Вясея.

У снежні 1942 г. міжрайкамам КП(б)Б на базе брыгады імя К. Варашылава створана партызанскае злучэнне Слуцкай зоны (камандзір П. Капуста). Да гэтага брыгада складалася з 9 атрадаў агульнай колькасцю амаль 3 тысячы чалавек. Пры фарміраванні злучэння яна была падзелена на тры. Такім чынам былі створаны партызанскія брыгады 300-я імя К. Варашылава, 27-я імя В. Чапаева, 225-я імя А. Суворава, якія дзейнічалі на тэрыторыі Слуцкага, Грэскага, Капыльскага, Клецкага, Нясвіжскага раёнаў. 

Пачаў дзейнічаць Грэскі падпольны райкам камсамола. Яго сакратарамі былі П. Папоў, А. Сурдо.

У студзені 1943 г. на базе асобных атрадаў М. Розава, А. Патрына, А. Абабкава была створана 64-я партызанская брыгада імя В. Чкалава (камандзір М. Розаў), якая дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Слуцкага, Старадарожскага, Старобінскага, Любанскага раёнаў. На дзень злучэння з часцямі Чырвонай арміі 30 чэрвеня 1944 г. брыгада складалася з 6 атрадаў агульнай колькасцю 1 115 партызан.

У студзені – ліпені 1943 г. на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі выдавалася газета «Патриот Родины» – друкаваны орган Слуцкага падпольнага міжраённага камітэта КП(б)Б.

У Слуцкім, Грэскім, Капыльскім, Пухавіцкім, Уздзенскім раёнах супраць партызан і мірнага насельніцтва акупантамі былі праведзены карныя аперацыі пад кодавымі назвамі «Свята ўраджаю І», «Свята ўраджаю ІІ», №6, «Люты» і інш. У ходзе іх, не дамогшыся перамогі над партызанамі, гітлераўцы палілі вёскі, знішчалі мірных жыхароў, рабавалі маёмасць, вывозілі людзей на катаржныя работы ў Германію.

8 лютага 1943 г. за паўкіламетра ад мукамольнага камбіната фашысцкія каты расстралялі ўсіх вязняў гета «Школішча» – больш за 3 тысячы чалавек. У 1958 г. на магіле ахвяр пастаўлены абеліск.
У лютым фашысцкія карнікі ў Слуцкім раёне знішчылі разам з жыхарамі вёскі Адамова, дзе загубілі 190 чалавек, Беразінец (22), Гондарава (60), Задоўба (9), Захацінава (2), Кабыліна Балота (65), Краснае (5), Крушнік (15), Лазараў Бор (20), Лявішча (50), Перавалока (5), Пераходы (116), Фадзееўка (9). Амаль усе гэтыя населеныя пункты не былі адноўлены ў мірны час.

1 красавіка 1943 г. выйшаў першы нумар газеты «Народны мсцівец» – друкаванага органа Слуцкага падпольнага раённага камітэта КП(б)Б. Друкавалася газета да чэрвеня 1944 г. Усяго ў тыле ворага было выпушчана 78 нумароў агульным тыражом 37 300 экзэмпляраў і 72 тысячы экзэмпляраў лістовак і адозваў. Вакол газеты «Народны мсцівец» быў створаны значны аўтарскі калектыў, які налічваў больш за 120 чалавек. Найбольш актыўнымі сярод іх былі Канановіч, Карнееў, Абухва, Бялько, Скрылёў, Радкевіч, Радзюк, Верамейчык, Шаўцоў, Рыклін, Луцэвіч і інш. У 1943 г. рэдакцыя газеты выдала добра аформлены зборнік вершаў беларускага паэта А. Астрэйкі пад назвай «Слуцкі пояс».

У маі 1943 года партызаны 64-й брыгады імя В. Чкалава вывелі са строю ўчастак чыгункі Слуцк – Урэчча. Пасля правядзення чарговай, шостай, дыверсіі на Слуцкай электрастанцыі група інжынерна-тэхнічных работнікаў на чале з галоўным інжынерам на аўтамашыне перабралася да партызан.

24 мая 1943 года група падпольшчыкаў – працаўнікоў Слуцкага масласырзавода, цалкам спаліла завод і пайшла ў партызанскі атрад.

У чэрвені была створана 101-я партызанская брыгада імя Аляксандра Неўскага, якая дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Слуцкага і Старобінскага раёнаў.

