Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / К 80-летию освобождения Беларуси

Успаміны... Яны злучаюць з мінулым, з дзяцінствам і маладосцю…

15.06.2020
Фота носіць ілюстратыўны характар.

Памятаю сябе з таго часу, калі сям’я  пераехала з вёскі Лядна ў вёску Раёк Капыльскага раёна – было гэта ў 1951 годзе. Вёсачка была невялікая: усяго 15 хат, але і зараз узгадаю, хто дзе жыў. Мы, дзеці, дзялілі вёску на «той  і гэты  канец». 

Наша невялікая хата, якую мы купілі, стаяла ў пачатку вёскі («на гэтым канцы»), з боку гасцінца Капыль – Нясвіж, трэцяя па ліку. У першай хаце жыла сям’я Даўгаполавых, у другой –  Дзейкіны. Прыкладна праз год у гэтай сям’і з’явіўся дзед Прахор. Адны вяскоўцы казалі, што ён вярнуўся з турмы, дзе сядзеў за тое, што падчас вайны служыў у паліцыі, другія сцвярджалі, што Прахор быў сувязным і дапамагаў партызанам. У апошняе верылася больш,  бо быў ён надта добрым, асабліва ў адносінах да дзяцей, Навучыў мяне іграць на гармоніку з вельмі складаным нямецкім строем, а потым і падарыў яго мне. 

Дык вось, гэтую сям’ю вяскоўцы называлі стараверамі, бо  ўклад іх жыцця адрозніваўся ад астатніх. У іх, у адрозненне ад іншых, у доме нават была земляная падлога, а ў гаворцы адчуваўся небеларускі акцэнт. Трэба адзначыць, што ў той час праблемы дэмаграфіі насельніцтва не існавала, бо ў кожнай хаце было не менш як трое дзетак. І толькі ў Дзейкіных было чамусьці ўсяго дзве дзяўчынкі: Валя, 1940 года нараджэння, сяброўка маёй старэйшай сястры, і Галя, 1943-га ці 1944 года нараджэння (яна і сама не ведала). Трэба сказаць, што дзеўка яна была баявая, па паводзінах і характары больш паходзіла на хлопца: сама магла адрамантаваць тэхніку (памятаю, уся вёска везла да яе на рамонт веласіпеды), спрытна даставала з-пад карчоў ракаў, лавіла рыбу, я і мае бацькі часта заставалі яе за рамонтам вялізнага ткацкага станка, які стаяў у іх хаце. 

Здаецца, у іх адных было вельмі многа ўсялякіх прыстасаванняў для ткацтва. Менавіта ў іх хаце збіраліся жанчыны і пралі кудзелю, але ўжо не пры лучыне, а пры керасінавай лямпе. Адбывалася гэта ў асноўным узімку, а па вясне і ўлетку жанчыны дружна адбівалі пранікамі кросны на беразе рэчкі, потым высушвалі іх і шылі бялізну. А шыць неслі многія да маёй матулі, бо толькі ў нас была швейная машынка «Оршанка», і мая мама славілася як добрая швачка.

Памятаю, як перад Вялікаднем, уся вёска прыбіралася: вычышчалі двары, хаты, усё вымывалася, вешалі новыя або памытыя фіранкі, а Галя, малодшая дачка «старавераў», выразала з газет ці так з якой паперы вельмі прыгожыя ўзоры  і вешала іх на вокны. Фарбавалі яйкі, пяклі булкі. Нам гэта не дазвалялася, паколькі бацькі працавалі настаўнікамі, але ўсё адно, матуля пякла булкі, а яйкамі мяне частавалі суседзі.

Самымі лепшымі нашымі сябрамі  была сям’я па вясковай мянушцы Прымачкі. Звычайныя калгаснікі было ў іх чацвёра дзяцей. Нам, сям’і настаўнікаў, не дазвалялася мець зямлі больш за 15 сотак разам з садам і падворкам, абразалі, як казаў тата, па самы парог. Не дазвалялася таксама браць у калгасе каня для апрацоўкі зямлі, ці так, для гаспадарчых работ. Нават мне, малому хлапчуку, былі незразумелымі гэткія адносіны да настаўнікаў і наогул да сельскай інтэлігенцыі. Вось у гэтым і не толькі нам дапамагаў Прымачок (царства яму нябеснае і зямля пухам). 

Што казаць, драконаўскія, незразумелыя былі законы, толькі, памятаю, пасля смерці Сталіна, калі часова, краўніком краіны стаў Малянкоў, гэта ўсё было адменена. 

Успаміны, успаміны… Яны жывуць разам з намі, яны злучаюць з мінулым, з дзяцінствам і маладосцю…

Аляксандр Рабцаў,  
жыхар Слуцка.
К списку записей раздела