Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / К 80-летию освобождения Беларуси

Трыбунал у Грэску. Успаміны сведкаў

04.04.2020
На месцы храма стаяў кінатэатр «Перамога», у якім праходзіў трыбунал.

Прымусіла мяне напісаць і адаслаць у рэдакцыю газеты гэты артыкул абяцанне ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, былым партызанам і франтавікам Антону Аляксандравічу Пуцятаву і Міхаілу Іванавічу Макаву, ураджэнцам вёскі Палікараўка Слуцкага раёна, якая 23 лютага 1943 года разам з васьмю вёскамі былога Палікараўскага сельсавета Грэскага раёна была знішчана разам з жыхарамі (спалены жывымі) падчас карнай экспедыцыі «Свята ўраджаю»-2 паліцаямі Грэскага гарнізона Слуцкай акругі і нямецкімі акупантамі.

Абяцанне знайсці і надрукаваць у газеце, хто з паліцаяў спаліў вёскі Палікараўка, Пераходы разам з жыхарамі, а таксама прозвішча чалавека, які выратаваў ад смерці некалькі сямей палікараўцаў.

У Слуцкай акрузе падчас фашысцкай акупацыі дзейнічалі некалькі ўзводаў «Яхтцуг» – спецыяльна абвучаныя паліцэйскія для знішчэння партызан і мірнага насельніцтва. Крывавыя сляды яны пакінулі на тэрыторыі Слуцкага, Грэскага, Капыльскага, Пухавіцкага, Старадарожскага, Любанскага і іншых раёнаў Беларусі. Праводзілі спланаваныя нямецкімі акупантамі акцыі, карныя аперацыі супраць мірных жыхароў у форме чырвонаармейцаў або выдавалі сябе партызанамі.

З 16 па 21 жніўня 1960 года ў Грэску праходзіў ваенны трыбунал, які разглядаў справы здраднікаў Радзімы, былых паліцэйскіх атрада «Яхтцуг» Канстанціна Елішэвіча, Мікалая Бурака, камандзіра ўзвода Сцяпана Ілясава, намесніка камандзіра ўзвода Івана Цябуса. У 1941 годзе яны пайшлі на службу к фашыстам, удзельнічалі ў карных экспедыцыях супраць партызан і мірных жыхароў Міншчыны, падчас якіх былі спалены разам з жыхарамі дзясяткі вёсак, тысячы людзей адпраўлены на катаргу ў Германію.

Я меў магчымасць азнаёміцца з архіўнымі дакументамі, якія прадаставіў адзін з дзяржаўных абвінаваўцаў на працэсе.

У ходзе трыбунала 60 чалавек далі паказанні, гэта пацярпелыя, якім цудам удалося выжыць, і былыя паліцэйскія Слуцкай акруговай паліцыі. Людзі ў зале судовага працэсу, а ён праходзіў у будынку кінатэатра «Перамога» ў Грэску, патрабавалі для падсудных вышэйшай меры пакарання – расстрэла.

Пра знішчэнне вёскі Пераходы разам з жыха    рамі расказала яе ўраджэнка Сцефаніда Дардынская, у якой у той дзень, 23 лютага 1943 года, загінулі шасцёра дзяцей і муж, а самой, цяжка параненай, лёсам было наканавана выжыць, каб праз 15 год расказаць усё на трыбунале ў Грэску і паглядзець у вочы карнікам, якія ў той дзень разам з фашыстамі знішчылі 116 жыхароў (з іх 46 дзяцей) гэтай лясной вёскі.

З расказа Сцефаніды Фёдараўны Дардынскай:


– У Пераходах было 26 дамоў, жыло 146 чалавек, вёска цягнулася адной вуліцай, шырокая і прыгожая была, навокал лес, побач рэчка Вясейка. 23 лютага ў аўторак, раніцай, гадзін у 10 нашы Пераходы акружылі паліцаі і эсэсаўцы, у чорных шынялях, на шыях ланцугі, на іх бляхі з чарапамі. У дамах жыло па 6 – 11 чалавек. Нас паліцаі выгналі з хат, мужчын, падлеткаў і дзяўчат – у адзін бок, нас з дзецьмі ў другі. Сталі рабаваць дамы. У гэты час немцы адабралі маладых мужчын, хлопцаў і дзяўчат у Германію. Я вярнулася ў хату да дзяцей – іх было шасцёра, чатыры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі, малодшаму споўніўся годзік. У хату зайшлі з аўтаматамі ў руках фашысты, я з дзецьмі стала плакаць, узяла маленькага на рукі. Я плачу, дзеці крычаць, плачуць, просяць, каб не забівалі. А яны страляць пачалі, куля адна папала мне ў плячо, другая ў скулу – выйшла навылет. Я упала,страціла прытомнасць, ачуняла – мае хлопчыкі забітыя, дзевачкі забітыя ляжаць. Усё навокал у агні, не хацела жыць, не бачыла свету навокал...