10 чэрвеня 1943 года каля в. Ленькі група партызан (са жніўня 1943 г. – атрада імя М. Астроўскага) знішчыла нямецкі дот, яго варту, захапіла зброю і боепрыпасы.

17 чэрвеня 1943 года нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі 33 жыхары в. Кублішча. У 1975 годзе на гэтым месцы была ўстаноўлена стэла.

24 чэрвеня 1943 года выйшла пастанова ЦК КП(б)Б «Аб разбурэнні чыгункі праціўніка метадам «рэйкавай вайны». Партызаны 64-й брыгады імя В. Чкалава толькі за жнівень 1943 года на чыгунцы Урэчча – Слуцк перабілі 2 294 рэйкі, спусцілі пад адхон 4 варожыя эшалоны, падарвалі 2 аўтамашыны, знішчылі 7 км тэлеграфна-тэлефоннай сувязі, спалілі 3 масты, забілі 169 гітлераўцаў.

27 чэрвеня 1943 года выйшаў першы нумар газеты «Сталінец» – друкаванага органа Грэскага падпольнага раённага камітэта КП(б)Б. Выдавалася на акупіраванай тэрыторыі да ліпеня 1944 года. Рэдактар Т. Беразоўскі. Усяго было выпушчана 66 нумароў газеты і 100 розных лістовак агульным тыражом 76 700 экзэмпляраў.

У жніўні 1943 года партызанскае злучэнне Слуцкай зоны было расфарміравана. Да гэтага часу яно складалася з трох брыгад (21 атрад) агульнай колькасцю больш як 4 тысячы партызан. Атрады «Баявы», імя Аляксандра Неўскага, «За Радзіму» агульнай колькасцю 744 партызаны былі перададзены ў склад партызанскага злучэння Беластоцкай вобласці. Асноўныя сілы ўліліся ў злучэнне Мінскай вобласці.

У верасні каля в. Панічы адбыўся бой партызан 101-й брыгады імя Аляксандра Неўскага з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, у якім загінуў камандзір брыгады Д. Гуляеў. У 1944 годзе яму пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Створана партызанская брыгада імя М. Фрунзэ, якая дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Грэскага і Слуцкага раёнаў. 

26 кастрычніка 1943 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ураджэнцу в. Лапацічы А. Уласаўцу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, 29 кастрычніка званне Героя Савецкага Саюза прысвоена ураджэнцу в. Іванаўскія Агароднікі Ф. Брую.



Група воінаў 12-га мінамётнага палка, які прымаў удзел у вызваленні Слуцка.


У снежні 1943 г. партызаны 64-й брыгады імя В. Чкалава разграмілі нямецкі гарнізон у в. Белічы. Да канца года на тэрыторыі Слуцкага і суседніх раёнаў былі створаны і актыўна дзейнічалі 20 партызанскіх атрадаў, якія былі аб’яднаны ў 4 партызанскія брыгады. Пад іх аховай знаходзілася больш за 400 сем’яў, якія ўцяклі са Слуцка і іншых фашысцкіх гарнізонаў.

23 чэрвеня 1944 г. пачалася маштабная наступальная аперацыя Чырвонай арміі «Баграціён». Галоўныя сілы 1-га Прыбалтыйскага, 3-га і 2-га Беларускіх франтоў пасля магутнай артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкі перайшлі ў наступленне на віцебскім, аршанскім і магілёўскім напрамках. 24 чэрвеня па варожых пазіцыях на бабруйскім напрамку абрушылі ўдары войскі 1-га Беларускага фронту. Былі разбіты галоўныя сілы 9-й нямецкай арміі, ліквідавана бабруйская групіроўка ворага: знішчана каля 50 тысяч, узята ў палон 23 тысячы нямецкіх салдат і афіцэраў, падбіта і захоплена 366 танкаў, больш за 5 тысяч гармат і мінамётаў, каля 16 тысяч аўтамашын і інш. Былі створаны спрыяльныя ўмовы для наступлення на Мінск і праз Слуцк на Баранавічы.

28 чэрвеня 1944 г. конна-механізаваная група пад камандаваннем генерал-лейтэнанта І. Пліева вызваліла Старыя Дарогі і перадавымі атрадамі выйшла на подступы да Слуцка. У цэнтры горада кругавую абарону занялі амаль два нямецкія палкі з танкамі.

