Працалюбівыя, да ваеннай службы здатныя
02.08.2020
У фондах Слуцкага краязнаўчага музея шмат матэрыялаў, якія расказваюць пра нашых землякоў. Вялікая частка прысвечана ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Расказвае навуковы супрацоўнік музея Васіль Васільевіч Цішкевіч:– У Слуцку пражывае Віктар Захаравіч Савановіч, якому споўнілася 88 гадоў, добры сябра нашага музея, які вывучаў гісторыю сваёй малой радзімы, вёскі Лучнікі і выбранцоў (выбранцы – салдаты, якіх выбіралі ў княжацкае войска. Рослыя, фізічна развітыя, ахвочыя да вайсковай службы мужчыны. Мелі пэўныя прывілеі), збіраў матэрыялы і шчодра дзяліўся сваімі здабыткамі з музеямі Мінска, а таксама перадаў некалькі дзясяткаў экспанатаў у нашы фонды. Гэта дакументы пра выбранецкую сям’ю Савановічаў, якія расказваюць пра жыццё ў даваенны і пасляваенны час.
Беражліва захоўвае Віктар Захаравіч нумар газеты «Красное знамя» 1945 года, на пер-
шай старонцы якога фотаздымкі сям’і Савановічаў – сустрэча з бацькам Захарам Трафімавічам, які вярнуўся пасля вайны дадому, і артыкул пра яго.
Ваяваў Захар Трафімавіч Савановіч з ліпеня 1944 года. Удзельнічаў у баях ва Усходняй Прусіі, дайшоў да Берліна. На фронце змагаўся з ворагам і старэйшы сын Уладзімір, як і бацька, удзельнічаў у баях за Берлін, праўда, там не сустрэліся.
Захар Трафімавіч быў кулямётчыкам, першым нумарам станкавага кулямёта «Максім». Зброя цяжкая, таму былі пры кулямёце два байцы, удваіх пераносілі, абслугоўвалі, набівалі ленты патронамі. Двойчы быў паранены. Асабліва цаніў бацька, расказваў Віктар Захаравіч, медаль «За ўзяцце Берліна» і ордэн Славы III ступені. Такім жа ордэнам узнагароджаны і Уладзімір.
Вяртанне таты дадому добра помніцца Віктару Захаравічу: лучнікоўцы дзівіліся, што прыехаў Захар Савановіч на легкавым аўтамабілі. А прывёз яго карэспандэнт газеты, каб зрабіць матэрыял пра калгаснага брыгадзіра, яфрэйтара Савановіча. Вось што напісана ў газеце: «Гвардии ефрейтор вернулся в родное село. Хозяйским глазом осмотрел он колхозные поля, подивился тому, как жены и дети без своих мужей и отцов хорошо справились с работой. Теперь за дело! Истосковались руки по труду!». Віктар Захаравіч успамінае, бацька заўсёды казаў, што выбранцы вызначаліся працалюбствам, былі да воінскай службы здатныя, ну і статнымі былі заўсёды, дужымі. Такім быў і Захар Цімафеевіч. Адбудаваў спаленую немцамі хату, добрасумленна працаваў. Шасцёра дзяцей Савановічаў таксама выраслі годнымі людзьмі.
Віктар Захаравіч Савановіч раней жыў у Мінску, займаў пасаду намесніка дырэктара Беларускага цеплаэнергетычнага інстытута. У 2006 годзе вярнуўся на Бацькаўшчыну, каб клапаціцца пра брата-франтавіка, так і застаўся ў Слуцку.
Шчыры дзякуй яму за ўсё, што ён робіць для сваёй малой радзімы, і найлепшыя пажаданні!
Запісала Ірына ВЕЧАР.
К списку записей раздела