Усакавіку 1943 года начальнік Грэскай паліцыі Купа разам з камандзірам карнага атрада «Яхтцуг» Ілясавым правялі правакацыю супраць жыхароў вёскі Сцяпкоў былога Грэскага раёна. Аб гэтым на судовым працэсе расказалі сведкі той жудаснай ночы 1943 года Вольга Бенеш і Аляксандр Кудзіновіч.

– Ноч, па дарозе з Грэска едуць фурманкі з паліцэйскімі – усе ў форме чырвонаармейцаў і партызан. Спыніліся ў Сцяпкове, раздзяліліся на групы па 3 – 4 чалавекі і пайшлі па хатах. Заходзяць да нас трое, – расказваў Аляксандр Кудзіновіч, – разбудзілі ўсіх і на бацьку кажуць: «Збірайся ў партызаны!». Жадаючых стаць партызанамі знайшлося ў вёсцы нямала. Усе бралі з сабой хатні скарб, адзенне і харчы. Падводы выехалі са Сцяпкова і праз некалькі кіламетраў спыніліся. «Злазьце ўсе, – скамандаваў Ілясаў, – зараз мы вам пакажам, як ісці ў партызаны».

Толькі тады зразумелі сцяпкоўцы, што трапілі ў лавушку. Расстрэльвалі людзей з аўтаматаў і кулямётаў. Выпадкова абышла смерць Аляксандра Кудзіновіча з малодшым братам і Вольгу Беняш з 4-гадовым сынам, якога яна закрыла сваім целам ад куль.

– Вось гэты гад страляў у мяне, сваімі вачыма бачыў, – паказаў на падсуднага Ілясава сведка Аляксандр Кудзіновіч.

З паказанняў на працэсе ў Грэску Марыі Андрэеўны Лісаковіч:


– 23 лютага ў Палікараўку прыехала шмат немцаў, з імі была грэская паліцыя. Зайшоў у хату Іван Цябус і кажа, каб ратавалася і перадала людзям, што немцы будуць паліць вёску разам з жыхарамі. Я – бегчы, па мне страляюць, павярнула назад, бачу, немцы стаяць, крычаць, каб стаяла. Спачатку мужчын сабралі, потым жанчын з дзецьмі. Гоняць па вуліцы, разумею сэрцам, што яны, гады, задумалі, а зрабіць нічога не магу. Сустракаю Цябуса, прашу выратаваць мяне. Ён паднімае мяне, садзіць на сані, давай, кажа, выратую ад смерці яшчэ каго. Вывез праз ацапленне сем’і Матусевіча, Дземідовіча і яшчэ 5 сямей. З трыццаці сямі выратаваў 7 сямей у Палікараўцы. Я даехала з абозам да Шышчыц, там адстала, так засталася жыць. У той дзень у агні згарэлі 30 сямей – 96 жыхароў Палікараўкі.

Запошняга слова на ваенным трыбунале Сцяпана Ілясава:


«Прасіць паблажку за свае нечалавечыя злачынствы не магу. Заслужыў расстрэл. Прашу суд даць мне пажыццёвае пакаранне, памяняць яшчэ магчыма. Я цяпер ужо не той чалавек, які быў у гады вайны. У жніўні 1945 года атрымаў тэрмін – 25 гадоў. Працаваў на шахтах, на лесапавалах. Праз 11 з паловай гадоў вызвалілі, стаў працаваць у Данбасе на шахце. Выдалі дакументы. У адпачынку прыязджаў у Мінск. Да арышту працаваў на шахце 4 гады. Прашу суд усё гэта ўлічыць пры вынясенні прыгавору, бо я ўжо не той, кім быў у гады вайны. Тады быў лютым і злым, цяпер стаў добрым і справядлівым».