29 чэрвеня партызаны 27-й брыгады імя В. Чапаева разграмілі нямецкі гарнізон у г.п. Капыль і ўтрымлівалі гэты населены пункт да прыходу часцей Чырвонай Арміі.

30 чэрвеня 1944 г. на світанні па пазіцыях ворага ў Слуцку быў нанесены кароткі магутны артылерыйскі ўдар. Пасля гэтага з паўночнага захаду, поўначы і паўднёвага ўсходу часці ўсіх трох дывізій 4-га гвардзейскага Кубанскага казачага кавалерыйскага корпуса, а з усходу часці 219-й танкавай брыгады і мотапяхоты, а таксама 50-й гвардзейскай стралковай дывізіі атакавалі варожы гарнізон у горадзе. Пачаліся ўпартыя вулічныя баі. У 8 гадзін гітлераўцы пры падтрымцы артылерыі і танкаў контратакавалі савецкіх воінаў на паўднёва-ўсходняй ускраіне Слуцка і адціснулі часці 9-й кавалерыйскай дывізіі. На дапамогу кавалерыстам быў кінуты артылерыйскі полк 15-й стралковай дывізіі 18-га корпуса 65-й арміі. Нямецкая контратака пацярпела паражэнне. З паўночнага ўсходу ў горад уварвалася 35-я мотастралковая брыгада 1-га механізаванага корпуса, а з поўдня Слуцк абышлі часці 3-га стралковага корпуса 28-й арміі.

Атакаваныя з некалькіх бакоў гітлераўцы не вытрымалі ўдару і, пакінуўшы на полі бою вялікую колькасць забітых і параненых, пачалі адыходзіць на захад. Да 11 гадзін 30 хвілін Слуцк быў поўнасцю ачышчаны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але яшчэ гадзіны дзве на заходняй ускраіне горада працягваліся баі. 

У вулічных баях за Слуцк было знішчана 13 нямецкіх танкаў, 2 бронетранспарцёры, 2 артбатарэі, 4 мінамётныя батарэі, 3 дзоты, да 700 салдат і афіцэраў, былі захоплены палонныя, трафеі. Выбіўшы гітлераўцаў з горада, нашы часці адбілі танкавую контратаку ворага ў раёне в. Лучнікі і не далі яму прарвацца ў Слуцк. Адступаючы, нямецкія факельшчыкі ў в. Бранавічы ўстроілі дымавую  завесу. Многія дамы былі спалены. 

1 ліпеня 1944 г. часці 44-й гвардзейскай стралковай дывізіі 65-й арміі ва ўзаемадзеянні з партызанамі 225-й брыгады імя А. Суворава вызвалілі Грэск. Слуцкі і Грэскі раёны поўнасцю вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

2 ліпеня 1944 г. у гарадскім парку Слуцка адбыўся мнагалюдны мітынг, прысвечаны вызваленню Случчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яго адкрыў сакратар Слуцкага падпольнага райкама КП(б)Б І. Канановіч, з прамовамі выступілі намеснік камандуючага 28-й арміі палкоўнік Цыбін, камандзір партызанскай брыгады імя В. Чкалава М. Розаў, партызаны, партызанкі, прадстаўнікі насельніцтва, лектар палітаддзела 28-й арміі маёр Данскі і інш.

5 ліпеня 1944 г. загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Узброеных Сіл СССР васьмі воінскім часцям і злучэнням, якія вызначыліся пры вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прысвоена ганаровае найменне «Слуцкія»: 10-й гвардзейскай Кубанскай кавалерыйскай дывізіі (камандзір – палкоўнік М. Папрыкайла), 37-й механізаванай брыгадзе (палкоўнік М. Кулікоў), 1-й асобнай знішчальна-процітанкавай артылерыйскай брыгадзе (палкоўнік І. Вахрамееў), 218-му (падпалкоўнік М. Лысенка), 431-му (падпалкоўнік П. Плохаў) і 874-му (маёр М. Волкаў) штурмавым авіяцыйным палкам, 53-му асобнаму матарызаванаму пантонна-маставому батальёну (маёр А. Арэцкі), 91-му інжынерна-сапёрнаму батальёну (маёр В. Гогалеў).

Па матэрыялах друку.
К списку записей раздела