Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / К 80-летию освобождения Беларуси

Шчасце жыць у міры

31.03.2020
 Да 75-годдзя Вялікай Перамогі «Слуцкі край» працягвае патрыятычны праект «Мы памятаем!».

Вялікая Айчынная вайна закранула кожную беларускую сям’ю. Імёны нашых землякоў, якія доблесна змагаліся з ворагам, перадаюць з пакалення ў пакаленне іх родныя і блізкія, аб іх подзвігу гавораць на ўроках гісторыі.

Запрашаем да ўдзелу ўсіх случчан. Дасылайце або прыносьце ў рэдакцыю фотаздымкі вашых родных, сваякоў, якія ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, з кароткай біяграфічнай даведкай пра іх. Ушануем разам памяць пра нашых герояў!



Трымаю ў руках пажоўклы, патрапаны ліст, спісаны няроўным почыркам, – з 1945-га... Радавы Піліп Гайшун 23 лютага 1945 напісаў з Германіі адзін з апошніх сваіх лістоў. І гэта амаль усё, што засталося ў яго чацвярых дзяцей, ды яшчэ фотаздымак.



Памятныя рэчы беражліва захоўвае жыхарка Слуцка Раіса Піліпаўна Лянеўская, адна з трох дачок Піліпа Гайшуна. Яна падзялілася дзіцячымі ўспамінамі пра Вялікую Айчынную вайну, на той час маленькай Раі было 5 гадоў...

Сям’я Гайшун жыла ў вёсцы Коўчыцы на Гомельшчыне. Сваю будучую жонку прыгажуню Надзю Піліп Гайшун, можна сказаць, выкраў у бацькоў з вёскі Новае Пашкава пад Магілёвам (хацелі  аддаць яе замуж за іншага) – каханне з першага погляду, і прывёз на сваю радзіму. Тут пабудавалі дом, нарадзіліся дзеці. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, самаму малодшаму было 2 годзікі. Сям’я зведала ўсе нягоды і жахі, якія прынесла вайна. Піліпа Пятровіча прызвалі ў войска, і пасля перамогі над ворагам дома яго так і не дачакаліся, атрымалі паведамленне, што салдат Піліп Гайшун прапаў без вестак 6 красавіка 1945...

Надзея Гайшун з чатырма дзецьмі, як і іншыя жыхары Коўчыц, ад фашыстаў ратавалася ў лесе, які быў недалёка ад вёскі.

– Пабудавалі курэнь, раскладвалі касцёр, каб пагрэцца, я помню, што зіма была, але ўжо без марозу, – расказвае Раіса Піліпаўна. – Нехта прынёс ад нас вядро мёду (тата займаўся пчоламі), і мы, малыя, яго пальчыкамі елі... А фрыцы нас усё ж знайшлі, я помню той дзень і вельмі добра, як сёння бачу, як яны выглядалі, з кароткімі аўтаматамі на шыі на рамянях. Нас усіх вывелі з нашай пабудовы, а аднаго хворага, ён сам не мог падняцца, загадалі жанчынам падняць і пасадзіць пад бярозу на купіну. А пасля... Яны яго чэргамі кулямётнымі прашылі зверху данізу, я запомніла, як плечы яго апусціліся...

Нас пагналі ў чужую вёску, загналі ў хату, помню, там старыя нейкія сядзелі. Пэўна, хацелі спаліць нас, як Хатынь. Тады і маю сястру Маню забралі ў Германію. Мама ёй і старэйшай Людзе казала, каб беглі з хаты гэтай і схаваліся. Люда пераседзела на сметніцы каля камендатуры і ўратавалася. А Маня з сяброўкай на могілках хавалася. Ды цярпення ім, мабыць, не хапіла ляжаць доўга паміж магіламі, выйшлі ды і папаліся, разам з іншымі на грузавік іх і павезлі немцы. Мама Манечку адшукала адразу пасля вайны, яна дадому вярнулася. А вось пра тату нічога і не ведаем...

У той хаце, куды нас сагналі, мы начавалі, чакалі раніцай убачыць фрыцаў. А калі адчыніліся дзверы, на парозе стаяў салдацік, наш! І ён сказаў, каб мы беглі ў бліндаж. Але і там было небяcпечна, за бліндажом стаяла, напэўна, «кацюша» і страляла па немцах. А ў наша сховішча папала граната і вырвала дзверы. Той самы салдацік нас перавёў у іншы бліндаж, ужо нямецкі. Там было вельмі чыста і ён быў двух’ярусны. Гэта слова я тады ўпершыню пачула і вельмі старалася запомніць. Частка бліндажа была пад зямлёй, а частка – над, і акенца нават... Мая сястра старэйшая здзіўляецца, што я так гэта помню, яна не запомніла.

Калі ўсё скончылася, фашыcтаў выбілі і пагналі, мы з мамай пайшлі ў нашы Коўчыцы. Вярнуліся, а на месцы дома – пажарышча. Згарэла ўсё. А я помню наш двор, агароджу, што тата ладзіў, хлеў быў вялікі, жывёла... Што было рабіць маме з намі? Пайшлі да папінай сястры. А ў іх у хаце салдаты былі ў той дзень. Яны нас, малых, на печ пасадзілі, аддалі сваю кашу...

Некаторы час мы пажылі ў бані людской, пусціў нехта з вяскоўцаў. Праз ваенкамат мама стала шукаць тату. Ён прапаў без вестак. Маме прапанавалі дапамогу: швейную машынку, карову або цялушку. Мама выбрала цёлачку. Жыць нам не было дзе, таму вырашыла мама вяртацца да сваіх на Магілёўшчыну. Завяла цёлачку спачатку, потым нас забрала. Расказвала, што каго па дарозе ні сустрэла, усе дапамагалі, падвозілі. Пражылі мы ў бабулі некаторы час, ды і свой кут патрэбен быў. Прадалі нашу кароўку і купілі хацінку на два акенцы, як шпакоўню. Ведама, час пасляваенны быў які. І голадна, і разруха... Праз нейкі час пачалі мы дом будаваць. Я пасля заканчэння шасці класаў пайшла ў калгас, каб маме дапамагчы, брат таксама рана пачаў працаваць. Такое вось жыццё ў дзяцей вайны...

На Случчыну Раіса Піліпаўна прыехала следам за сястрой. Тут працавала швачкай, а пасля атрымала педагагічную адукацыю, вывучыцца яна марыла заўсёды, і рабіла ў дзіцячым садзе.

Мы гаворым пра вайну, жыццё, жаночы лёс. Няпроста складвалася ўсё ў Раісы Піліпаўны, але ж справілася, выгадавала дзвюх дачок.

Якое гэта шчасце, жыць у міры і бачыць, як падрастаюць унукі і праўнукі, гаворыць Раіса Піліпаўна. І яны павінны ведаць і помніць, якой цаной гэта заваявана.

Ірына ВЕЧАР.


К списку записей раздела