З паказанняў на трыбунале падсуднага Канстанціна Елішэвіча:

«Вінаваты перад Радзімай. Не было з кім параіцца перад тым, як запісаўся ў паліцыю, а сам быў малады, не ведаў, у чым заключаецца паліцэйская служба. Калі запісаўся ў Грэскую паліцыю, служыў у Селецку, Палікараўцы. Затым, прайшоўшы паліцэйскія курсы ў Гомелі, служыў у Грэску ва ўзводзе «Яхтцуг» пад камандай Ілясава. Часта рабілі засады на лясных дарогах супраць партызан, прымаў удзел у карных экспедыцыях супраць мірнага насельніцтва Слуцкага, Капыльскага, Грэскага, Рудзенскага, Уздзенскага раёнаў Мінскай вобласці».

Апошняе слова на трыбунале падсуднага Мікалая Бурака: «Паступіў подла, пайшоў на службу ў паліцыю к немцам, узяў у рукі зброю, забіваў непавінных людзей. Добра памятаю сваё першае злачынства на Гарэлых мастах на Случы, разам з Ілясавым збівалі і расстрэльвалі савецкіх ваеннапалонных. У Гацуку страляў у людзей, у Вынісцах расстраляў дзяўчыну... У кастрычніку 1942 года сышоў з паліцыі, схлусіўшы, што захварэў, жыў у Баранавіцкай вобласці. Але зноў мяне запісалі ў паліцыю. У гэты час на радзіме ў Сыроватным пад Селецкам забілі маіх родных – бацьку, брата, гэта зрабілі паліцаі. З Баранавіч вярнуўся ў Грэск, служыў ва ўзво-дзе «Яхтцуг». Ілясаў быў сапраўдным зверам сярод паліцэйскіх. Прызнаюся, збег з немцамі, прыняў прысягу і ваяваў супраць амерыканцаў у Францыі. Затым запісалі ў армію Уласава, прымаў удзел у баях у Чэхаславакіі пад Прагай, 11 мая 1945 года трапіў у палон. Пра службу ў Грэскай паліцыі скрыў, атрымаў 6 гадоў. Пасля працаваў у Цюмені, дзе быў затрыманы да суда 27 жніўня 1959 года. Прашу пры вынясенні прыгавора ўлічыць, што пры паступленні на службу ў паліцыю быў непаўналетнім, запісалі на службу пад прымусам, ад рук паліцэйскіх у Сыроватным загінулі мае родныя».

З допыту Івана Цябуса:

– Начальнік Грэскай раённай паліцыі прапанаваў мне ісці ў паліцыю, або мяне кінуць у астрог. Я адказаўся. Тады кінулі мяне ў астрог, білі, асабліва здзекваўся Ілясаў, праз пяць дзён сказалі мне: калі не напішу заяву на службу, расстраляюць дзяцей і жонку. Запоўніў анкету, атрымаў форму, вінтоўку з патронамі і павязку, службу павінен быў несці ў Селецку. Праз чатыры месяцы Селецкі ўчастак аб’ядналі з Палікараўскім, але і там не затрымаліся, партызаны даймалі – перавялі ў Грэск. Стаў віцэ-капралам, затым капралам – намеснікам камандзіра ўзвода ахоўнай паліцыі Грэскага гарнізона. Прымаў удзел у карнай экспедыцыі «Свята ўраджаю» 23 лютага 1943 года і іншых. Заданне атрымаў у Палікараўцы ахоўваць з узводам па перыметры вёску, нікога не выпускаць. Для сябе рашыў: пакіну каня з санямі і каго змагу – вывезу за ацапленне. Сказаў жыхару вёскі Дробышу, каб перадаў людзям, што вёску спаляць разам з жыхарамі, няхай бяруць самае неабходнае, суседзяў і яго паабяцаў вывезці.

Разам з немцамі прыбыў у Германію, прысягі не даваў, пайшоў працаваць да баўэра. Прыйшла Савецкая Армія, пра службу ў паліцыі не расказаў, думаў, што разбірацца не будуць, расстраляюць. Служыў у арміі, дэмабілізаваўся і завербаваўся на Данбас, вызваў сям’ю. Працаваў 15 год забойшчыкам на шахце да свайга арышту.



Вось што мне расказаў у Грэску ўраджэнец і жыхар вёскі Аляксандр Аляксеевіч Маскалевіч
(на здымку):

– Добра помню ваенны трыбунал 1960 года, слухаў, як праходзіў суд, на вуліцы, трансляцыя вялася з дынаміка, бо месцаў у зале не было для ўсіх жадаючых. Запомнілася як выступаў сведка Аляксандр Кудзіновіч, ён сказаў, звяртаючыся да падсудных: «Помніце, як перад расстрэлам мірных жыхароў вёскі Сцяпкоў Вольга Бенеш вам крыкнула: мы паміраем, але наша кроў не пральецца дарма, а вам не схавацца ад пакарання?».

Пра працэс успамінае Уладзімір Міхайлавіч Барысавец, ураджэнец і жыхар Грэска:


– Мой бацька Міхаіл Рыгоравіч Барысавец быў першым кіраўніком калгаса, перад вайной кіраваў машынна-трактарнай станцыяй, пайшоў на фронт у першыя дні вайны. Па загадзе цэнтральнага штаба партызынскага руху з атрадам быў накіраваны ў Грэскі раён для арганізацыі партызанскага руху. Ён быў арыштаваны грэскімі паліцэйскімі і расстраляны ў Грэску, я яго пахаваў 9 лістапада 1941 года. Добра запомніў Ілясава, Бурака, Елішэвіча, Цябуса, помню, як на трыбунале людзі прасілі расстрэлу для былых паліцэйскіх. А колькі прыязджала на працэс людзей не толькі Слуцкага, другіх раёнаў Беларусі.

Успамінае Марыя Сцяпанаўна Барысавец:


– Я ў 1960 годзе працавала настаўніцай пачатковых класаў і фізічнай культуры ў Грэскай школе, кожны дзень была на трыбунале, зала была запоўнена, я прыходзіла, займала месца загадзя, у першы дзень трыбунала канваіры падсудных правялі праз цэнтральны ўваход і ледзь стрымалі натоўп людзей, якія гатовыя былі ўчыніць самасуд. Прыйшлося іх заводзіць праз бакавы ўваход. Суддзя часта спыняў сведак, якія вельмі эмацыянальна расказвалі пра зверствы, якія паліцэйскія рабілі з мірнымі жыхарамі, патрабавалі вышэйшай меры пакарання для ўсіх падсудных. Канешне, былі на судзе і родзічы паліцэйскіх, якія спачувалі ім.

Ваенны трыбунал у Грэску выклікаў вялікі рэзананс. Хочацца, каб і сёння жыхары нашай рэспублікі-партызанкі, сінявокай Беларусі ведалі, што перажылі нашы бацькі, дзяды і бабулі, прадзяды і прабабулі ў часы ваеннага ліхалецця. Ведалі і памяталі.            
      

Вёска Пераходы не адроджана, у ліпені 1972 года тут быў адкрыты мемарыяльны комплекс у памяць аб усіх спаленых слуцкіх вёсках. Такіх 36, а 11 вёсак так і не адрадзіліся. У жывых з вёскі Пераходы засталося толькі тры чалавекі, пражываюць яны ў Расіі: адзін у Карэліі, двое ў Калінінградзе.

Ваенны трыбунал на падставе артыкула 1 Закона Саюза ССР ад 25 снежня 1958 года «Аб крымінальнай адказнасці за дзяржаўныя злачынствы» прыгаварыў падсудных Сцяпана Ілясава, 1916 года нараджэння, і Канстанціна Елішэвіча, 1923 года нараджэння, да выключнай меры пакарання – расстрэлу. Мікалай Бурак, 1924 года нараджэння, асуджаны на 15 гадоў, Іван Цябус, 1911 года нараджэння, на 10 гадоў зняволення.

«Свята ўраджаю-2» – пад такой назвай нямецка-фашысцкія акупанты правялі ў лютым карную экспедыцыю на тэрыторыі Слуцкага, Капыльскага, былога Грэскага, Пухавіцкага і Уздзенскага раёнаў. Загінулі 4 325 мясцовых жыхароў, больш за 1 300 карнікі вывезлі на катаргу ў Германію.

Васіль ЦІШКЕВІЧ,
навуковы супрацоўнік Слуцкага краязнаўчага музея.

Чытайце матэрыялы па тэме:

Спаленыя вёскі. Успамінае Ларыса Сцяпанаўна Гурыновіч – жыхарка Лучнікоў








Спаленыя вёскі. Успамінае Роза Дзянісаўна Цыганкова 
К списку записей раздела